Жнівеньскім днём пенсіянерка Ала з Мядзела (імя змененае) пайшла на прэзентацыю кухоннага посуду. Вярнулася адтуль  з каструляй і патэльняй. Але назваць яе шчаслівай уладальніцай язык не павернецца: посуд абышоўся ёй у сем мільёнаў 400 тысяч рублёў.

– Калі дома разгледзела пакупку – ахнула: звычайны посуд, а каштуе, як залаты. Як апомнілася, як стала біцца сэрца… Пайшла назад, а гандляроў ужо не было.

 “Абкруцілі хутка бабулю”

Пенсіянерка дагэтуль не можа зразумець, як рашылася на такую пакупку:

– Такія прафесіяналы, такія абыходлівыя маладыя людзі. Ды не адзін угаворваў,  адразу некалькі. Словам, абкруцілі хутка бабулю, я і купіла.

Сыграла ролю тое, што распісвалі, як карысна для здароўя гатаваць у гэтым посудзе, абяцалі скідкі. І для пакупкі “цуда-посуду” вялікіх грошай не патрабавалі. Плаці 350 тысяч рублёў, астатняе – у растэрміноўку. Вось і аддае пенсіянерка больш за 700 тысяч штомесяц. Будзе выплачваць яшчэ да чэрвеня.

Жанчына пісала на фірму ў Брэст, прасіла іх хаця частку сумы дараваць. Адказу не атрымала.

Што тлумачыць фірма

Затое адказ ад фірмы атрымала журналістка газеты “Народная Воля”, куды пенсіянерка звярнулася са сваёй крыўдай.

– Гэта будзе эканамічным злачынствам, калі ў парушэнне цаны, устаноўленай прайс-лістом, мы паменшым кошт тавару, – растлумачыў дырэктар кампаніі Андрэй Бельскі. – Ужо выплачаныя падаткі, заробак людзям, якія рэалізавалі гэты тавар… Мы працуем па законе, нікога не прымушаем купляць наш тавар, нікога не гіпнатызуем, як, бывае, кажуць.

Дадаў ён, што пакупнік можа на працягу 14 дзён вярнуць посуд назад. Але, па-першае, ці ўсе пра гэта ведаюць? Вось і наша пенсіянерка даведалася пра гэта толькі пасля кансультацыі са знаёмым юрыстам. Аднак тады гэты тэрмін ужо мінуў.

Па-другое, адна справа – адумаўшыся, назаўтра занесці тавар у краму ў сваім горадзе. Іншая – ехаць у далёкі Брэст, дзе месціцца офіс фірмы. Ды з посудам, ды пенсіянеру!

“Гэта не “дорага” – гэта шалёная цана!”

Гераіня матэрыялу не можа расказаць пра вартасці ці недахопы посуду: яна ім карысталася толькі аднойчы. Тлумачыць, што пры гатаванні на ім наўрад ці здароўе зберажэ –  хутчэй, наадварот, ад перажыванняў апошняе згубіць.

Таму на сайце otzovik.com пацікавімся водгукамі на посуд.  Фірмы, што яе прадаюць, могуць мець розныя назвы. Людзі пішуць: “Гэтых фірмаў-прадаўцоў у Брэсце ўжо чатыры”.

 “Шалёная неапраўданая цана! Гэты посуд адназначна не варты такіх грошай! Нягледзячы на сваё зручнасць, герметычнасць, тэрмаручку, якая вытрымлівае вялікі тэмпературны нагрэў – якасць прадукцыі пакідае жадаць лепшага. Яна павінна быць на вышэйшым узроўні за такія грошы.

Хтосьці скажа, навошта тады я яе набывала? Тут, на жаль, можна сказаць, паддалася псіхалагічнаму ўздзеянню, гучна заяўленай рэкламе”.

Дзеліцца аўтар водгуку, як набывала посуд:

“Я не ішла на прэзентацыю, я пайшла на кулінарнае шоу з дэгустацыяй, але сказалі, што ўваход па пашпартах. Ніякага ўваходу па пашпартах там не было, а патрэбныя яны былі для таго, каб потым растэрміноўку афармляць”.

Вядома, на гэтым і на іншых сайтах ёсць і станоўчыя водгукі пра гэты посуд: “Дорага”, але якасна”. Але на нясмелыя спробы абараніць гонар маркі, адразу знаходзіцца шмат адмоўных:

“Гэта не “дорага” – гэта шалёная цана!”.

“Так распісвалі гэты посуд на прэзентацыі! Маўляў, вы эканоміце на здароўі, і таму цана проста касмічная. Сапраўды, эканомія. Купіўшы гэты метал – ты не купіш садавіны і гародніны, так як проста грошай на іх не хопіць”.

 “Мне падабаецца патэльня, але шкадую, што набыла яе – такіх грошай яна не вартая. Яе цана раз у дзесяць таннейшая павінна быць”.

Няма грошай – пазыч у суседа

Стаць уладальнікам дарагога посуду можна і без візіту на ўсялякія прэзентацыі. У Мядзеле, Вілейцы ходзяць па ўстановах і дамах людзі з камплектамі посуду. Легенда практычна адна і тая. “Мы – немясцовыя, нас дэпартуюць. Трэба посуд распрадаць. Аддаём танна”. Найчасцей на эксклюзіўнасць тавару не прэтэндуюць і агучваюць цэны прыкладна такія, як на базары.

Аднак бывае па-іншаму. Пазалетась у Вілейцы хадзілі па прыватным сектары двое мужчын. Угаворвалі купіць камплект посуду. Кошт выставілі вялікі – 13 мільёнаў. Адну з пенсіянерак апрацоўвалі ці не паўгадзіны. На аргумент, што няма грошай, падказка знаходзілася умомант: “Пазыч у суседа”. Калі ж справа не выгарала, кінулі на развітанне: “Бессардэчная вы”.

“Не пападайцеся на іх вуду”

У аўторак раздалося тэлефанаванне. Запрашалі на “прэзентацыю па здаровым харчаванні” ў Мядзеле. Праўда, фірма з посудам іншай маркі. Пазней – яшчэ званок, ад гераіні матэрыялу. На некалькі дзён раней Мядзел збіраюцца ашчаслівіць яшчэ адны ахвотныя зрабіць наша харчаванне здаровым: яе знаёмую запрасілі на прэзентацыю.

Хадзіць на такія прэзентацыі ці не, купляць там штосьці – вырашаць вам. А пенсіянерка Ала для сябе ўсё вырашыла.

– Не пападайцеся на іх вуду, як я, – з вышыні сумнага досведу раіць яна. – А лепш зусім не хадзіце на гэтыя прэзентацыі. Посуду цяпер у крамах навалам.

З досведу

Як можна вярнуць посуд

“Вярнуўся з Брэста. Дагавор разарваў. Аванс вярнулі. Усё, што трэба ведаць тым, хто жадае вярнуць тавар, гэта тое, што вы маеце права зрабіць гэта на працягу 14 дзён з дня заключэння дагавора. Не варта зрываць этыкетак і карыстацца посудам, інакш будуць праблемы”.

Паводле сайта otzovik.com