Ад 1 сакавіка многія прадпрымальнікі могуць сысці з бізнесу, таму што тэрмін распродажу рэшты тавараў без сертыфікатаў заканчваецца.

Паводле ўказа Прэзідэнта “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”, ІП павінны мець сертыфікаты адпаведнасці, згодна з тэхрэгламентам Мытнага саюза, на ўсе тавары, якія ўвозяць у краіну. Рэшту тавараў дазволілі распрадаць да сакавіка.

Каб абмеркаваць сваю будучыню, беларускія прадпрымальнікі сабраліся ў панядзелак, 16 лютага, на форум “Мэты і задачы для малога бізнесу Беларусі”, які арганізавала аб’яднанне “Перспектыва”. На форуме былі і прадстаўнікі з нашага рэгіёна.

Мноства прадпрымальнікаў могуць апынуцца на вуліцы

Што чакае мясцовы гандаль, распявала прадпрымальніца Алена, якая працуе на маладзечанскім рынку райспажыўтаварыства.

Масавы сыход прадпрымальнікаў з бізнесу цалкам верагодны. Гэта ў першую чаргу тычыцца мясцовых ІП.

Калі ніякіх змяненняў не будзе, каля 90% прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці на розні­цу, спыняць про­даж.

− Вы самі паглядзіце: гандлю няма, попыт ніякі. Мы з радасцю прадалі б рэшту тавару, але проста не можам. Пакупнікоў практычна няма. Адразу відаць, што робіцца. Стаяць кучкамі прадаўцы, размаўляюць – работы няма.

Займацца сертыфікацыяй для прадпрымальнікаў нявыгадна. Гэта справа вытворцы ці пастаўшчыка. Прапанаваная схема работы пастаўленая надзвычай нязручна для ІП. Калі пас­таўшчык завозіць тысячу адзінак аднаго тавару, сертыфікаваць ён не абавязаны. Хаця прасцей было б якраз яму з тысячы кофтачак узяць дзве і аддаць на сертыфікацыю, а атрыманыя дакументы капіраваць рознічным гандлярам. Мусяць працаваць так: з тысячы кофтачак па дзесяць штук раскупляе сто прадпрымальнікаў. Кожны са ста ІП павінен самастойна здаць па дзве кофтачкі, каб атрымаць сертыфікат адпаведнасці тэхрэгламенту. А атрымлівае толькі адзін від тавару гандлёвай палаткі.

Для ІП гэта вельмі растратна, да таго ж на тавар з дакументацыяй цана завышаная. Калі цяпер няма попыту на тавар са скідкай, то ўявіце, што будзе з таварам з дакументамі па завышанай цане. Адзінкі тавараў з дакументамі знайсці можна, прызнаюцца маладзечанскія гандляры. Але калі звычайная кофтачка каштуе 300 тысяч рублёў (20 долараў), то такая ж сертыфікаваная будзе 700 тысяч (47 долараў).

 Цэны літаральна за месяц упалі да закупачных. Зімовыя пухавікі месяц таму прадавалі па 800 тысяч рублёў, цяпер аддаюць за 500 тысяч. Цэны зніжаюць, але ўсё роўна рэчы вісяць, іх ніхто не купляе.

 − Цяпер у кожнага практычна ўсе грошы ідуць на прадукты і квартплату. Рэчы носім тыя, што ёсць. Мне здаецца, увесь рынак зжывае сябе. Ад 1 сакавіка, калі нічога не зменіцца, няма сэнсу выходзіць сюды працаваць. Якія перспектывы? Калі зменіцца эканоміка ў Беларусі, перамены да лепшага магчымыя. Пакуль што я не бачу пазітыўных варыянтаў. Рэшты застаецца многа. Прадаць не паспеем. Забяром дамоў, ды і ўсё.

Магчыма, да 1 сакавіка паспеюць прыняць дакумент, які дазволіць падоўжыць час для распродажу рэшты тавараў. Але гэта не выратуе сітуацыю, а толькі дасць адтэрміноўку. Прадпрымальнікі прапануюць зладзіць агульнанацыянальны з’езд з кіраўніцтвам дзяржавы, дзе спадзяюцца вырашыць праблему.

− Вядома, штосьці павінна змяніцца. Нас жа таксама нямала. Калі мы работу спынім, нашы падаткі не пойдуць у бюджэт. Мы ўсведамляем, што так быць не павінна. Калі нічога не зменіцца, мноства прадпрымальнікаў проста апынецца на вуліцы. На ўзроўні горада свае пытанні мы вырашаем выдатна. Але канкрэтна гэта пытанне вышэйшага ўзроўню. Мы будзем прасіць аб аўдыенцыі з Прэзідэнтам. Гэта наша адзіная надзея. Да 20 лютага мы збіраемся падаваць нашу просьбу. Калі яе прымуць, то, магчыма, рашэнне будзе.

 На маладзечанскім рынку райспажыў­таварыства 758 гандлёвых месцаў, 350 дагавораў арэнды заключана паміж прадпрымальнікамі і адміністрацыяй.

Дамовы арэнды пакуль ­не скасоўваюць, праверкі не плануюць

Пра магчымыя наступствы сітуацыі мы папрасілі пракаментаваць дырэктара рынку рай­спажыўтаварыства Ган­ну Сіняўскую:

− Я не магу прадбачыць дзеянні прадпрымальнікаў. Працуем у звычайным рэжыме. Дамовы з арандатарам заключаныя да 31 сакавіка. Пакуль заяў на скасаванне дагавораў арэнды не было.

У цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі ў Маладзечне адзначылі, што працуюць згодна з планам, паводле якога пакуль не плануюць праверкі на рынку.

– Калі будзе адпаведны загад з дзяржстандарту, то мы правядзём праверкі, – расказала намесніца начальніка інспекцыі дзяржнагляду па вобласці,  начальнік аддзела дзяржнагляду ў Маладзечне Таіса Пятрова.

Напрыканцы снежня падчас праверкі аддзела па эканамічных злачынствах канфіскоўвалі тавар у адной з гандлярак праз неадпаведнасць тавару вопісу рэшты. Здарыўся нервовы зрыў, яна легла пад колы міліцэйскай машыны. Відэа, якое знялі падчас канфіскацыі, актыўна абмяркоўвалі ў суполцы “РГ” у сацыяльных сетках. Адны гавораць, што купіць адзенне не на рынку будзе дорага, іншыя спачуваюць прадпрымальнікам, некаторыя наракаюць на якасць тавару не з крамы.

Калі гандляры таварамі лёгкай прамысловасці на рынку спыняць працу, гэта адаб’ецца і на саміх прадпрымальніках, і на пакупніках.

У Маладзечне прадпрымальніца лягла пад колы