Тое, што пра асаблівасці рыбалкі ў зімовы перыяд знялі кіно, вядома ўсім. А вось тое, што ў кожнага рыбака ёсць свая зімовая гісторыя, ведаюць далёка не ўсе.

У гэтым артыкуле мы падабралі вясёлыя і сумныя, кур’ёзныя і сур’ёзныя гісторыі рыбакоў.

Гісторыя пра тое, як шукалі патанулага сябра

Гэтай гісторыяй па­дзяліўся рыбак з Гродзеншчыны Валеры Буда.

– Паехалі мы аднойчы на рыбалку на ўсе выхадныя. Размясціліся на лёдзе, закінулі снасці ў палонкі, паставілі палаткі і палезлі грэцца. Пра “абагравальнік” на рыбалцы, думаю, расказваць падрабязна сэнсу няма. Далёка за поўнач ляглі спаць. Прачнуліся раніцай, а нашага таварыша з намі няма.

Глядзім, а ўсё яго абмундзіраванне на месцы. Ну што, думаем, патануў. Выклікалі спе­цыялістаў МНС.

Пакуль яны ехалі, вырашалі, хто будзе жонцы сябра званіць, каб паведаміць ёй пра трагедыю.

Даверылі гэту місію мне. Я тэлефаную, а на тым канцы проваду мне адказвае заспаны голас… таго самага патанулага сябра.

Як высветлілі пасля, сябар ноччу прачнуўся ад таго, што стала яму вельмі холадна. Ён вырашыў, чаго спаць на лёдзе, калі дома цёплая пасцель. Сабраўся і пайшоў пешшу дадому.

Гісторыя пра тое, як сябар вынес з вады на руках

Віталь Аноп, рыбак з Маладзечна, прыгадаў гісторыю, пасля якой ходзіць на зімовую рыбалку толькі ў выратавальнай камізэльцы.

– Аднойчы праваліўся пад лёд. Глыбіня вадаёму была невялікая, але я перапужаўся. Успомніў усе парады, што чуў  ад людзей.

Распластаўся на лёдзе і паўзком выбіраўся. Пашанцавала, выбраўся.

 Мокры дайшоў да машыны, што стаяла на некаторай адлегласці, сушыўся гадзіны дзве, а потым зноў вярнуўся на рыбалку.

І яшчэ адна гісторыя здарылася з Віталем, як кажа сам рыбак, “на апошнім лёдзе”.

– Ішлі мы на рыбалку, лёд ля вадаёма яшчэ быў трывалы. А вярталіся назад, глядзім, паўсюль разлілася вада. Ступілі некалькі крокаў – глыбока. Пайшлі троху ўправа – там вады яшчэ больш. Блукалі так кругамі. Потым адзін з нас, стаміўшыся ад бессэнсоўнай хады, спыніўся, распрануўся да трусоў і перанёс кожнага з нас на руках праз ваду.

Пасля гэтага, мы, як удзячныя сябры, знялі з сябе па адной адзежыне і надзелі на нашага смелага сябра.

Джыпы, зладзеі і фаршыраваны шчупак

Міхаіл Чабай, маладзечанскі рыбак, прыгадаў некалькі гісторый, якія здараліся і з ім самім, і пра якія расказвалі сябры на рыбалцы.

– Часам здараецца такое, што ты ўжо цягнеш рыбу з палонкі, як раптам адчуваеш пад лёдам моцны ўдар. Гэта тваю здабычу схапіў яшчэ большы драпежнік. У такім выпадку, галоўнае не разгубіцца і трымаць ля сябе багор. Пашанцуе – і ты выцягнеш з вады шчупака, ужо фаршыраванага меншым шчупачком.

Яшчэ сапраўдны рыбак ніколі не павінен губляць пільнасці. У Міхаіла на рыбалцы, пакуль той спаў, з незачыненага багажніка машыны скралі два спінінгі. А на даху машыны стаяў абутак. Цяпер яго носіць нехта іншы.

– Быў яшчэ адзін выпадак, пра які расказвалі знаёмыя, – працягвае расповед Міхаіл. – Паехалі яны ўпершыню на рыбалку аж ў Карэлію. Ну, вядома, ракі не ведалі, вырашылі дабірацца да месца рыбалкі асцярожна, па-пластунску.

Ляглі на лёд і паўзуць акуратна. Тут раптам у двух кроках ад іх на шалёнай хуткасці пранёсся вялізны джып.

Знаёмыя паднялі галаву і ўбачылі, што там на самую сярэдзіну ракі ці возера людзі ездзяць наўпрост на машынах. Вось такі тоўсты лёд у Карэліі.

