Дуб спілавалі супрацоўнікі Валожынскай ПМС са словамі: “Бачыш дрэва? – А давай спілуем!”
КАМЕНТАР ХЛОПЦАЎ, ШТО СПІЛАВАЛІ ДРЭВА, ЧЫТАЙЦЕ Ў ПЯТНІЧНЫМ НУМАРЫ “РЭГІЯНАЛЬНАЙ ГАЗЕТЫ” 20 ЛЮТАГА.
У суботу, 14 лютага, у Маладзечанскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету патэлефанавалі і сказалі, што ў вёсцы Гуды, што на Валожыншчыне, нехта незаконна спілаваў дуб.
Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” распавёў намеснік начальніка інспекцыі Кірыл Чэбан.
– Вінаватымі аказаліся двое супрацоўнікаў Валожынскай ПМС, рабочы і прараб. Яны прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Што прымусіла мужчын спілаваць дрэва, Кірыл Чэбан адказаў:
– У іх перад гэтым атрымалася прыблізна такая размова: “Дрэба бачыш?” – “Бачу”. – “Давай пілуй!”. Інакш кажучы, ніякай іншай прычыны для спілоўвання ў іх не было.
За незаконнае знішчэнне дрэва для супрацоўнікаў ПМС прадугледжаны штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. Інакш кажучы, работнікаў могуць аштрафаваць на 9 мільёнаў рублёў.
Акрамя таго, юрыдычную асобу, Валожынскую ПМС, таксама прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Прадпрыемства можа быць аштрафаванае на 50-300 базавых велічынь ( да 54 мільёнаў рублёў).
Па словах мясцовых жыхароў, гэтаму дубу каля 200 гадоў. У дыяметры ён прыкладна 85 сантыметраў.
Сума шкоды навакольнаму асяроддзю, якая нанесеная прыродзе, ацэненая спецыялістамі ў 12 мільёнаў рублёў.
“Гэта не проста спілоўванне дрэва. Гэта артыкул Крымінальнага кодэкса”.
Ігара Корзуна, каардынатара кампаніі “Гарадскі ляснічы”, сітуацыя са спілоўваннем дрэва ў вёсцы Гуды выклікала абурэнне:
– Ну, як можна ўвогуле змераць шкоду навакольнаму асяроддзю? Дрэва гэта – помнік прыроды, сведка гісторыі, культурная каштоўнасць.
Што такое шкода навакольнаму асяроддзю ў 12 мільёнаў?
– Гэта кошт дошак, якія можна зрабіць з гэтага дуба, – гаворыць Ігар Корзун.
А даведаўшыся пра прычыны спілоўвання дрэва, Ігар Корзун пракаментаваў:
– Гэта можа быць расцэненае ўвогуле як хуліганства. Гэта з той жа серыі: “Бачыш шкло? Давай выб’ем” ці нават “Вунь прыгожая дзяўчына ідзе, чаму б не згвалтаваць яе?!”
За незаконнае спілоўванне дрэў і кустоў прадугледжаны артыкул №1522 ч.1 Адміністрацыйнага кодэкса. За незаконнае спілоўванне могуць пакараць штрафам.
“Маладыя, неразумныя, яны нават не падумалі, што гэта дуб”
Дырэктар Валожынскай ПМС Аляксандр Нямкевіч ведае пра сітуацыю:
– Спілавалі дрэва па няведанні, – кажа ён. – Хлопцы прызнаваліся потым, што нават не падумалі, што гэта дуб.
Работніку, што спілоўваў дрэва, 20 гадоў, прарабу, што даваў каманду спілаваць, – 21 год.
На полі, дзе рос дуб, ПМС праводзіць працы па рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы. У мяжы гэтых прац і апынуўся дуб.
– Ну што зробіш цяпер? – кажа дырэктар. – Хлопцы пакараныя, шкоду будуць пакрываць. Затое будзе ўрок і ім на ўсё жыццё, і нам, што трэба больш дасканала навучаць сваіх супрацоўнікаў, асабліва тых, хто працуе нядаўна, што нельга секчы тое, чаго не ведаеш.