Амаль месяц прайшоў пасля адключэння чатырох аналагавых тэлеканалаў на Мядзельшчыне. Нечаканасцю для жыхароў гэта не стала, кажа начальнік Мядзельскага цэха ультракароткахвалёвых радыёстанцый Міхаіл Бурак:

–   Пра адключэнне загадзя і рэгулярна апавяшчалі жыхароў. Яны рыхтаваліся да гэтага. Ды і лічбавы перадатчык на частаце 44 тэлеканала працуе ў нас з 2012 года.

Таму шквалу званкоў пасля адключэння аналагавых тэлеканалаў не было.

– Чалавек з дзясятак пазваніла, не больш, – кажа спецыяліст. – Дзяжурны кансультуе, дзе можна набыць прыстаўку, якая трэба антэна, куды яе развярнуць. Было такое, што чалавек тэлефануе: “А як жа вы адключылі – у мяне ўсё ідзе”. Аказалася, ён у будслаўскім рэгіёне прымаў аналагавыя тэлеканалы з іншага перадатчыка.

Яшчэ працуюць два аналагавыя каналы

Чатыры тэлеканалы, што трансляваліся на дэцыметровых хвалях, адключылі 15 студзеня. Два аналагавыя каналы на метровых хвалях, “Беларусь 1” і “РТР-Беларусь”, будуць вяшчаць у Мядзельскім раёне да сярэдзіны чэрвеня гэтага года.

Нюансы “польскай” антэны

Часам людзі тэлефануюць, што лічбавае вяшчанне ўчора прымалася, а сёння раптам не ідзе. Ёсць нюансы, звязаныя з антэнай.

– Многія прымаюць сігнал на так званыя “польскія” антэны з узмацняльнікам. Час ад часу ён можа стварыць перашкоды для прыёму лічбавага тэлебачання, – тлумачыць Міхаіл Бурак. – То трэба паспрабаваць выключыць узмацняльнік.

ZALA ідзе ў рост

У сувязі з адключэннем аналагавых тэлеканалаў больш увагі ў жыхароў стала выклікаць паслуга ZALA. Колькасць зваротаў па падключэнні пачала расці за некалькі тыдняў да 15 студзеня, расказала спецыяліст па продажах Мядзельскага вузла электрасувязі Валянціна Малько. Працягнуўся рост зваротаў і пасля адключэння. Былі такія тэлефанаванні: “У нас адключылі тэлебачанне! Што рабіць, дапамажыце”.

У бліжэйшы час на Мядзельшчыне стане даступным эфірнае лічбавае тэлевяшчанне ZALA. Тады можна будзе падключыць 26 тэлеканалаў там, дзе раней наладзіць прагляд каналаў ад інтэрактыўнай ZALA не было тэхнічнай магчымасці.