Сёлета Дзень закаханых прыпадае акурат на суботу. Ці значыць гэта, што колькасць шчаслівых пар, якія вырашылі звязаць свой лёс, возьмуць шлюб у сімвалічную дату?

МАЛАДЗЕЧНА. Начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Маладзечанскага райвыканкама Ала Івашкевіч расказала “Рэгіянальнай газеце”, што 14 лютага ў Маладзечне зарэгіструюць шлюб восем пар.

– Для лютага гэта бум. Зімой у нас у выхадныя рэгіструюць шлюб па дзве, максімум па чатыры пары ў дзень.

МЯДЗЕЛ. У Мядзельскім ЗАГСе 14 лютага ажыятажу не будзе. Шлюбам тут пабяруцца дзве пары.

– Аднак, паколькі заяву можна падаваць за тры дні да рэгістрацыі шлюбу, то верагодна, што нехта яшчэ пажадае зарэгістраваць шлюб у гэты дзень, – распавяла начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Мядзельскага райвыканкама Галіна Калмук.

Як прызналася Галіна Калмук, і рэгістрацыю ў гэты дзень зробяць асаблівую:

– Па-першае, мы падрыхтавалі нашым маладым невялікія сувеніры на памяць, а па-другое, заручальныя пярсцёнкі маладым будуць падаваць сапраўдныя анёлкі.

Дарэчы, адной з пар, якія возьмуць шлюб у Мядзеле 14 лютага, па 18 гадоў.

ВІЛЕЙКА. – Дзень 14 лютага стане шчаслівым для сямі пар з Вілейкі, – кажа  начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Вілейскага райвыканкама Вольга Мароз.

Ніякіх нечаканасцяў у гэты дзень у Вілейскім ЗАГСе не будзе.

ВАЛОЖЫН. А валожынскія пары абіраюць дату вяселля не па календары, а па гараскопе.

Начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Валожынскага райвыканкама Тамара Яныш:

– Насамрэч, былі такія выпадкі, калі нам даво­дзілася рэгістраваць шлюб сярод тыдня, таму што ў маладых супалі гараскопы і фазы месяца.

14 лютага ў Валожыне будуць рэгістравацца дзве пары. Будучы муж у адной з пар цяпер праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў Валожыне, і нявеста прыедзе да яго з Оршы. 

СМАРГОНЬ.

Тут рэкордная колькасць пар выбрала 14 лютага днём, каб злучыць свае лёсы – 14.

– І гэта сапраўдны бум, – каментуе начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Смаргонскага райвыканкама Ірына Казакова. – Для параўнання: 7 лютага ў нашым ЗАГСе ажаніліся пяць пар, а 21 лютага будзе ўсяго адно вяселле.

У Смаргоні некаторыя пары, каб іх шлюб зарэгістравалі менавіта 14 лютага, заявы падавалі яшчэ ў жніўні.

АШМЯНЫ. У Ашмянскім ЗАГСе зацішша ўвесь люты. І толькі на 14 лютага падалі заявы тры пары.

– Дзень 14 лютага – выбар выключна маладых. Пісалі заяву толькі на гэты дзень. А вось пажаданняў да рэгістрацыі ні ў кога не было, таму ўсё пройдзе, як звычайна, урачыста-святочна, – кажа спецыяліст аддзела запісу актаў грама­дзянскага стану Ашмянскага райвыканкама Генуэфа Барыловіч.    

АСТРАВЕЦ. Сем пар з Астраўца ажэняцца 14 лютага. Пасля гэтага ў ЗАГСе аж да красавіка не будзе ніводнай рэгістрацыі шлюбаў.

– Нічога дзіўнага, мы прытрымліваемся посту. А што тычыцца даты 14 лютага, то такая колькасць маладых бывае ў нас толькі летам. Таму гэты зімовы дзень унікальны, – гаворыць  начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Астравецкага райвыканкама Аксана Дзятко. 

Ці сапраўды 14 лютага магічная і шчаслівая дата для заключэння шлюбу

З такім пытаннем мы звярнуліся да спе­цыяліста па міфалогіі, кандыдата філалагічных навук, старшага выкладчыка кафедры тэорыі літаратуры БДУ Славяны Шамякінай:

– У міфалогіі, сапраўды, існуе магія лічбаў. Але лічба 14 ніколі не ўваходзіла ў гэты пералік. Сакральнымі лічацца лічбы 1, 3, 7, 9, 12.

Што датычыцца Святога Валянціна, то ён чужы нашай культуры. Тым больш, што ў нашай міфалогіі ёсць свае святыя, якія заступаюцца за шлюб і закаханых. Гэта Пётр і Феў­ронія. Іх дзень святкуецца 8 ліпеня.

Па праваслаўным календары 14 лютага ўвогуле лічацца неспрыяльным днём для заключэння шлюбаў. Таму што гэты дзень ідзе перад Грамніцамі.

Аднак не ўсе маладыя вераць у прыкметы.

Два святы адзначаем у адзін дзень

Сям’я Анастасіі і Андрэя Залатаровых  14 лютага адзначае   адразу два святы: дзень шлюбу і Дзень закаханых.

– Мы справілі вяселле год таму. Выбіралі нейкую суботу. Спыніліся на даце 15 лютага, – кажа Анастасія. – А потым да нас дайшло: у пятніцу ж Дзень Святога Валянціна!

Гадавіну сямейнага жыцця сям’я Залатаровых будзе адзначаць у гэту суботу.

– Я напяку печыва ў форме сэрцайкаў. Ужо падрыхтавала свечкі, сэрцайкі для ўпрыгожвання кватэры. Рамантыка. Ведаю, што муж  рыхтуе для мяне нейкі сюпрыз. А я яму падарунак ужо зрабіла – гэта наша дачушка Златка.