Першая кніга з пералікам небяспечных біялагічных відаў рыхтуецца да выдання ў 2015-м – першай дэкадзе 2016 года.

З 300 чужародных для Беларусі раслін у “Чорную кнігу” ўвойдуць 52 найбольш агрэсіўныя віды. У спіс трапяць і 30 небяспечных відаў жывёл, сярод якіх сем відаў беспазваночных, тры віды рыб, амерыканская норка і янотападобны сабака.

Кнігу плануюць перавыдаваць раз на дзесяць год

Акрамя самых шкодных відаў, у “Чорнай кнізе” навукоўцы назавуць час і спосаб узнікнення так званых інвазіўных відаў на Беларусі (шкодных раслін, якія вельмі хутка распаўсюджваюцца, напрыклад, баршчэўнік). Таксама будуць адлюстраваныя спосабы барацьбы і шкода ад іх.

– Для ўнясення ў “Чорную кнігу” прычыны павінны быць важкімі, – сцвярджае загадчык лабараторыі гідрабіялогіі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Віталь Сяменчанка.

Пры акадэміі дзейнічае цэнтр па вывучэнні інвазіўных відаў, які кантралюе арэалы чужародных відаў і фіксуе з’яўленне новых.