Татуіроўка – гэта даніна модзе ці нешта больш значнае і містычнае? Пра тое, як татуіроўка мяняе жыццё і што рабіць, калі ад крымінальнага мінулага на плячы засталіся пагоны, распавядае тату-майстар Таццяна Яблонская.

– Я вучылася ў Мала­дзечанскім музычным вучылішчы на аддзяленні дэкаратыўна–прыкладнога мастацтва. Таму магу сказаць, што беларускую сімволіку ведаю дастаткова добра. У нашай студыі нават над уваходам вісяць славянскія ўзоры, арнамент. Але людзей, якія б рабілі нешта беларускае, не так шмат. На агульным фоне ўсяго некалькі працэнтаў. Быў хлопец, які нешта прасіў напісаць па-беларуску. Я нават не запомніла, што іменна.

– Якія папулярныя сюжэты татуіровак сярод маладзечанцаў?

– Амерыканскія матывы, так званыя, old school, японскія матывы, скандынаўскія арнаменты, традыцыйны стыль. Вельмі часта маладзечанцы робяць надпісы на англійскай мове або на лаціне.

– Што пішуць на целе?

– Тут усё індывідуальна, як і ў любой татуіроў­цы. Але часцей за ўсё надпісы звязаныя з каханнем, анёлам-ахоўнікам, пішуць імёны дзяцей. Дарэчы, ёсць такія кліенты, якія прыходзяць да нас з малюнкамі сваіх дзетак і просяць зрабіць тату.

– Не адмаўляеце?

– У такім выпадку не. Гэтыя малюнкі многа значаць для лю­дзей, нават калі я сама бачу ў іх толькі каракулі. Складаней працаваць, калі чалавек дарослы намалюе нешта крывое і просіць яму з гэтага зрабіць тату. Такіх кліентаў часта даводзіцца адгаворваць.

Пад словам адгаворваць Таццяна мае на ўвазе не тое, што яны адмовяцца рабіць тату і пакажуць чалавеку на дзверы. Майстар прапаноўвае зрабіць свой эскіз па выбраным кліентам сюжэце, зрабіць яго мастацкім і прыгожым. А вось калі адгаворваюць чалавека, дык хутчэй ад месцаў на целе, дзе тату рабіць не пажадана.

Гэта ступня, твар, далоні, пяткі – тыя месцы, дзе тату можа з часам “паплыць”. Папярэджваюць кліентаў і аб балючых месцах. Балюча рабіць татуіроўкі там, дзе тонкая скура і блізка косці – на локцях, рэбрах, унутраным баку сцягна, пад пахамі.

Татуіроўкі часцей робяць мужчыны

Прыкладны ўзрост кліентаў тату-салона ў Маладзечне – ад 30 да 50 год. Бывае, што бацькі прыводзяць дзяцей, таму што па правілах, калі маладому чалавеку не споў­нілася 18 гадоў, на татуіроўку павінен быць дазвол бацькоў. Бывае, што прыхо­дзяць сталыя людзі. Яны, як правіла, заўсёды кажуць: “Усё жыццё марыў пра татуіроўку, цяпер зраблю і супакоюся”.

Не так даўно ў салон да Таццяны на перманентны макіяж унучка прывяла сваю 87-гадовую бабулю, яна рабіла стрэлкі.

Калі гаварыць пра пол кліентаў, то мужчыны часцей робяць татуіроўкі, чым жанчыны.

Даводзілася Таццяне закрываць і татуіроўкі раней судзімых людзей. Прыходзіў мужчына, які перакрываў зэкаўскія “пагоны”. Як прызнаецца майстар, з малюнкамі працаваць не цяжка, цяжка працаваць з людзьмі, якія самі не ведаюць чаго хочуць.

Ёсць у Таццяны кліент, які не можа дарабіць тату ў японскім стылі ўжо цягам 8 месяцаў. Праца вялікая, на ўсю спіну, робіцца з перапынкамі.

– А ўвогуле, тату – гэта хвароба, – кажа майстар. – Зрабіўшы адну, вельмі цяжка спыніцца, хочацца дарабліваць зноў і зноў.

Прыходзілі ў салон і людзі, якім доўга шукалі месца на целе, дзе б яшчэ можна было змясціць татуіроўку.

Фрыкаў у нас няма

Таццяна і яе тату-салон – пастаянныя ўдзельнікі розных фестываляў, тату-канвенцый. Вось там даводзілася бачыць розных, як гаворыць Таццяна, дзіўных людзей.

Татуіраваныя з ног да галавы людзі ўжо не здзіўляюць. А вось тое, што некаторыя робяць тату на бялку вока, выклікае лёгкі шок. Іх спецыяльна запрашаюць на тату-мерапрыемствы ў якасці гасцей. Многія зарабляюць гэтым на жыццё.

На адным з фестываляў Таццяна рабіла тату – выяву японскага мультыплікацыйнага персанажа Пікачу. Да яе падышоў японец, стаў распранацца. Потым, як зразумела Таня, ён хацеў паказаць свае татуіроўкі ўсіх пакемонаў. У тым ліку і Пікачу, які таксама быў вытатуіраваны на целе японца.

Прыходзіў у тату-салон і негр.

– Хіба на цёмнай скуры бачныя татуіроўкі?

– Не ва ўсіх, – смяецца Таццяна. Аднойчы на фестывалі мы бачылі цемнаскурага барабаншчыка адной вядомай групы. Ён цёмны-цёмны, бачны толькі зубы і вочы. Дык вось, калі я падышла да яго бліжэй, то ўбачыла, што ён увесь у татуіроўках. А іх на адлегласці не відаць зусім.

Даведайцеся пра сімволіку тату

Тату накладвае адбітак на лёс чалавека, упэўненая майстар. Таму перад тым, як рабіць тату, трэба дасканала вывучыць яго сімволіку.

Напрыклад, чорная котка. Сімвалаў у такой выявы мноства. У тым ліку і адмоўных. Таму трэба быць асцярожным з выбарам такога тату.

Ці матылёк. Некаторыя лічаць, што гэта сімвал перараджэння, аднаўлення. Але ёсць меркаванне, што гэта таксама і сімвал прастытуткі.

Была ў Таццянінай практыцы гісторыя, калі да яе прыйшла дзяўчына, каб зрабіць тату. І расказала, што некалі зрабіла татуіроўку “ад няма чаго рабіць”. Нейкія незразумелыя ўзоры. І ў жыцці таксама нічога не складвалася. Вырашылі тую старую татуіроўку перакрыць крыжам. Праз некаторы час дзяўчына сустрэла Таццяну і падзякавала ёй за тату, пасля якога жыццё стала наладжвацца.

Даведка РГ. “Old school” – традыцыйны стыль татуіровак Еўропы і Амерыкі. Найбольш распаўсюджанымі ў гэтым кірунку з’яўляюцца такія малюнкі, як чэрап, сэрца, стужкі, анёлы, крыжы, агонь, кветкі, якары.
”New school” – гэта яркія фарбы
і малюнкі, даволі падобныя да графіці, дзе часта можна ўбачыць персанажаў коміксаў і мультфільмаў (неад’емныя часткі моладзевай субкультуры).