У Беларусі распрацоўваецца законапраект, які прадугледжвае падатак на дармаедства. Выплачваць яго будзе той, хто нідзе не працуе больш за паў­года.

Каб не стаць дармаедамі, людзі падоўгу сядзяць у чарзе ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама.

Намесніца начальніка ўпраўлення па пытаннях занятасці Таццяна Мучынская кажа, што чэргі, сапраўды, паболелі заўважна. Калі яшчэ па стане на 1 лютага ў Маладзечанскім упраўленні па працы быў зарэгістраваны 541 непрацуючы, то 11 лютага гэта лічба складае 830 чалавек.

У параўнанні з лютым мінулага года лічба вырасла ўдвая. У лютым 2014 года зарэгістраваных беспрацоўных было 440 чалавек.

А вось вакансій на 9 лютага было ўсяго 193. У асноўным патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты: ветэрынарныя дактары, інжынеры, спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі.

– А партрэт беспрацоўнага, – працягвае Таццяна Мучынская, – сёння такі. Гэта мужчына, прыкладна 40 гадоў. Ён не мае кваліфікацыі, да гэтага некалькі год нідзе не працаваў. Вядома, што вакансій для яго вельмі мала. І сёння амаль усе такія вакансіі запатрабаваныя. Нават калі раней “Камунальнік” увесь час дасылаў нам вакансіі дворнікаў, прыбіральшчыц, то сёння і такіх няма.

Згодна з заканадаўствам, той, хто стаіць на ўліку па беспрацоўі, можа атрымоўваць дапамогу ў памеры ад адной да двух базавых велічынь цягам паўгода. Сёння гэта ад 180 да 360 тысяч рублёў.

Цяпер ідзе гаворка пра тое, каб скараціць тэрмін максімальнага часу ўліку грамадзян у якасці беспрацоўных з 36 да 12 месяцаў.

Было б жаданне, а на спецыяльнасці мы вывучым

Начальнік аддзела занятасці і рынку працы Галіна Пашчук расказала “Рэгіянальнай газеце”, што ва ўпраўленні па працы могуць навучыць такім спецыяльнасцям, як вадзіцель пагрузчыка, машыніст-качагар, прадавец, маляр-тынкоўшчык, электрагазазваршчык.

– Але не ўсе гэтыя прафесіі цяпер уваходзяць у лік вакансій, якія прапаноўваюцца нашым беспрацоўным.

Нават работнікаў у новы вялікі гандлёвы цэнтр, што цяпер будуецца ў Мала­дзечне, набіраюць, не звяртаючыся ва ўпраўленне па працы.

– Адбываецца гэта таму, што працадаўцы не заўсёды задаволеныя тымі работнікамі, якімі можам забяспечыць іх мы, – кажа Галіна Пашчук.

– Якія жаночыя прафесіі цяпер запатрабаваныя на рынку працы?

– Выхавальнікі, памочнікі выхавальнікаў, але і гэтых вакансій цяпер не так многа, як раней. Прыхо­дзяць да нас цяпер і гаспадыні, якія падоўгу нідзе не працавалі, займаліся гаспадаркай, а цяпер, каб не быць дармаедамі, вымушаныя станавіцца на ўлік, шукаць працу.

– Ці звяртаюцца да вас людзі, якіх на працы скарацілі?

– Звяртаюцца, але іх не стала болей, чым у мінулым годзе. Да нас прыхо­дзяць людзі, якія звольніліся па сваім жаданні або па дамоўленасці бакоў. 

Доктару гатовы плаціць два мільёны, трактарысту – шэсць

Прааналізаваўшы спіс вакансій, які размешчаны ва ўпраўленні занятасці, можна сказаць, што самы малы заробак, які прапаноўваюць сёння, – гэта прыкладна два мільёны рублёў.

За два мільёны ў месяц прапануюць уладкавацца прадаўцом, поварам у дзіцячы садок, інжынерам па ахове працы, бухгалтарам і доктарам-спецыялістам у цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Самы высокі заробак сёння на рынку вакансій – 6 мільёнаў 141 тысяча рублёў. Такі заробак прапаноўвае прадпрыемства “Дубрава-2013” за працу трактарыста. Акрамя таго, высокія заробкі ў галоўнага энергетыка (6 мільёнаў рублёў) і галоўнага бухгалтара на станказаводзе (5 480 000 рублёў).

Для дармаедаў у Беларусі могуць увесці збор – 3 мільёны 600 тысяч

Пра гэта новаўвядзенне, якое прадугледжанае ў праекце дэкрэта аб стымуляванні занятасці насельніцтва, напісаў сайт БелТА у пачатку студзеня. У Беларусі могуць увесці аднаразовы збор для працаздольных грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Гэта прадугледжана праектам дэкрэта аб стымуляванні занятасці насельніцтва. 13 студзеня яго разглядалі на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Як інфармуе БЕЛТА, працаздольныя грамадзяне, якія больш за паўгода не плацілі падаткі, будуць абавязаныя раз у год плаціць збор у памеры 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў). За ўхіленне ад выплаты або за няпоўную аплату прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. Некаторыя катэгорыі грамадзян (непрацаздольных ці тых, хто выхоўвае дзяцей) ад аплаты вызваляць.