16 лютага цягнік Мінск-Вільня прыбыў на станцыю Ашмяны ў 21 гадзіну 45 хвілін. Аднак у адной з кабінак, дзе былі машыністы, пагасла святло – тэхніка перастала працаваць, таму цягнік не маглі завесці.
Прыйшоў цеплавоз са станцыі Залессе, які прычапіў дызель-цягнік і скрануў яго з месца.
– Пасажыры не ўзрушаліся тым, што цягнік стаіць, – гаворыць начальнік станцыі Ашмяны Ларыса Раціна. – У вагонах было цёпла, гарэла святло.
Аправіўся цягнік са станцыі Ашмяны ў 23 гадзіны 53 хвіліны. Ён прастаяў каля дзвюх гадзін.
Як адбіваецца затрымка цягнікоў на мытні і пагранслужбе
Ці выклікае затрымка цягніка складанасці для пагранічнай службы, пракаментаваў памочнік начальніка Смаргонскай пагранічнай групы па рабоце са СМІ Аляксандр Колабаў:
– Для нас няма асаблівай розніцы. Затрымкі цягнікоў складанасці звычайна не выклікаюць. Магчыма, калі адначасова некалькі цягнікоў выб’ецца з графіка, то давядзецца падоўжыць змену.
Работнікі мытні паспелі спрацаваць, хаця затрымка цягніка выклікала нязручнасці. Як пракаментаваў начальнік мытнага паста “Гудагай”, супрацоўнікам давялося дабірацца прыгараднымі цягнікамі, каб паспець выканаць работу.