Юлія Пацяюн стала фіналісткай рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Млын моды 2015” у намінацыі “Фота”. Гэта пры тым, што яна займаецца фатаграфаваннем лічаныя месяцы.

Мядзяльчанка расказала карэспандэнту “РГ”, як нараджаюцца ідэі фотасесій. Прыгадала, як дзеля цікавага здымку ўгаварыла сяброўку залезці на ліхтар.

Фатаграфаванне адцягвае ад інтэрнэту

Здымаць Юліі хацелася даўно. Але займаецца фатаграфаваннем яна менш за год – ад таго часу, як з’явілася магчымасць набыць добрую камеру.

– Гэта маё адзінае хобі. Вельмі рада, што ёсць тое, чым мне сапраўды падабаецца займацца і што можа адцягнуць мяне ад інтэрнэту.

Ёй больш даспадобы здымаць людзей: прыродай жа не пакіруеш, фатаграфуй, што ёсць. А з мадэллю можна ўвасобіць свае ідэі. Дзяўчына заўсёды спрабуе стварыць нешта незвычайнае:

– Таму што проста здымаць партрэты ўжо вельмі сумна і нецікава. Спрабую прыдумаць нешта сваё, чаго ў іншых яшчэ не было.

Не шкадуеце, што жывяце ў маленькім горадзе? Усё ж у вялікіх больш магчымасцяў для фатографа ажыццявіць свае ідэі, навучыцца чаму?

– Не, мне гэта не перашкаджае. Наадварот, мне падабаецца мой горад: тут цудоўная прырода, шмат прыгожых месцаў, дзе можна пафатаграфаваць.

Фота Юліі Пацяюн.

Фота Юліі Пацяюн.

Сукенку з лісцяў рабілі паўдня

Усе мадэлі – Юліны сяброўкі. Чаму? Адказ просты:

– Толькі яны пагаджаюцца ажыццяўляць мае дзіўныя ідэі. А ідэі могуць з’явіцца ў любы момант. Магу сядзець на ўроку, магу ўбачыць нейкую цікавую карціну ці фота ў часопісе.

Здымкі заўсёды праходзяць весела:

– Неяк зусім спантанна захацела пафатаграфаваць, паклікала сяброўку. Мы доўга шпацыравалі па горадзе і думалі, дзе можна яе зняць. І тут убачыла звычайны ліхтар. Пасля доўгіх угавораў сяброўцы давялося залезці на ліхтар.

Падчас фотасесіі мы не засталіся без увагі людзей. Хтосьці смяяўся, хтосьці здымаў на тэлефон. Аднак здымкі атрымаліся незвычайныя і прыгожыя.

 Сваіх мадэляў вучаніца гімназіі-інтэрната фатаграфуе не толькі і не столькі на фоне мядзельскіх азёр. Робіць фотасесіі ў закінутых будынках і на фоне вясковых пейзажаў.  Можа ўпрыгожыць прычоску сяброўкі мохам, вывесці мадэляў у прыгожых сукенках на студзеньскі лёд і ў кастрычніцкі лес. Якраз самая складаная фотасесія і была, калі здымалі дзяўчыну ў сукенцы з лісцяў.

На стварэнне гэтай сукенкі пайшло паўдня. Фота Юліі Пацяюн.

На стварэнне гэтай сукенкі пайшло паўдня. Фота Юліі Пацяюн.

– Многія пыталіся ў мяне: сапраўдная гэта сукенка або зробленая ў фоташопе? Сапраўдная! – даводзіць Юлія. – Мы яе  рабілі з самай раніцы і скончылі ў абед. Увесь гэты час дзяўчына стаяла толькі ў гэтай сукенцы. Мы сагравалі яе як маглі, бо на двары было не лета.

Самая маладая з фіналістак

Вынікі фотасесій Юлія падала на рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды 2015”.  Стала адным з дзесяці фіналістаў у намінацыі “Фота” – прытым, самым маладым. Сярод фіналістаў яна – адзіная школьніца.

 – У конкурсе прапанавала паўдзельнічаць мая настаўніца. І тое, што трапіла ў фінал, многае значыць для мяне. Таму што мала дзе ўдзельнічаю і, шчыра кажучы, не вельмі веру ў свае здольнасці.

Конкурс працягваецца. Фіналісты атрымалі заданне ад журы: ім трэба стварыць за тры месяцы фотасюжэты на тэму “У аб’ектыве Перамогі”.

Ідэя праекта ў Юліі ўжо ёсць. Зараз прадумвае яго рэалізацыю.

Фота Юліі Пацяюн.

Фота Юліі Пацяюн.