Калі ў вас ёсць праблема з алкаголем, паспрабуйце на сабе, ці спрацуе цуд АА.

“РГ” некалькі год запар распавядае пра поспехі маладзечанскай суполкі АА. Сёлета на сходзе карэспандэнт “РГ” заўважыла, што пабольшала ўдзель­нікаў да 30 год, прыйшлі два чалавекі з наркатычнай залежнасцю, чацвёра з дзесяці прысутных – жанчыны.

На сход групы падтрымкі ананімных алкаголікаў (АА) прыхо­дзяць мужчыны і жанчыны, якія зразумелі, што залежнасць ад алкаголю робіць іх жыццё жахлівым, а самі яны не ў сілах справіцца з праблемай. Яны збіраюцца разам, каб распавесці пра перажытае, пераадоленае, поспехі і клопаты. Дзякуючы групе некаторыя ўдзельнікі змаглі ўжо некалькі год трымацца цвярозасці. Каб натхніць тых алкаголікаў, якія пакутуюць на хваробу, яны распавядаюць свае гісторыі.

Света

Алкаголь быў заўсёды ў маім жыцці. Потым пачаліся запоі, вельмі цяжкія выхады. Трапіла ў рэанімацыю, рэабілітацыйны цэнтр. Там і даведалася пра групу АА. Год таму прыйшла ў групу ўпершыню. За гэты час быў ­адзін, але вельмі цяжкі зрыў. Чым даўжэй у цвярозасці, тым больш цяжкі зрыў.

За час цвярозасці маё жыццё перавярнулася, нават думкі сталі іншыя. Цяпер алкаголь не хвалюе мяне зусім. Нават калі знаходжуся ў кампаніі, дзе п’юць.

За год дасягнула вельмі многага: наладзіла бізнес, купіла машыну і кватэру. Усё цяпер па-іншаму, таму што цвярозасць – гэта іншы свет.

Косця

У групу прыйшоў, толькі каб мог сам сабе шчыра сказаць, што паспрабаваў усё. Сказалі, што можа адбыцца цуд. Я не верыў, але лепш жа шкадаваць аб тым, што зрабіў, чым аб нязробленым.

Прыйшоў – і я афігеў. Я не разумею, як гэта працуе, ды мне і без розніцы. Галоўнае, што працуе. Залатая мара любога алкаголіка – кантраляваць ужыванне спіртнога. Цяпер я нічога не хачу, звязанага з алкаголем. Жартую, што я рэчыўны доказ гэтага цуда АА.

Некаторыя выздараўліваюць таму, што баяцца дна. А я люблю радавацца, сумаваць, перажываць усе пачуцці цвярозым.

Сяргей

Спачатку алкаголь прыцягваў тым, што адчуваў сябе разняволеным, асабліва з дзяўчатамі. Пачаў зацягваць. Стварылася сям’я, пасля распалася. Ва ўсіх праблемах вінаваціў іншых. Пачаліся прагулы, праблемы са здароўем.

Прыйшоў сюды – і нешта здарылася. На сёння мая цвярозасць – два гады і сем месяцаў. Толькі дзякуючы групе. Стаў спакойным, ураўнаважаным, перастаў вінаваціць іншых. Першая чарка вядзе да запою, а цяпер мне гэта нецікава. Не хачу чакаць, калі закончыцца кадзіроўка. Хачу прачынацца кожную раніцу цвярозым, гэта будзе маёй работай на ўсё далейшае жыццё.

Узамен атрымаў многае – давер на рабоце, дзеці так класна да мяне ставяцца. Я стаў патрэбным. На сходзе АА я сустрэў сваю другую палавіну.

Фота konuss.livejournal.com.

Фота konuss.livejournal.com.

Оля

Не хацела прызнаваць, што алкагалічка, цяжка было сказаць ўслых. Запоі ўсё часцей, пустыя абяцанні дзецям. Яны ўсё прасілі: “Мама, ну калі ты спынішся”. Мне сказалі проста хадзіць – і атрымаю цуд. Ну, хадзіла. Потым падумала, ай, паклею лепш шпалеры дома. Мяне накрыла праз некалькі тыдняў. Прывяло ў шаленства, што мая другая палавіна не так наклеіла палоску. І я пайшла ў запой, выхад быў вельмі жорсткі. Зразумела, што мне без розніцы, з кім піць, дзе спаць, абы выпіць.

Я вярнулася і пачала выконваць праграму выздараўлення. Што за яна, чаму дапамагае? Нас трымае патрэбнасць адзін у адным. Знайшла тут Сяргея, месяц таму распісаліся.

Коля

Клаўся спаць з бутэлькай пад падушкай. Паставіў крыж на сабе. Жыць не хацелася. Пасля “Навінак” прыйшоў сюды. Год і пяць месяцаў цвярозы.

