Цікавіцеся, як даўней пяклі хлеб? То вам да Галіны Каўрус, жыхаркі вёскі Чарэмшыцы на Мядзельшчыне.

Спечаныя ёй па старым рэцэпце боханы ўпрыгожвалі не толькі сямейны стол, а і калгасныя і раённыя святы. А яшчэ ўпадабалі чарэмшыцкі хлеб першая касманаўтка Валянціна Церашкова і оперная спявачка Алена Абразцова.

Хлебам частавалі касманаўтаў

Валянціна Церашкова. Фота techno.bigmir.net

Валянціна Церашкова. Фота techno.bigmir.net

Неяк у пачатку 80-х Валянціна Церашкова адпачывала ў санаторыі “Сосны” ля Мядзела. Захацелася ёй вясковага хлеба пакаштаваць. Прывезлі да Галіны   Каўрус:

– Так і пайшло знаёмства. Церашкова два разы прыязджала. Аднойчы разам з ёй Алена Абразцова была. Тая ля дома нават праспявала.

Галіна Каўрус ездзіла ў госці да першай ў свеце жанчыны-касманаўткі ў Зорны гарадок. Вядома, туды хлеб прывезла. Ім Церашкова частавала сяброў-касманаўтаў.

 Можна выказаць здагадку, чаму Валянціне Церашковай так хацелася з’есці вясковага хлеба. Яе бацькі родам з Беларусі. Прыгадвала Валянціна, што мама спявала  калыханкі на беларускай мове. У адным з інтэрв’ю расказвала: “Я пайшла ў першы клас у Яраслаўлі пасля вайны і казала не “открой дверь”, а “адчыні”.

На хлеб скублі верас

Галіна навучылася пячы хлеб дома, калі дапамагала маме. Прыгадвае, як было цяжка пасля вайны:

– Не было з чаго хлеб пячы. Верас скублі, дадавалі, бо мукі не хапала. І як прыйшлі ў калгас рабіць, таксама з чаго было той хлеб пячы?! Сто грамаў жыта на працадзень заробім – і ўсё. Хто меў капейку, ездзіў у Маладэчна за хлебам. А калі калгасы пачалі развівацца, мукі ўдосталь з’явілася. У Чарэмшыцах хлеб усе пяклі.  

Але той час даўно ўжо мінуў.

– Цяпер то не пякуць. Можа, дзежачкі парассыпаліся ды і людзі пастарэлі, – разважае Галіна. – А мне хочацца пячы свой хлеб: так прывыкла.

Ды і наша гераіня ўжо 86 год мае. Апошнім часам толькі да гадавых святаў хлеб пячэ. Сёлета зусім не пякла: здароўе падводзіць. Але спадзяецца, што яшчэ “памаленьку, сяды-тады спячэ”:

– Усё для гэтага ў мяне ёсць. Так хочацца ў царкву ў Чысты чацвер перад Вялікаднем свой хлеб прынесці. Такі закон даўні: і з мамай насіла, і сама.

 Яшчэ хацела б паслаць бохан Леаніду Якубовічу з “Поля цудаў”: так уразіў яе адзін момант з перадачы. Якубовічу пекар прывёз у падарунак шыкоўныя пірагі, а той папрасіў: ”Каб ты мне яшчэ даўнейшага хлеба прывёз, хоць скарыначку панюхаць”.

“Шчыры натуральны хлеб”

Прытрымліваецца Галіна Барысаўна старога рэцэпту:

– Як запомніла, па-дамашняму. І пры партызанах так пёкся, і потым.  Старадаўняя кісля трымаецца.

Хлеб у яе без дражджэй. Проста бярэ жытнюю муку з вадой.

– Усё на вока, – прызнаецца. – Перш раўгеню раблю. Мучыцу запарваю, лью ў дзяжу. Раней жылі з раўгенькі: елі бульбачку ці кашу з гэтай жыжкай. А на гушчы рашчынялі хлеб. Укісае суткі ці двое – у залежнасці, якое цяпло. Соль укіну. Замяшу. Усярэдзіну кмен, кроп кладу. І зверху кменам хлеб пасыпаю. Аеру падкладаю ўніз – надта пахне. У печ саджаю, перажываю: каб упёкся, каб не сыры быў ці не падгарэў. Атрымліваецца шчыры натуральны аржаны хлеб – як раней, без ніякіх дадаткаў.

Што трэба, каб смачны хлеб выйшаў?

– Каб добра ўкіс, каб кісля свая ў ім была. Сакрэт тут невялікі. Трэба мець сваё паняцце – і ўсё.

“Станеш кроіць – водар на увесь дом”

Звычайна жанчына пякла сем боханаў.

– А булачкі па тры кілі – формачкі такія паробленыя. Хлеб і дзве нядзелькі ляжыць – ніякай сівізны. Трохі прычарсцвее. Але чэрствы ён яшчэ больш смачны і, кажуць, карысны.

А чым ад крамнага ваш хлеб адрозніваецца?

– Кісля смачная. Ды водар які! Пяку хлеб – на вуліцы пахне. Дым жа праз комін ідзе. Станеш кроіць – водар на увесь дом. Ніхто мой хлеб не ганіў, усім ён падабаўся. Як еду у бальніцу – заўсёды сухарыкі ў мяне пасушаныя. Пачастую – хто з бабулек ранейшыя часы ўспомніць.

Чулі, што мода хлеб пячы вяртаецца. Спецыяльныя прыстасаванні – хлебапечкі папулярныя. Сабе такую не хочаце?

– Пэўна, мой рэцэпт туды не ідзе. Я паслухала: там ужо напісана, колькі чаго трэба. А кіслі, раўгенькі – няма. Мяне частавалі такім хлебам. Ён смачны  – але без кіслі, салодкі як блін.

Даведка “РГ”. Раўгеня – кісла-салодкая рэдкая мучная страва. Жытнюю муку размешвалі халоднай вадой, ставілі ў печ парыцца і саладжаць. Потым вылівалі ў хлебную дзежку, каб укісала. Калі раўгеня ўкісне (кажуць яшчэ “паходзіць”), яе ядуць. Вядома на паўночным захадзе Беларусі. У Мядзельскім, Браслаўскім раёнах раўгеню рабілі зусім рэдкай і пілі, як квас. Часам на раўгені рашчынялі хлеб.

Паводле rv-blr.com