У яго засталіся жонка, гадавалае дзіця і маці.

Дзяніс Шульгач больш за два гады працаваў кіроўцам у дзяжурна-аператыўнай службе ў Вілейцы. Тут ён і жыў разам з сям’ёй.

– Ён быў сапраўдны, – гаворыць начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Дударчык. – Шчыры, спагадлівы, добры. У ім не было ні граму фальшы, падробкі. Папросіш – дапаможа, зробіць. Выдатны чалавек. На развітанні з ім было шмат слёз. Мужчыны плакалі, я не кажу пра жанчын.

Развітацца прыйшоў амаль увесь аддзел.

Цяпер у калектыве абмяркоўваюць далейшую дапамогу сям’і.

Смерць 25-гадовага міліцыянера ўспрымаюць, як гераічны ўчынак. П’яны кіроўца, які ў яго ўехаў, збіраўся праз увесь горад на машыне вяртацца дамоў. І невядома, што яшчэ магло стаць яму перашкодай.

Аварыя, што забрала жыццё Дзяніса Шульгача, здарылася 3 лютага на скрыжаванні вуліц Піянерскай і 1 Мая ў Вілейцы. У мікрааўтобус “Газ-Собаль”, які рухаўся па галоўнай дарозе, урэзаўся аўтамабіль “Кіа-Шума”. Ён выехаў з другараднай і не прапусціў мікрааўтобус. Ад удару “Газэль” перакулілася на бок.

Як распавёў намеснік пракурора Вілейскага раёна Віктар Гатоўка, 6 лютага пракуратура дазволіла ўзяць пад варту 22-гадовага кіроўцу “Кіа-Шума”. На гэты момант ён знаходзіўся ў Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы.

У адносінах да кіроўцы “Кіа-Шума” Вілейскі райаддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.

Падазраваны можа быць пакараны пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі год з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.