Маладзечна прыме два матчы XI Чэмпіянату свету па футзале, які пройдзе ў Беларусі ў красавіку. У Маладзечне згуляюць камады з Бразіліі, Аўстраліі, Марока і Бельгіі.
Матчы пройдуць у спартыўна-забаўляльным цэнтры 18 і 19 красавіка. Сам жа чэмпіянат краіна будзе прымаць ад 17 да 25 красавіка.
18 красавіка ў 16:00 пачнецца гульня паміж камандамі групы В – Бельгіяй і Марока.
19 красавіка ў 16:00 пройдзе сустрэча камандаў групы А. На маладзечанскую пляцоўку выйдуць зборныя Бразіліі і Аўстраліі.
Зборная Беларусі згуляе ў групе А. Сапернікамі Беларусі ў падгрупе А стануць зборныя Уругвая, Бразіліі і Аўстраліі.
18 красавіка перад сустрэчай Бельгія-Марока адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Чэмпіянату свету ў нашым горадзе. Цяпер рыхтуецца культурная праграма адкрыцця.
Пытанне, колькі будуць каштаваць білеты на матчы ў Маладзечне, пакуль не вырашанае. У Мінску яны сфарміраваныя – у сталіцы цэны на білеты будуць ад 60 тысяч да 110 тысяч рублёў. Сёння сайт ticketpro прапаноўвае набыць іх на матчы, якія пройдуць у Мінску і Пінску.
Што такое футзал?
Футзалам называюць два розныя камандныя віды спорту, у якія іграюць мячом: міні-футбол або футзал (ФІФА) – від спорту, спаборніцтвы па якім праводзяцца пад эгідай ФІФА, ці футбол у залах, або футзал (AMF) – від спорту, спаборніцтвы па якім праводзяцца пад эгідай AMF.
Чэмпіянат-2015 пройдзе пад эгідай AMF.
Гэты від спорту гістарычна называўся футзал і быў створаны раней міні-футбола ФІФА, пасля афіцыйна перайменаванага у футзал. Першыя правілы да гульні ў футзал былі сфармуляваныя ў 1930 годзе ва Уругваі.
Беларускія каманды пачалі гуляць у футзал з 1992 года.
Усяго праведзена адзінаццаць чэмпіянатаў і розыгрышаў Кубка Беларусі па футзале.
Першым чэмпіёнам краіны стала каманда “Белкард” (Гродна). Ад 1999 года праводзяцца адкрытыя чэмпіянаты Рэспублікі Беларусь сярод жаночых камандаў.
Зборная каманда Беларусі ўдзельнічала ў цэлым шэрагу міжнародных турніраў, у тым ліку ў чэмпіянаце свету 1994 года ў Аргенціне (11 месца з 24), чэмпіянаце Еўропы – 95 (7 месца).
Беларусь уваходзіць у пяцёрку мацнейшых камандаў свету.
У 1997 годзе нацыянальная зборная каманда на VI чэмпіянаце свету ў Мексіцы заняла сёмае месца з 20-ці. На VII чэмпіянаце свету ў Балівіі (2000 год) беларусы занялі 8 месца (удзельнічала 16 камандаў). На чэмпіянаце Еўропы 1998 года, які праходзіў у Славакіі, зборная Рэспублікі Беларусь заняла 4-е месца.
– У лістападзе 2004 года на чарговым чэмпіянаце Еўропы зборная каманда Рэспублікі Беларусь заваявала залатыя медалі. Чэмпіянат праходзіў у Баранавічах, – піша сайт беларускай федэрацыі футзала: futsalbelarus.by.