Наташа

Бацькі здзіўляліся, што ў 25 год ужо пабыла ў “Навінках”. Даказвала, што я ж хворы чалавек, адчапіцеся. Пасля апошняга запою прыпаўзла дамоў, а раніцай – у наркалогію. Папрасілася ў рэабілітацыю, бо край. Тата адвёз. Пасля прыйшла ў групу. Спачатку ленавалася хадзіць – і праз ты­дзень у санях. Вырашыла шчыра працаваць над праграмай выздараўлення.

Як і абяцалі, пачаліся цуды. Такіх падарункаў лёсу я не мела ніколі. Раней, як толькі не так паглядзелі на рабоце, – крыўда, трэба пайсці вярнуць раўнавагу чаркай.

Цяпер спакойная. Нават бацькі заўважылі, як змянілася за паўгода, мама нават слязу можа пусціць.

Дзіма

Мне было важна, што група нерэлігійная, некамерцыйная, ёй ад мяне нічога не трэба. Мая залежнасць – наркотыкі, алкаголь. Восем год актыўная залежнасць, апошнія гады прымаў штодзень. Пераважна цяжкія наркотыкі. Дактары мне не маглі дапамагчы. Я не мог спыніцца, хаця вельмі хацеў завязаць. Не разумеў, чаму так адбываецца.

Я сыходзіў ад рэальнасці, так было прасцей, менш страху. Усё маё жыццё гаворыць, што, колькі б ні быў цвярозы, дастаткова аднойчы згубіць кантроль, каб вярнуцца да залежнасці. Таму я тут.

Чэх

Сваю цыстэрну я выпіў, было тры кадзіроўкі, падшыўка, “Навінкі”. Нічога мне не дапамагала. На групе тры гады і пяць месяцаў.

Я піў, таму што алкаголік, ніхто не мог гэта спыніць. Толькі тут я знайшоў шлях, які дапамагае быць цвярозым. Хто што хоча, тое група і дае − ці здароўе, ці вярнуць правы, ці бізнес, ці адносіны! Я хацеў атрымаць свабоду, і цяпер свабодны.

Валодзя

Два месяцы хаджу сюды і не п’ю. Знайшоў работу.

Лена

Больш за год хаджу. Такі самападман, думала, што ў любы момант спынюся. Блізкія аб’ядналіся і памаглі. Не верылі, што гэта адбываецца са мной: піла штодзень.
Калі выходзіла замуж, малявала нейкую ідэальную карцінку жыцця. Праз 20 год сутыкнулася з расчараваннем, крыўдамі. Нічога не магла іншага прыдумаць, акрамя як піць.

Спачатку ў групе я проста слухала. Бачыла чалавека, у якога 40 год цвярозасці, якому дапамаглі сходы. Тут знаходзіла адказы на канкрэтныя складаныя пытанні.

Паспрабуйце на сабе

Удзельнікі АА адзначаюць, што ў кожнага алкаголіка сваё дно. Пакуль чалавек сам яго не ўбачыць і не захоча палепшыць жыццё, яму складана дапамагчы. У групе падтрымкі ніхто не прымушае расказваць пра праблемы. Кожны выказваецца, калі лічыць патрэбным. Усё сказанае – на ўмовах ананімнасці.

Калі ў вас ёсць праблема з алкаголем, паспрабуйце на сабе, ці спрацуе цуд АА.

Фота konuss.livejournal.com.

Фота konuss.livejournal.com.

Як трапіць на сход АА

Калі вы маеце праблемы з алкаголем, вам могуць дапамагчы ў групе ананімных алкаголікаў. У нашым рэгіёне яны збіраюцца ў Маладзечне і Вілейцы.

У Маладзечне сходы груп адбываюцца па аўторках, чацвяргах і пятніцах, пачатак а 19 гадзіне. Па нядзелях пачынаюць у 13:30. Збіраюцца АА у прыбудове каля касцёла св. Казіміра па Вялікім Гасцінцы.

У Вілейцы збіраюцца ў 18 гадзін па пятніцах у будынку аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па адрасе: вуліца Маркава, 49.

Кожную апошнюю нядзелю месяца групы збіраюць адкрыты сход, на які могуць завітаць, напрыклад, блізкія алкаголікаў, сузалежныя.

Патрэбную інфармацыю можна ўдакладніць па тэлефонах: (8033) 384-22-34, (8044) 492-45-30 ці праз электронную пошту: zolotaya_gila@mail.ru.

Маладзечанец: “27 гадоў я піў, а цяпер − цвярозы!”

Алкагалізм – хвароба сямейная

Ананімныя алкаголікі дапамогуць