Уральскі федэральны ўніверсітэт зоймецца падрыхтоўкай спецыялістаў для АЭС, што будуецца пад Астраўцом, па сумесных праграмах з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Сумесная магістарская праграма мае працоўную назву “Электронныя сістэмы кантролю і кіравання фізічных установак”. 

Пасля візіту ў Мінск дэлегацыі з Уральскага ўніверсітэта на чале з першым прарэктарам Анатолем Мацернам БДУІР выказаў зацікаўленасць супрацоўнічаць з Інстытутам радыёэлектронікі і інфармацыйных тэхналогій ва Урале.

Уральскі федэральны ўніверсітэт – буйнейшы федэральны ўніверсітэт Расіі. У ім падрыхтавана больш за 300 тысяч выпускнікоў. Ён лічыцца рэгіянальным лідарам у сферы міжнароднага супрацоўніцтва з замежнымі ВНУ і навуковымі цэнтрамі. У 2011 годзе ім было падпісана пагадненне з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.