Ад 26 студзеня ў вёсцы Даўгінава на Вілейшчыне запусцілі ў працу аўтаматызаваную радыётэлеперадаючую станцыю. Яна трансліруе ў лічбавым фармаце агульнадаступны пакет з васьмі праграм.
Гэта “Беларусь 1”, “АНТ”, “Беларусь 2”, “СТБ”, “РТР-Беларусь”, “НТВ-Беларусь”, “Беларусь 3”, “Мір”.
Трансляцыя ідзе на 44 канале. Гэтаксама як у Мядзеле і вёсцы Любань Вілейскага раёна, расказаў начальнік Мядзельскага цэху ультракароткахвалёвых радыёстанцый Міхаіл Бурак.
Што праца радыётэлеперадаючай станцыі дасць жыхарам Даўгінава і ваколіц?
– Раней жыхары Даўгінава знаходзіліся ў зоне няўпэўненага прыёму, – патлумачыў Міхаіл Бурак. – Распытвалі ў мясцовых людзей. Хто казаў, што прымаў праграмы чатыры эфірнага тэлебачання – ды з не вельмі добрай якасцю. Да таго ж аналагавае тэлебачанне цяпер паступова па краіне адключаецца. А зараз вяскоўцы могуць прыняць восем праграм у добрай якасці.
Для прыёму неабходна мець тэлевізар з убудаваным лічбавым цюнэрам ці набыць прыстаўку стандарту DVB-T. І патрэбна тэлевізійная антэна дэцыметровага дыяпазону хваль.
Разліковы радыус ахопу тэрыторыі складае каля 20 кіламетраў.
Даведка “РГ”
DVB-T – еўрапейскі стандарт эфірнага наземнага лічбавага тэлебачання.