Такую праверку інспекцыя дзяржстандарту па Мінскай вобласці і Мінску ажыццявіла ў лютым. У забаўляльным цэнтры, што ў ГЦ “Модуль”, праверылі дзіцячы лабірынт, батут з засцерагальнай сеткай і лесвіцай, дзіцячы міні-актракцыён “Чыгунка” на адпаведнасць тэхнічным патрабаванням.

У атракцыёне “Дзіцячы лабірынт” адсутнічаюць вінты для ўмацавання руля, на мяккіх частках горкі лабірынта разарванае пакрыццё, некаторыя ўчасткі падлогі шчыльна не замацаваныя, на каркасе з металічнай трубы, на даступных для дзяцей месцах, адсутнічае пакрыццё. Яно павінна паглынаць удары. Сетка агароджы парваная.

На паравозіку не прымацаваная падлога

Накладка на батуце, якая ўмацоўвае металічны абруч, не замацаваная паміж сабой. Гэта можа прывесці да траўмы дзіцяці. Глыбіня лесвічак складае 75 міліметраў. Па правілах яна павінна быць не менш за 140 міліметраў.

На дзіцячым атракцыёне “Чыгунка” ў адным з паравозікаў падлога са стальнога ліста добра не прымацаваная, замест двух вінтоў толькі адзін. Стальны ліст прыпадняты з аднаго боку і мае востры край.

Шпалы не замацаваныя крапежнымі прыладамі. У месцы злучэння вонкавых рэек зламаны хамут, які сцягвае частку рэек. Электрычная шафа і кіруючая частка не маюць папераджальных надпісаў, таблічак. Правады, якія выходзяць з шафы, свабодна ляжаць на падлозе.

Пашкоджаныя прыстасаванні нельга выкарыстоўваць

Пасля праверкі дзіцячаму забаўляльнаму цэнтру выдалі прадпісанне. Паводле яго, цэнтр не мае права выкарыстоўваць пашко­джаныя прыстасаванні, пакуль не выправіць парушэнні. Гэта трэба зрабіць да 2 сакавіка.

Складзеныя тры адміністрацыйныя пратаколы і накіраваныя ў суд Маладзечанскага раёна для разгляду.

Паводле вядучага дзяржаўнага інспектара Людмілы ШЧАЮК.