За некалькі тыдняў студзеня гандлёвая сетка “Еўраопт” адкрыла 16 бясплатных аўтобусных маршрутаў у дзесяці раёнах краіны.
Яны дастаўляюць жыхароў аддаленых вёсак у раённыя цэнтры да крамаў “Еўраопт”.
Фірменныя аўтобусы з’явіліся ў Валожыне, Браславе, Ветцы, Ельску, Хойніках, Нароўлі, Слоніме, Уздзе, Старых Дарогах, Клімавічах.
Штодзень аўтобусы перавозяць каля 550 пасажыраў
Працуюць маршруты ад двух да чатырох разоў на тыдзень. За дзень, як правіла, аўтобусы паспяваюць зрабіць тры рэйсы. Праезд у раённы цэнтр для вяскоўцаў бясплатны.
На маршрутах працуюць машыны маркі “Радзіміч” беларускай вытворчасці змяшчальнасцю 40 чалавек.
“Еўраопты” могуць з’явіцца і ў вёсках
Генеральны дырэктар сеткі “Еўраопт” Філіп Арцёменка падкрэсліў:
– Ініцыятыва кампаніі носіць, перш за ўсё, сацыяльны характар. Так мы не толькі паляпшаем гандлёвае абслугоўванне ў вёсках, але і робім жыццё ў вёсцы больш прыемным і камфортным.
Па словах Філіпа Арцёменкі, сетка “Еўраопт” і надалей гатовая актыўна працаваць у вёсцы. Неаднаразова падкрэслівалася, што стацыянарныя крамы могуць быць пабудаваныя ў вёсках з насельніцтвам ад 500 чалавек, калі мясцовая ўлада закажа іх. А ў астатніх населеных пунктах гандлёвае абслугоўванне можа быць забяспечана з дапамогай аўтакрам.
Цяпер кампанія распрацоўвае новыя маршруты па сельскіх населеных пунктах у розных рэгіёнах краіны.