Урачыстае адкрыццё дома сямейнага тыпу ў Насілаве адбылося ў пятніцу, 30 студзеня.

Новы дом адразу вылучаецца яркім сонечным колерам. Ён двухпавярховы, з некалькімі балконамі. У ім чатыры дзіцячыя пакоі, спальня, хол, пральня, гардэробная, некалькі санвузлоў. Сям’я засялілася ў цалкам уладкаваны дом з мэбляй, бытавой тэхнікай, а каля канапы дзетак чакала горка падарункаў.

У дом запрасілі Вольгу і Сяргея Шчурскіх. Вольга мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Сяргей − індывідуальны прадпрымальнік. Яны пражылі разам 15 год перш чым рашыліся стаць прыёмнымі бацькамі. З сацыяльна-педагагічнага цэнтра прынялі на выхаванне Паўла, Улада, Вадзіма, Ілью і Віку. Усе дзеткі аднаго ўзросту.

На ўрачыстым адкрыцці прывіталі гаспадароў старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, якія пажадалі сям’і жыць утульна і дружна.

Як паведаміла галоўны спецыяліст сектара па выхаванні і сацыяльнай рабоце Ірына Шыцік, на дом выдаткавана тры з паловай мільярды рублёў. З іх паўтара мільярда – з рэспублі­кан­скага бюд­жэту, два − з мясцовага. Будаўніцтва пачалі ад жніўня 2014 года.

Грошы на мэблю і тэхніку пайшлі з мясцовага бюджэту. Дапамагла і акцыя “Нашы дзеці” сярод работнікаў аддзела адукацыі.

Гэта другі дзіцячы дом сямейнага тыпу ў раёне пасля чысцінскага.

“Мы яшчэ нібы ў зале чакання”

Мы распыталі ў мамы Вольгі Русланаўны, як прайшоў першы тыдзень у новым доме:

− Мы не расчараваліся. Усяму вучымся разам, быць мамай не так і цяжка. Цяпер усталёўваем правілы паводзін: есці толькі на кухні, не хадзіць з ежай па ўсім доме, чысціць зубы, днём − ціхая гадзіна. Вечары праходзяць так, што трасецца лесвіца і ўвесь дом гудзіць. Адносіны паміж дзецьмі – як у звычайнай сям’і: гуляюць, сябруюць, спрачаюцца.

Калі адзін “накасячыць”, ніхто не прызнаецца, і адзін аднаго не здаюць. Адсюль яшчэ адно правіла: “накасячыў” адзін – выпраўляюць усе разам. У адным пакоі пасяліліся Віка з братам, астатнія трое хлопчыкаў – у іншым. У дзічячым пакоі стаіць этажэрка. Звычайная карціна падчас ціхай гадзіны знайсці хлопчыкаў, якія спяць проста на ёй (смяецца). Пакуль пра сны, якія сняцца на новым месцы, дзеці не гавораць. Яшчэ баяцца адкрывацца.

Першы тыдзень прыглядаемся адзін да аднаго. Нібы ў зале чакання: чагосьці чакаюць яны, чагосьці – мы.

Што трэба ведаць кандыдатам у бацькі-выхавальнікі

Дзіцячы дом ся­мей­нага тыпу − гэта сям’я, якая прыняла на выхаванне ад пяці да дзесяці дзяцей-сірот ці дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Муж і жонка выконваюць абавязкі выхавальнікаў паводле дагавора.

Час працы ў якасці бацькоў-выхавальнікаў залічваецца ў агульны працоўны стаж. Бацькі становяцца педагагічнымі работнікамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, маюць права на адпачынак, прэміі. За прыёмнымі дзецьмі захоўваюцца ўсе льготы і сацыяльныя гарантыі.