Шчупак пацягнуў на 13 кілаграмаў 100 грамаў (для дакладнасці ўзважылі на некалькіх вагах).
Злавіў Віталь рыбіну на возеры Мястра 29 студзеня.
– Не бралася рыба цэлы дзень, пару шчупачкоў толькі было. Пад вечар, калі ўжо цямнела, здымаў стаўкі. І на апошняй сядзеў такі экзэмпляр.
Віталь Шаблыка дэманструе трафей. Фота Алеся Высоцкага.
Выцягнуць дапамог знаёмы Уладзімір Іванчэнка. Ён якраз прыйшоў паглядзець, як людзі рыбачаць. Удваіх ледзьве выцягнулі шчупака: цягнулі хвілін дваццаць. А як удалося, то на радасцях крычалі “на ўвесь Мядзел”.
– Яшчэ праз гадзіну, як выцягнулі, рукі трэсліся ад хвалявання. Бо ўсе думкі былі, каб такую рыбіну не ўпусціць, – кажа Віталь.
– І які лёс трафея?
– Галава то, зразумела, – на чучала пойдзе. Астатняе – як сям’я вырашыць.
Галава шчупака пойдзе на чучала. Фота Алеся Высоцкага.