Перад выхадам на лёд ацэньвайце сваё самаадчуванне

Расказвае старшыня Мядзельскага раённага таварыства выратавання на водах Дзмітры Мялешка:

– Такія выпадкі здараюцца нярэдка. Звычайна – пад вясну, калі маразоў няма, сонейка прыгрэе і людзі расслабяцца. Возьмуць з сабой спіртное, вып’юць і прыдрэмлюць ля лункі.

Глядзім – усе рыбакі пайшлі дадому, а адзін застаўся. Ды і руху каля лункі няма. Супрацоўнікі выратавальнай станцыі ідуць, правяраюць: мала што з чалавекам можа здарыцца. Падыходзяць, будзяць, праводзяць да берага. Здараецца і такое, што чалавек ужо цвёрда на нагах не трымаецца. Тэлефануем сваякам, каб забралі.

Так што, не раіў бы злоўжываць спіртным на вадаёмах.

Аднак бывае па-іншаму.

 Аднойчы глядзім – рыбак упаў са скрыні, не падымаецца. Пайшлі праверыць – кажа, што з сэрцам дрэнна.

 Выклікалі хуткую, на спецыяльнай дошцы данеслі яго да берага.  Потым аказалася, што здарыўся інфаркт.

Калі ёсць праблемы са здароўем, раіў бы рыбакам ацэньваць самаадчуванне перад выхадам на лёд. І абавязкова бярыце з сабой тэлефон, каб можна было выклікаць экстранныя службы.

Лепшая засцярога ад няшчасця – трымацца далей ад лёду

Інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Маладзечанскага ГРАНС Ксенія Таратута падрыхтавала рэкамендацыі для тых, хто ўсё ж такі апынуўся ў ледзяным палоне.

1. Не панікуйце, пастарайцеся не ныраць і не мачыць галаву. Не спрабуйце неадкладна выбрацца на лёд, паколькі ў тым месцы, дзе вы праваліліся, ён, хутчэй за ўсё, нетрывалы. Трымайцеся за край лёду.

2. Гучна клічце на дапамогу.

3. Ляжце на жывот ў позу плыўца. Пакуль паміж пластамі вашага адзення застаецца паветра, яно дапаможа вам трымацца на плыву.

4. Імкніцеся перасоў­вацца да таго краю палонкі, адкуль ідзе плынь. Дабраўшыся, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбрацца на лёд. Нават калі лёд ламаецца, усё роўна не пакідайце спробаў выбрацца.

5. Пасля таго, як асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адпаўзіце або адкаціцеся далей ад палонкі. Павольна і асцярожна паўзіце да бяспечнага месца, адштурхоў­ваючыся рукамі і нагамі.

6. Выбраўшыся на сушу, паспяшайцеся сагрэцца. Варушыцеся і рабіце сілавыя практыкаванні, пакуль не сагрэецеся.

Што рабіць, калі хтосьці праваліўся пад лёд?

– Аказанне дапамогі чалавеку, які праваліўся пад лёд, справа яшчэ больш цяжкая, чым ратаваць самога сябе, – кажа Ксенія Таратута.

Каб дапамагчы пацярпеламу і не пацярпець самому, прытрымлівайцеся наступных правілаў:

1. Ацаніце, ці зможаце вы аказаць дапамогу самастойна, або лепш паклікаць каго-небудзь яшчэ.

2. Калі паблізу нікога няма, хто б мог дапамагчы, узбройцеся палкай, вяроўкай або дошкай і асцярожна паўзіце да палонкі, раўнамерна размяркоўваючы вагу вашага цела па паверхні і штурхаючы выратавальны сродак перад сабой.

3. Наблізіўшыся на максімальна магчымую бяспечную адлегласць ад палонкі, падайце пацярпеламу палку, дошку або кіньце вяроўку.

4. Калі пачняце выцягваць пацярпелага, папрасіце яго працаваць нагамі – так будзе лягчэй выцягнуць яго з палонкі.

5. Цягніце пацярпелага ў бяспечнае месца і акажыце першую дапамогу, неабходную пры пераахаладжэнні арганізма. Выклічце “хуткую дапамогу”.

Але самая надзейная парада, – падсумавала Ксенія,  – проста не выходзьце на тонкі лёд, не падвяргайце сваё жыццё рызыцы.

У Маладзечне і Мядзеле патанулі па адным рыбаку

Мікалай Паўлушаў, старшыня Мала­дзечанскага раённага таварыства выратавання на водах, пракаментаваў, што ў мінулым годзе 8 сакавіка на Вілейскім вадасховішчы патануў адзін рыбак.

Дзмітры Мялешка, старшыня Мядзельскага раённага таварыства выратавання на водах, таксама адказаў, што ў 2014 годзе на Мядзельшчыне патануў адзін чалавек. Сёлета, на шчасце,  няшчасных выпадкаў не было.