Пра гэту гісторыю ў Вілейскім дзяржаўным каледжы дазналіся толькі тады, калі прыйшоў ліст ад мінчанкі Галіны Драбышэўскай:

“Не магу не напiсаць гэты ліст у знак падзякі вашай навучэнцы Алёне Дубяга. 18 студзеня я выпадкова ў дызелі Гудагай-Маладзечна згубіла кашалёк з вялікай сумай грошай, трыма банкаўскім карткамі з кодамі, карткай “Еўраопт”, блакнотам з патрэбнымі запісамі. Алёна адшукала мяне па тэлефоне і бескарысліва вярнула кашалёк. Прашу адзначыць гэты рэдкі ўчынак у цяперашні час – як прыклад іншым. Жадаю гэтай дзяўчыне ўдачы і поспехаў ва ўсім. Хай у Вашым каледжы вучацца прафесіяналы справы і прыстойнасці!”.

Знайшла ўладальніцу з дапамогай нататніка

Пачалося ўсё з таго, што 18 студзеня Алёна ехала са Смаргоні на вучобу ў каледж. Калі выходзіла з цягніка ў Маладзечне, знайшла чорны кашалёк.

Каму ён належыць – не здагадаешся (толькі калі ўжо знайшла ўладальніцу, высветлілася, што тая сядзела побач і выйшла раней).

У кашальку была стопка двухсоттысячных купюр. Колькі дакладна – дзяўчына нават і не ведае, грошы не пералічвала. Яшчэ там былі банкаўскія карткі і нататнік. Адразу па прыездзе ў Вілейку стала тэлефанаваць па знойдзеных там нумарах. Урэшце патрапіла на дачку ўладальніцы кашалька. Прызначылі сустрэчу. На ёй і аддала кашалёк.

Пра гэту гісторыю распявала педагог-арганізатар каледжа Святлана Мацукевіч. Запытала яна ў Алёны, ці прыходзіла той у галаву думка пакінуць грошы сабе?

–  Ні ў якім разе, – адказала дзяўчына. – Я паставіла сябе на месца чалавека, які згубіў грошы. І мне захацелася яму дапамагчы.

 У каледжы заахвоцяць Алёну

Дзяўчына са Смаргоні вучыцца ў каледжы на першым курсе. І вучыцца добра. Асвойвае Алёна спецыяльнасці швачкі і цырульніка – ствараць прыгожыя прычоскі ёй хацелася з дзяцінства.  Прыгожа дэкламуе вершы – удзельнічала ў аглядзе мастацкай самадзейнасці.

У каледжы вырашылі за добры ўчынак заахвоціць Алёну матэрыяльна, дадала Святлана Мацукевіч.