Рыбачыць Вячаслаў Сідэрчык з дзяцінства, з 13 гадоў заняўся зімняй лоўляй. Аднак шчупака ў 13 кілаграмаў 280 грамаў злавіў упершыню.
– 24 студзеня рыбачыў на вадасховішчы каля Сосенкі, – дзеліцца радасцю рыбак пасля ўдачнага клёву. – Спачатку злавіў чатыры невялічкія рыбіны: адна на кілаграм 200 грамаў, другая – на паўтара і апошняя – на два з паловай кілаграмы. І раптам на вуду трапілася вялікая рыбіна.
Рыбак змагаўся з ёй каля 30 хвілін. Побач нікога не было, таму выцягваў сам. Гэта першы вялікі трафей у яго жыцці. Дома ўзважылі шчупака – 13 кілаграмаў 280 грамаў.
Вячаслаў Сідэрчык з трафеем. Фота забяспечана Вячаславам Сідэрчыкам.
Як расказвае мужчына, калі прынёс дамоў рыбіну, то сям’я “абалдзела ад такога шчупака”.
Галаву шчупака пасушыць і павесіць на памяць на сцяну
– Са шчупака зрабілі фарш, пасалілі ікру– жонка вельмі любіць такія бутэрброды, – расказвае мужчына.
Вячаслаў працуе на заводзе “Зеніт”. У выхадныя дні звычайна рыбачыць на Вілейскім вадасховішчы, часам ездзіць на Мядзельшчыну.
Галоўнае для рыбака – цярпенне
– Неяк само атрымалася, што пачаў рыбачыць, – расказвае мужчына. – Таксама дзед жыў недалёка ад рэчкі, што спрыяла такому занятку.
Галоўнае для рыбака – гэта цярпенне. Так лічыць рыбак з Вілейшчыны. Трэба абавязкова паспрабаваць парыбачыць, а калі спадабаецца, то абавязкова гэта справа ўцягне.
Да 1 сакавіка мужчына ловіць стаўкамі, а калі лёд яшчэ ёсць, то на вуду ловіць плотку.