Сёлета калектыў “Рэгіянальнай газеты” рады падзяліцца з вамі, шаноўныя чытачы, вельмі радаснай і важнай для нас падзеяй – 20-годдзем.

Першы нумар “РГ” выйшаў 28 красавіка 1995 года. За гэты час на старонках газеты мы распавядалі пра поспехі многіх вядомых жыхароў з нашага рэгіёна. Кожная сустрэча з імі можа чамусьці навучыць ці натхніць на ўласныя перамогі. Спецыяльна да юбілейнай даты мы пачынаем новую рубрыку, у якой запрашаем заслужаных людзей сказаць слова пра “Рэгіянальную газету”.

Сённяшні госць − заслужаны дзеяч культуры Беларусі, кавалер ордэна Францішка Скарыны, дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага, дырыжор сімфанічнага аркестра каледжа, Ганаровы грамадзянін Маладзе­чаншчыны Ры­гор Са­ро­ка:

− Любая газета, любое слова маюць вялікае значэнне для чалавека. Таму што слова можа як дапамагчы зарыентавацца, даць ацэнку тым ці іншым падзеям, так і завесці не ў той бок.

Творчы калектыў “Рэгіянальнай газеты”, які выжывае не ў самых простых умовах, за гады працы меў смеласць часам і крытыкаваць мясцовыя ўлады, і з нечым не пагаджацца, але заўсёды аб’ектыўна.

Пры гэтым газета займае стваральную пазіцыю. Яна распавядае пра людзей, мастацтва, жыццё нашага вялікага рэгіёна. Лічу, што яе існаванне вельмі патрэбнае.

Можна павіншаваць калектыў з тым, што ён мае такіх таленавітых, інтэлігентных, адукаваных, маладых журналістаў, якія ўмеюць кантактаваць з людзьмі.

Мы пастаянна пад­трымліваем кантакт з “Рэгіянальнай газетай”. Мне асабіста і майму калектыву прыемна працаваць з гэтым выданнем. На старонках і мае выкладчыкі, і навучэнцы маюць магчымасць выказваць свае думкі, распавядаць пра тое, што іх цікавіць. Мае людзі даволі актыўна пішуць у “РГ”.

Хачу павіншаваць “Рэгіянальную газету” з гэтай цудоўнай датай!

Чаму я чытаю “Рэгіянальную газету”, распавядаюць вядомыя людзі з нашага рэгіёна