Гэта цяпер ледзьве паступіць званок, што дзесьці разгуляўся агонь, адразу туды імчыць пажарная машына з выратавальнікамі. А як змагаліся з агнём раней – скажам, год восемдзесят таму?

Для прыкладу возьмем мястэчка Кабыльнік (цяпер вёска Нарач) на Мядзельшчыне. Там была свая добраахвотная пажарная ахова. “Straż pożarna” з’явілася ў мястэчку ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя. Тут былі не толькі мясцовыя хлопцы, а і дзяўчаты. Уступалі па ўласным жаданні.

– Проста лічылі гэта сваім абавязкам, бо яны ж тут жылі, –  кажа мясцовая жыхарка Соф’я Дзергач.

Маладыя людзі адчувалі, што робяць патрэбную справу. А кагосьці, мабыць, вабіла прыгожая форма, у якой можна было пакрасавацца перад дзяўчатамі. Ну, а за хлопцамі ішлі ў ахову і прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. Для ўсіх наладжвалі курсы. Хлопцы вучыліся тушыць пажары, а дзяўчаты – аказваць медыцынскую дапамогу пацярпелым.

Самі збудавалі рамізу

У пажарнай ахове з абсталявання мелі помпу, рукавы, бочкі на ваду, багры, лесвіцы. Для захоўвання інвентару самі будавалі рамізу. На гэтым фоне сфатаграфаваў пажарных местачковы фатограф Аляксандр Дзергач.

У рамізе не толькі захоўваўся патрэбны рыштунак. Месцілася бібліятэка са спецыяльнай літаратурай, святліца, дзе збіраліся, праводзілі вольны час.

Ладзілі і танцы, на якія прыходзіла ці не ўся моладзь мястэчка. Мелі пры ахове ўласны духавы аркестр.

Бывала, выходзіў аркестр цягнікі сустракаць. Вядома, дзяржаўныя святы не прамінаў. У параднай форме шпацыраваў “Straż pożarna” на вулачках мястэчка. Усе любаваліся стройнымі, падцягнутымі пажарнымі. А як зайздросцілі ім і іх прыгожай форме дзеці!

Але парады, забаўкі – усё ж не гэта было галоўным. Для ўдзельнікаў пастаянна праводзілі спаборніцтвы і вучэнні. 

 – Неяк уначы загарэўся млын у мястэчку, – успамінае Соф’я Дзергач. – Білі ў званы ў касцёле. Усе людзі беглі выратоўваць, а добраахвотнікі – у першую чаргу. Пажар удалося патушыць. І падчас іншых пажараў выратоўвалі дамы, маёмасць.

Прыгадвае яна яшчэ такі выпадак. У Кабыльніку пэўны час жылі рабочыя з Вільні, якія пракладвалі брукаванку па мястэчку і далей. У цэнтры быў рэстаран вышэйшага класа. Кагосьці з рабочых туды не пусцілі. Неўзабаве рэстаран загарэўся (местачкоўцы лічылі, што драўляны будынак падпалілі гэтыя рабочыя, каб адпомсціць). Але яго хутка патушылі, і рэстаран ацалеў.

Пажарная ахова на баявым дзяжурстве. Фота з архіва Соф’і Дзергач.

Пажарная ахова на баявым дзяжурстве. Фота з архіва Соф’і Дзергач.

Пажарная ахова клапацілася  пра само мястэчка, і пра ўсю гміну. Коней пажарнай ахове выдзялялі жыхары Кабыльніка.

Хлопцы і дзяўчаты не толькі пажары тушылі. Калі вясной здаралася паводка, яны адпампоўвалі ваду з мясцовай рэчкі, каб раптам стыхія не знесла драўляны масток.

Прах начальніка прывезлі ў Кабыльнік

Усе ў пажарнай ахове былі добраахвотнікі, нават начальнік Баляслаў Баркоўскі (на фатаграфіі ля рамізы ён злева ў першым радзе). Ён меў прафесію, звязаную з будаўнічай справай.

Цікавая гісторыя яго жыцця. У час Другой сусветнай вайны Баляслаў трапіў у польскую армію Андэрса. Пасля заканчэння апынуўся ў Аўстраліі. Але ж цягнула яго на Радзіму. Баляслаў прыязджаў сюды і загадаў пасля смерці перавезці прах на Беларусь і пахаваць на могілках у Кабыльніку. Тое і было зроблена. 

Нядоўга праіснавала добраахвотная пажарная ахова ў мястэчку – да 1939 года. Але памяць пра яе ў людзей засталася добрая. І яшчэ доўга пасля вайны на ўсю акругу славіўся мясцовы духавы аркестр, пачатак якому паклалі пажарныя-добраахвотнікі.