Большасць спецыялістаў патрэбныя ў сельскай гаспадарцы. Людзям прапануюць там жыллё. Аднак многія адмаўляюцца ад такой працы.
АСТРАВЕЦ. У Астравецкім раёне патрабуюцца прадавачкі, страхавыя агенты, кіроўцы, бухгалтары, фельчары-лабаранты, інжынеры-энергетыкі, трактарысты, мантажнікі будаўнічых канструкцый.
Заробкі прапануюць ад двух да чатырох мільёнаў рублёў.
Пра гэта паведаміла Лілія Янкойц, галоўны спецыяліст упраўлення па працы і занятасці Астравецкага райвыканкама.
АШМЯНЫ. Як адзначае намесніца начальніка аддзела па працы і занятасці Ашмянскага райвыканкама Валянціна Суравец, вакансій у Ашмянах і раёне вялікая колькасць, аднак большасць у сельскай гаспадарцы. Некаторыя спецыяльнасці, напрыклад, заатэхніка, ветэрынара, трактарыста, патрабуюць адукацыі.
– Праблема ў тым, што ў вёску ніхто ехаць не хоча. Таксама людзі не маюць спецыяльнай адукацыі. У нас усе хочуць грузіць, вартаваць, прыбіраць, але пажадана, каб у памяшканні, каб у цяпле. Таксама хочуць быць вахцёрамі, гардэробшчыкамі.
ВАЛОЖЫН. Як адзначыла начальнік аддзела занятасці Лілія Пунтус, пераважна патрабуюцца спецыялісты ў сельскую гаспадарку, а вось вакансій працоўных спецыяльнасцяў вельмі мала.
Заробак у сярэднім прапануюць тры мільёны рублёў – тры мільёны 200 тысяч.
ВІЛЕЙКА. У Вілейцы прапануюць вакансіі акумулятаршчыка, кіроўцы спецаўтатранспарту, начальніка аддзела планавання і ўліку. Заробак па гэтых спецыяльнасцях чатыры мільёны рублёў.
Самы высокі заробак у чатыры з паловай мільёны рублёў абяцаюць электраманцёру. На адзін з заводаў патрэбны інжынер-хімік. Заробак ад трох мільёнаў рублёў.
Ёсць месцы педагога-псіхолага і ветэрынарнага доктара. Заробак – два мільёны рублёў.
– Таксама ў гаспадаркі патрэбныя галоўныя спецыялісты, даяркі, жывёлагадоўцы, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела занятасці Вілейскага райвыканкама Тамара Паслед. – У трох гаспадарках спецыялістам даюць жыллё.
Яна адзначае, што многія людзі стаяць на ўліку па спецыяльнасцях газазваршчыка, грузчыка, аднак пакуль такіх вакансій няма.
Таксама Тамара Паслед заўважае, што не хапае рабочых месцаў, каб усіх забяспечыць працай. Магчыма, вясной з’явяцца вакансіі будаўнікоў, трактарыстаў.
СМАРГОНЬ. У Смаргонскім раёне ёсць вакансіі электрагазазваршчыка, кіроўцы, тэхнолага, тэхніка-лабаранта, трактарыста, эканаміста, слесара. Патрабуецца старшы навуковы супрацоўнік у музей-сядзібу Міхала Агінскага. Заробак – ад трох мільёнаў рублёў і вышэй.
16 чалавек накіравалі на вучобу па спецыяльнасцях электрагазазваршчыка і вальшчыка лесу.
Пра гэта расказала Тамара Рамановіч, начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы Смаргонскага райвыканкама.
Раён |
Колькасць беспрацоўных на студзень 2015 года |
Колькасць беспрацоўных на студзень 2014 года |
Колькасць вакансій на канец студзеня 2015 года |
Колькасць вакансій на канец студзеня 2014 года |
Астравецкі |
40 |
27 |
20 |
37 |
Ашмянскі |
100 |
52 |
каля 100 |
каля 52 |
Валожынскі |
29 |
17 |
69 |
178 |
Вілейскі |
73 |
55 |
45 |
96 |
Смаргонскі |
126 |
97 |
226 |
210 |
Маладзечанскі |
830 |
440 |
193 |
232 |
Мядзельскі |
72 |
56 |
79 |
99 |