Ён выйграў Алімпіяду з сусветным рэкордам, у разгар “халоднай вайны” паціскаў руку амерыканскім салдатам, аб’ехаў увесь свет і завёз у Беларусь аліўкавы алей.

Ён – алімпійскі чэмпіён 1988 года ў Сеуле па скачках у вышыню Генадзь Аўдзеенка. У яго роднай Адэсе яму не давалі ступіць ні кроку, пазнавалі ў Маскве. Ён і цяпер сябруе з Сяргеем Бубкам і Рудольфам Паварніцыным. Жыве непадалёк ад Маладзечна і працуе настаўнікам фізкультуры ў 8-й школе.

Але паміж Алімпіядай у Сеуле і школай у Маладзечне вялікі шлях, пра які Генадзь Аўдзеенка і расказаў “Рэгіянальнай газеце”. Пры гэтым, па словах чэмпіёна, пра некаторыя рэчы ён гаворыць упершыню.

Каб выйграць чэмпіянат свету, трэба раззлавацца

Алімпіяду Генадзь Аўдзеенка выйграў, калі яму было 25 гадоў. Да гэтага, прызнаецца сам, ён ужо адчуў смак перамогі, і эйфарыі ад залатога медаля не было.

А вось першую асалоду ад перамогі памятае дакладна. Гэта было ў Адэсе, калі Генадзь вучыўся ў другім класе. На школьных спаборніцтвах ён скокнуў у даўжыню і атрымаў першую грамату:

– Я да гэтага памятаю, як бег дамоў і праз увесь двор крычаў маме: “Мама, мне далі грамату”.

Тая перамога вызначыла ўвесь лёс.

Рост Генадзя Аўдзеенкі – 2 м 04 см.

У 19 гадоў Генадзь стаў чэмпіёнам свету. Чэмпіянат праходзіў у Хельсінкі. Калі Генадзю трэба было выходзіць на старт, для ўсёй Фінляндыі адбылася значная падзея. Ціна Лілак, фінская спартсменка, стала чэмпіёнкай свету.

– Помню, як я рыхтуюся да старту, а побач бяжыць Ціна са сцягам Фінляндыі, увесь стадыён, а гэта 100 тысяч народу, крычыць, вітае сваю гераіню. Я паказваю суддзям, што не магу скакаць, мне перашка­джаюць.  Суддзя даў адмашку. Ах так, думаю я, ну вось вам! І скокнуў на 2 метры 32 сантыметры.

У інтэрв’ю расказваў, што на Алімпіядзе ў ЗША нам выступаць небяспечна

З чэмпіянату свету да алімпійскага п’едэстала ў жыцці Генадзя Аўдзеенкі прайшло пяць гадоў.

– На Алімпіяду-84 мы не паехалі. Рыхтаваліся, але ў апошні момант стала вядома, што Савецкі Саюз байкатуе Алімпіяду ў Лос-Анджэлесе. Нам, спартсменам, ад кіраўніцтва было заданне “правільна” адказваць на пытанні прэсы.

Я даваў інтэрв’ю, і на пытанне, чаму не едзем, адказваў, што мы ў Амерыцы бу­дзем неабароненыя. Вось выйдзем на стадыён, а нас з трыбун застрэляць з кулямёта.

Цяпер смешна пра тое ўспамінаць.

І на чэмпіянаце свету ў Сеуле была цікавая гісторыя. У 1987 годзе ў СССР і Карэі не было дыпламатычных адносін. Хто памятае, у 1983 го­дзе савецкі знішчальнік збіў карэйскі пасажырскі боінг. Адносіны паміж краінамі сталі нацягнутымі.

– Мы прыляцелі ў Сеул у 1987 годзе. У аэра­порце нас сустрэлі амерыканскія цемнаскурыя салдаты. Яны па­чулі рускую гаворку і падышлі да нас у такім захапленні. Відаць, ім да гэтага расказвалі, што ў Савецкім Саюзе жывуць мядзведзі.

11 тысяч долараў і трохпакаёвая кватэра за алімпійскі медаль

– Памятаеце, колькі грошай атрымалі за перамогу на Алімпіядзе?

– Так. У 1983 годзе за чэмпіянат свету прэмія была 1178 рублёў і 80 капеек. А за Алімпіяду абяцалі 12 тысяч рублёў, а заплацілі ў доларах. У Сеуле выдалі чатыры тысячы, і потым дома яшчэ сем тысяч долараў. Ад кіраўніцтва краіны атрымаў трохпакаёвую кватэру ў Адэсе. Адразу машыну купіў. Пасля Карэі мы паехалі ў Японію. Адтуль прывёз кучу тэхнікі: магнітафон, відэакамеру і гэтак далей.

