Ён сабраў многа дакументаў, у тым ліку ў яго захаваліся царкоўныя кнігі з мільчанскай царквы.

Па іх ён і склаў свой радавод. Таксама дапамагае іншым выхадцам з Мільчы і навакольных вёсак знайсці свае карані.

Выхадцаў з Мільчы ў Сібіры Пётр Цыгалка пачаў шукаць ад 2001 года. Нагодай для гэтага стаў фотаздымак, які ён паказаў сваячцы Ганне Судніковіч.

Віляйчане перапісваліся з сібіракамі да 1970 года

– Аднойчы быў у Заброддзі ў сваякоў, – расказвае Пётр Цыгалка. – Паказаў сваёй цётцы Ганьцы фотаздымак, на якім быў Мікалай Кур’яновіч, дэпутат Дзяржаўнай думы чацвертага склікання Расіі. Спытаўся, ці падобны гэты чалавек на некага з мясцовых. Яна прыгле­дзелася і раптам усклікнула: “Дык гэта ж Коля Бакас з Мільчы!” Так у вёсцы празвалі Мікалая Кур’яновіча. Пасля гэтага выпадку я вырашыў паспрабаваць знайсці сваякоў і аднавяскоўцаў у Тулуне.

Вера Кур'яновіч (злева) і Ганна Судніковіч (справа). Фота забяспечана Пятром Цыгалка.

Вера Кур’яновіч (злева) і Ганна Судніковіч (справа). Фота забяспечана Пятром Цыгалка.

Таксама мужчына паразмаўляў са сталымі людзьмі. Яны ўзгадалі, што іх сваякі выязджалі ў Сібір. Перапісваліся паміж сабой да 1970 года.

Вёску Усць-Кульск у Сібіры стварыў жыхар Саланога

Праз некаторы час Пётр Цыгалка даведаўся, што ў Расіі ў Тулунскім раёне Іркуцкай вобласці ёсць вёска Усць-Кульск. Аказваецца, яе заснаваў у 1896 годзе Антон Кароль з чатырма сынамі: Мікалаем, Канстанцінам, Аляксандрам і Іванам. Сям’я паходзіла з вёскі Саланое, што ў кіламетры ад Мільчы.

Трое сыноў Антона Караля былі жанатыя, толькі Іван халасты. Акрамя сям’і па прозвішчы Кароль у вёску перасяліўся і Франц Паўтарака. Лістом ён запрасіў сем’і Андрэя Праліча і Івана Мурашкіна. Яны прыехалі ў 1908 годзе.

Налічыў 19 прозвішчаў людзей, што пераехалі ў Сібір

– У 1890-х гадах у Сібір паехала шмат людзей з навакольных вёсак каля Мільчы, – расказвае Пётр Цыгалка. – Сярод іх Бурсевічы, якія паходзілі з Мільчы; Судніковічы, Карповічы, Аксючыцы – з Вардамічаў; Кізіна, Пачарней, Асаёнак – з вёскі Хацень. Таксама Бяльковічы, Паплёўкі, Станькі, Паў­таракі, Каралі, Лобані, Сідаровічы, Шавелі, Ляўко, Клусы, Мурашкі, Дашкевічы.

Усяго даследчык Мільчы налічыў 19 прозвішчаў людзей, якія пераехалі з Мільчы і навакольных вёсак у Сібір.

Ехалі ў пошуках большых надзелаў

Як тлумачыць мужчына, з’язджалі, бо ў навакольных вёсках былі вельмі маленькія надзелы зямлі – не хапала, каб пракарміць сям’ю. Ва Усць-Кульску агароды ў той час былі па 20 сажняў шырынёй (43,6 метра) і 60 даўжынёй (130,8 метра). Гэтыя памеры былі ўстаноўленыя для ўсіх перасяленцаў.

Павел Мурашкін, сын Івана Мурашкіна, узгадваў, што ў Саланым, адкуль сям’я пераехала, надзелы былі меншыя – “метраў пяць шырынёй і 100 даўжынёй”.

Перасяленец з Вілейшчыны за працай. Фота забяспечана Ірынай Аўсіевіч.

Перасяленец з Вілейшчыны за працай. Фота забяспечана Ірынай Аўсіевіч.

