Іна Борыс, якая працуе ў Маладзечанскім аддзеле Следчага камітэта, другі год запар атрымала гэта званне. Маладзечанскі райаддзел таксама прызнаны лепшым у вобласці.

Як раскрываць справы паспяхова, што можа расчуліць следчую да слёз і як пры паспяховай кар’еры адчуваць утульнасць дамашняга быту, распавяла яна для “РГ”.

Жанчына прызнаецца, што для перамогі выкладвацца трэба па поўнай праграме, нават не лічыцца з асабістым часам. Нагрузка немалая, бывае, і ў абед даводзіцца працаваць. Але лепшая следчая ўпэўненая, што калі рабочы дзень цалкам шчыра прысвячаць рабоце, правільна планаваць час, то можна паспяваць усё.

− Мы з напарніцай Наталляй Макей сядзім на так званым “вале” – на справах паскоранай вытворчасці, – распавядае Іна Борыс пра работу. − Справу могуць разглядаць паскорана толькі тады, калі абвінавачаны цалкам прызнае сваю віну. Калі звычайная справа разглядаецца два месяцы, то ў нас 10 дзён, за якія мы павінны паспець усё зрабіць.

Галоўнай складанасцю лічыць тое, як не проста знайсці падыход да тых, з кім працуе. Сярод падазраваных сустракаюцца пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, стаяць на прафілактычным уліку ў міліцыі ці ў псіханаркалагічным дыспансеры. Іх даводзіцца шукаць, яны не заўсёды своечасова з’яўляюцца, але следчы павінен паспяваць правесці неабходную работу.

Іна Борыс працуе ў аддзяленні па справах, якія не нясуць вялікую грамадскую пагрозу і менш цяжкія. Многія яе справы звязаныя з аліментамі, угонамі і іншымі злачынствамі.

Упершыню плакала, калі ўручылі медаль

У конкурсе на званне лепшага следчага года ацэньваюць работу больш чым па 30 крытэрыях: колькасць накіраваных спраў у суд, накладанне арышту, колькі прынята скаргаў, іншых. Спачатку выбіраюць лепшага ў сваім аддзеле, а ў маладзечанскім каля 50 следчых. Пасля выбіраюць лепшага ў вобласці.

Узнагароджанне адбылося ў Мінску ў прысутнасці кіраўніцтва Следчага камітэта. Іне Борыс уручылі пасведчанне і вымпел.

− Гэта было вельмі ўрачыста, хвалююча і прыемна, − дзеліцца ўражаннямі следчая.

Іна Борыс двойчы атрымала званне лепшага следчага вобласці, а ў 2013 годзе атрымала медаль трэцяй ступені “За бездакорную службу”:

− Я была надзвычай гордая, калі яго ўручылі. Напэўна, упершыню ў жыцці плакала. Атрымаць такую ўзнагароду, асабліва жанчыне, вельмі натхняюча. Узнагароды − гэта найлепшы стымул апраўдваць іх і імкнуцца да новых перамог.

На погляд пераможцы, такога выніку можна дасягнуць, толькі калі самой старацца і калі работа ў структуры правільна пастаўленая.

Фота Зоі Хруцкай.

Фота Зоі Хруцкай.

Маладзечанскі аддзел Следчага камітэта – лепшы ў вобласці

Маладзечанскі райаддзел Следчага камітэта таксама атрымаў пера­мо­гу − званне лепшага аддзела ў вобласці.

− Гэта заслуга ўсяго калектыву і асабліва кіраўніцтва. Я шчыра магу сказаць, што ганаруся работай і прыходжу на працу з задавальненнем. Цяпер створаныя ўсе ўмовы. Адэкватныя прафесійна падрыхтаваныя кіраўнікі, добры будынак, забяспечаныя камп’ютарамі, тэхнікай, канцтаварамі, паперай, а раней жа бегалі самі куплялі. Галоўнае, старацца і рабіць усё своечасова. Не трэба даваць сабе расслабляцца. Калі ў цябе ёсць работа − бярыся і адразу працуй. Бо аднойчы запусціўшы, складана раскласці ўсё па палічках, і лепшым дакладна не станеш.

Іна Борыс − самы старэйшы супрацоўнік Маладзечанскага райаддзела Следчага камітэта. Прыйшла працаваць у міліцыю ў 19 год, у 1993 годзе. Праз год атрымала званне лейтэнанта. Пасля ўтварэння Следчага камітэта перайшла працаваць у яго.

Здараецца, што дадому даводзіцца прыносіць у думках незакончаныя справы, але імкнецца, пераступіўшы парог, пераключацца на бытавыя клопаты.

Сын марыць працягнуць дынастыю

Сын Аляксей і дачка Лізавета мараць пайсці па слядах мамы. Іна раіць дачцэ выбраць іншую сцежку. А вось памкненне сына цалкам падтрымлівае: яго дзед ваенны, мама следчая, бацька міліцыянер, таму будзе ганарыцца, калі Аляксей працягне дынастыю.

− У юнацтве, безу­моўна, прыцягвае фор­ма, − прыгадвае жан­чына. − А калі трапляеш у гэту сістэму, яна паглынае цябе цалкам і іншай дарогі не бачыш і не хочаш. Я ніколі не шкадавала пра выбар прафесіі. Хачу і далей служыць і прыносіць Беларусі карысць.

Іна Борыс нарадзілася ў вёсцы Брылькі Валожынскага раёна. Лічыць, што вельмі многаму навучылі яе настаўніцы Соф’я Канстанцінаўна Бабіч, Данута Аляксандраўна Русовіч, Ірына Фёдараўна Рудовіч.

У вёсцы цяпер жыве яе мама Лілія Полхава, якая 42 гады працавала загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта, абслугоўвала 18 вёсак. Дачка лічыць, што толькі дзякуючы мамінай падтрымцы і выхаванню змагла дасягнуць у жыцці таго, пра што марыла.