Асабовы рэкорд Генадзя Аўдзеенкі ў скачках у вышыню – 2 м 38 см.

– Тады здавалася, – працягвае Генадзь, – што дзяржава будзе ўсё жыццё забяспечваць. Былі грошы. Былі рахункі ў банку, якія зніклі за адну ноч.

– А дзе цяпер ваш алімпійскі медаль?

– У адным інтэрв’ю я сказаў, што дома ў шуфлядзе захоўваю. Сябры прачыталі і кажуць: “Ты што, дурань, такую каштоўнасць дома захоў­ваць”. Паслухаўся, аднёс у банкаўскую скрыню.

У пачатку 90-х гадоў Генадзь Аўдзеенка пераехаў у Беларусь. Пра прычыны такога рашэння ён не раскрывае.

Генадзь абаснаваўся ў вёсцы Капачы на Мала­дзечаншчыне. Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры, якую давялося спыніцьць з-за траўмаў, Генадзь сур’ёзна заняўся бізнесам. Прывозілі тэхніку, спартыўнае харчаванне.

Вы мне прадалі прагорклы алей!

Генадзь быў першым бізнесменам, хто стаў вазіць у Беларусь аліўкавы алей.

– Вазілі яго з Масквы, былі прапановы вазіць напрамую з Іспаніі, але там трэба было закупляцца вялікімі партыямі, літаральна цэлымі вагонамі. А аліўкавы алей тут у пачатку 90-х не ішоў. Быў у мяне выпадак, калі да мяне з прэтэнзіяй прыйшла бабуля, якая купіла ў мяне той алей. “Вы мне прадалі прагорклы алей!” – кажа яна. Я тлумачу, што алей першага адціскання трошку гарчыць. Гэта нармальна. Дзе там! Нічога не даказаць!

А праз некаторы час і некаторыя няўдалыя спробы бізнесу Генадзь зразумеў, што бізнес – гэта не яго. Надта блізка ўсё прымае да сэрца, некалькі разоў трапляў у бальніцу. Давялося стаць трэнерам.

Толькі мясарубка выхавае сапраўднага спартсмена

– Я здзіўляюся сучаснай моладзі. Ім жа цяпер нічога не трэба! А між тым, толькі праца, толькі намаганні выхаваюць чэмпіёна.

Рэжым для спартсмена – гэта ўсё. Некалькі гадоў 1 студзеня Генадзь прыходзіў у манеж трэніравацца.

– Вартаўнік здзіўляўся, як я на раніцу пасля Новага года магу прыходзіць у спартзалу.

– У адным з інтэрв’ю хакеіст Аляксей Калюжны сказаў, што толькі мясарубка можа выхаваць спартсмена. Я з ім згодны на 100%. Узгадайце хакейнага трэнера Тарасава, якія ў яго трэніроўкі былі? Затое і імёны якія! Той жа Мірановіч у гандболе.

З той жа прычыны я не люблю наш футбол. Таму што футбалісты ўсе гультаі.

– А як ацэньваеце сённяшнюю сітуацыю ў беларускім спорце?

– Усё блага. Да нас у ДЮСШ, пакуль я працаваў трэнерам, ні разу не прыехала спартыўнае кіраўніцтва краіны. Не спытаўся ніхто, як мы жывём, якія ў нас праблемы. 

Тое, што ў нашым манежы ляжыць пакрыццё да кароўнікаў, гэта вядома ўсім.

Спорт у Беларусі не папулярны.  Я нават даваў аб’яву на тэлебачанне, што алімпійскі чэмпіён набірае групу дзяцей. І, ведаеце, ніхто не пазваніў. 

– А выйсце з такой сітуацыі ёсць?

– Рабіць спорт масавым. У кожным двары адкрываць спортпляцоў­кі. Папулярызаваць спорт. А то, ведаеце, як у нас набіраюць спартсменаў? Па прынцыпе: “Алё. Мы шукаем таленты!”. А спартсмена трэба выхоў­ваць. І формулу поспеху я даўно вынайшаў з уласнага досведу. Гэта талент + трэніроўкі + моц духу. А спартсмены ў Беларусі – гэта адзінкавыя яскравыя зорачкі, пад якіх усё падпарадкоўваецца. Але іх час неў­забаве пройдзе. І што будзе з юнацкім спортам? Што?