Голад гнаў людзей шукаць лепшай долі

У 1924 годзе прыехаў землямер Паўлаў. Ён пачаў адводзіць землі для новых перасяленцаў, якія ў пачатку дваццатых гадоў пачалі ехаць як з Расіі, так і з Украіны, Беларусі. У той час быў павальны голад.

Перасяленцы ўтварылі вёскі Паўлаўку, Калінаўку, Андрэеўку,  Аляксандраўку і Мугун.

Назвы новых вёсак – даніна памяці роднай зямлі

Першую названую вёску заснавалі людзі па прозвішчах Асаёнак і Судніковіч. Аляксандраўку – Парфён Кур’яновіч з шасцю сынамі: Васілём, Андрэем, Канстанцінам, Мікалаем, Фёдарам і Антонам. Мугун таксама заснавала сям’я Кур’яновічаў.

Вёска Паўлаўка ёсць і ў Вілейскім раёне. Яна знаходзіцца недалёка ад Мільчы.

– Напэўна, гэта даніна памяці роднай зямлі, з якой пачалося жыццё, – разважае Пётр Цыгалка. – Таму, пераехаўшы ў іншае месца, нашы землякі назвалі так і новае паселішча.

У расійскай і беларускай Паўлаўкі падобны лёс

Любоў Станько, якая цяпер жыве ў расійскай Паўлаўцы, адзначыла, што іх вёска амаль развалілася. Засталося шэсць двароў, старыя людзі даўно ўжо памерлі.

Пётр Цыгалка падзяліўся сваім болем у лісце да зямлячкі: “Прывітанне Люба! Ты пішаш, што ў вашай Паўлаўцы засталося толькі шэсць двароў. А нашу Паўлаўку, як піша пісьменнік Міхаіл Судніковіч, зруйнавалі з зямлёй. Старыя людзі памерлі, а моладзь раз’ехалася па гарадах. Цяпер на месцы вёскі каля дарогі стаіць капліца. На Вялікдзень каля яе збіраюцца былыя вяскоўцы”.

А вось Калінаўкі ў Вілейскім раёне няма, затое была Малінаўка, каля Заложына.

Снег быў у чэрвені, але прызвычайваліся і да гэтага

Ірына Аўсіевіч, якая жыве ў Тулуне, але продкі яе з Вілейшчыны, распавяла ў лісце пра жыццё перасяленцаў: “У Аляксандраўцы і Мугуне жылі беларусы. Але дакладна ведаю, што на дзвюх вуліцах Палтаўшчына і Чарнігаўшчына жылі ўкраінцы. Адна з вуліц называлася Гомельшчына.

На пустое месца ехалі людзі – вакол тайга. У канторы, дзе сустракалі прыезджых, паказвалі месцы для пасялення. Мужчыны ехалі, глядзелі, а пасля ўсе разам дабіраліся.

Паводле дзяржаўнай праграмы, людзям павінны былі нешта даваць, але атрымлівалі толькі насенне і сякеры, плуг на некалькі сем’яў. Ды пра якія плугі магла ісці гаворка, калі трэба было выкарчоўваць лес!

Першы год зімавалі ў зямлянках. Раскарчоўвалі зямлю – усё, што абробіш, тваё.

Мая бабуля расказвала, што  неяк раніцай, у чэрвені, прачнуліся, а вакол усё ў снезе. Бабы пагаласілі, паразводзілі рукамі, а рабіць няма чаго – прызвычаіліся, звыкліся. Некаторыя збяднелі, некаторыя пасля вярталіся туды, адкуль прыехалі. Аднак працалюбівыя сем’і і тыя, у якіх было многа мужчын, падняліся на ногі”.

Знайшоў землякоў у інтэрнэце

Цяпер Пётр Цыгалка кантактуе праз інтэрнэт з многімі выхадцамі з Мільчы і навакольных вёсак, якія цяпер жывуць у Сібіры. Так паступова мужчына пачаў перапісвацца з Ірынай Аўсіевіч, Юрыем Пачарнеем, Юрыем Кур’яновічам, Любай Станько.

