Пераможным дуплетам “выстралілі” каманды дзяўчат і юнакоў Гервяцкай школы, выхаванцы трэнера Анатоля Кавалеўскага, на раённым спаборніцтве па баскетболе сярод вучняў сярэдніх школ раёна.

За права стаць лепшымі баскетбалістамі раёна каманды спачатку змагаліся ў занальным этапе. Пасля серыі пройгрышаў і перамог найбольш моцныя чацвёркі выйшлі ў фінал. Сярод дзяўчат сюды трапілі баскетбалісткі Гервяцкай, Гудагайскай, Варнянскай і Кямелішкаўскай школ. Фіналістаў юнацкіх каманд прадставілі вучні Гервяцкай, Гудагайскай, Варнянскай і Рытанскай школ.

Канчатковую кропку ў вызначэнні лепшых у раённым спаборніцтве па баскетболе паставіў фінал, які адбыўся ў спартыўнай зале гімназіі. Дарэчы, гэта было першае спартыўнае мерапрыемства, што прайшло ў новым будынку ўстановы.

Наогул, баскетбол – цікавая гульня, дзе поспех залежыць ад хуткасці, спрыту і ўважлівасці ігракоў. А галоўнае, як і ў любым іншым відзе спорту, – умення гуляць камандай. Гэтую якасць выдатна прадэманстравалі гервяцкія баскетбалісткі, якія выйгралі ўсе гульні і сталі пераможцамі, набраўшы 6 ачкоў. Другое месца заняла каманда Гудагайскай СШ, на трэцім – дзяўчаты з Кямелішак, чацвёртае месца заняла каманда з Варнян. Паколькі тры каманды, за выключэннем Гервяцкай СШ, набралі аднолькавую колькасць ачкоў, месцы вызначаліся па розніцы забітых і прапушчаных мячоў.

Перамогу дзяўчат цудоўна дапоўніла і каманда юнакоў Гервяцкай СШ – яны таксама выйгралі ва ўсіх каманд і сталі абсалютнымі пераможцамі спаборніцтва. Усяго на адно ачко адсталі ад іх баскетбалісты з Гудагайскай СШ, якія занялі другое месца. “Бронзавымі” прызёрамі стала варнянская каманда, на чацвёртым – баскетбалісты з Рытані.

Каманда юнакоў з Гервяцкай СШ будзе прадстаўляць Астравецкі раён на абласных спаборніцтвах па баскетболе.