– Любе вельмі пашанцавала, – адзначае мужчына. – Знайшлося шмат сваякоў у Мільчы, ва ўнука Міхаіла Станько захаваўся стары фотаздымак з Сібіры. Таксама я адшукаў спіс яе сваякоў, якія выязджалі ў той час з Мільчы. Сярод іх Лука, яго сыны Рыгор і Аляксандр Станько. А вось два браты Лукі Станько – Андрэй і Міхаіл – засталіся ў Мільчы. Дарэчы, мы з Любай – далёкія сваякі. Мой прадзед ажаніўся з дачкой царкоўнага старасты Якава Станько Каралінай.

Меркавалася, што сваякі былі ссыльнымі

Падчас перапіскі жанчына адказала, што ў іх Паўлаўцы жывуць Асаёнкі, Бяльковічы, Судніковічы, Казакевічы. А вось людзі з прозвішчамі Ляўко і Шавель – ва Усць-Кульску.

Яна пацвердзіла, што яе дзеда звалі Рыгор, пра­дзеда – Лука. Жанчына ведала, што іх род пахо­дзіць з Беларусі, аднак думала, што яе сваякі былі ссыльнымі.

– Мой дзед памёр рана, амаль адразу пасля вайны, – піша яна ў лісце. – Дзядуля не паспеў расказаць пра продкаў, і кантакты са сваякамі згубіліся.

Жанчына прасіла расказаць пра сваякоў з Беларусі. Пашукаўшы ў спісах, пагаварыўшы з людзьмі, Пётр Цыгалка адшукаў, што сваякі Любові Станько не былі ссыльнымі. Яны паехалі ў Сібір у час сталыпінскай рэформы ў пачатку 1900-х гадоў.

З роду Станькоў у Мільчы толькі жанчына 85 гадоў

Таксама Пётр Цыгалка распавёў пра сваякоў яе дзядзькі Міхаіла. Напрыклад, унукі Аркадзь і Яўген былі святарамі. А Андрэй і Наталля Станько атрымалі званне Праведнікаў свету за тое, што выратавалі яўрэяў у час Другой сусветнай вайны.

Цяпер у Мільчы са Станькоў засталася толькі Вера Станько, якой 85 гадоў.

Шукалі звесткі пра дзеда, але безвынікова

Юры Кур’яновіч, якога Пётр Цыгалка таксама знайшоў па інтэрнэце, адзначыў, што той вельмі падобны на Міхаіла Кур’яновіча, які жыве ў Мільчы.

Юры, які цяпер жыве ў Омску, узгадаў, што яго продкі паходзяць з Саланога.

На фотаздымку сям’я Кур’яновіч: Марына і яе муж Фёдар, іх дачка Таццяна з чатырма сынамі, іх сын Міхаіл з жонкай Фёклай, суседзі сям’і Кур’яновіч. Фота забяспечана Ірынай Аўсіевіч.

На фотаздымку сям’я Кур’яновіч: Марына і яе муж Фёдар, іх дачка Таццяна з чатырма сынамі, іх сын Міхаіл з жонкай Фёклай, суседзі сям’і Кур’яновіч. Фота забяспечана Ірынай Аўсіевіч.

– 90-гадовы Аркадзь Кур’яновіч сказаў мне пры сустрэчы, што радаслоўная Юрыя пачынаецца ад Фёдара Кур’яновіча, – расказвае Пётр Цыгалка. – Я пачаў правяраць па царкоўных кнігах, напісаў пра гэта Юрыю. Адзначыў, што яго сваякі і цяпер жывуць у Мільчы. 

Мужчына ведаў, што Мікалай – гэта яго дзед, звесткі пра яго сям’я вельмі доўга шукала: “Пісалі паўсюль, нават да Масквы дабраліся, аднак безвынікова”.

Вывучае царкоўныя кнігі і знаходзіць там памылкі

Па царкоўных кнігах Пётр Цыгалка высветліў, што яго дзядулю Ягора і Ягорава брата Мікалая расстралялі ў 1938 годзе ў Краснаярску.

Таксама даследчык Мільчы заўважыў, што ў месцы нараджэння Ягора Кур’яновіча дапусцілі памылку. Запісанае сяло Мальчанскае Мінскай губерні, а трэба Мільчанскае.

Пётр Цыгалка і цяпер працягвае адшукваць і кантактаваць са сваякамі і аднавяскоўцамі, якія жывуць ва Усць-Кульску, Паўлаўцы, Калінаўцы, Андрэеўцы,  Аляксандраўцы і Мугуне.

Даведка “РГ”. Сажань – 2,18 метра.