Маладзечанец Ігар Ліштван вырашыў, што будзе ўвесь час размаўляць па-беларуску ад 1 ліпеня 2012 года. І трэці год не змяняе аднойчы прынятаму рашэнню. Пра непераадольнае жаданне сказаць у краме “хлеб, калі ласка”, пра кінутае знаёмымі “говори нормально”, пра неразуменне сям’і гаворыць хлопец і раіць, як усё гэта перамагчы.
Ігар скончыў маладзечанскую гімназію-каледж мастацтваў у 2013 годзе. Паступіў ва ўніверсітэт на бясплатную форму навучання. Аднак хутка зразумеў, што гэта замінае яму рабіць тое, што ён хоча, і забраў дакументы. Цяпер займаецца бізнесам.
Тры галоўныя штуршкі да беларускасці:
1. Настаўніца беларускай мовы
– Пачалося ўсё з Вольгі Румынскай, якая ў сярэдзіне восьмага класа пачала ў нас выкладаць беларускую мову. У той час мы былі яшчэ зацюканыя школьнікі, баяліся непадрыхтаванымі прыйсці. Тут жа хочаш-не хочаш, а даводзіцца вывучаць мову. Прытым на яе занятках нельга было гаварыць па-руску. І з ёй было вельмі цікава. Мы захапіліся беларускай мовай, гісторыяй у прыватнасці, і разам з аднакласнікам Косцем Кухарэнкам дамаўляліся ў нейкі дзень увесь час размаўляць па-беларуску.
2. Беларуская музыка
Другая рэч, якая ўплывала на мяне, гэта беларуская музыка. Да таго часу ўсё ўяўленне пра беларускую музыку ў мяне было звязанае з зоркамі беларускай эстрады. Неяк выпадкова трапіў на рок-канцэрт у Маладзечне. І па рэгламенце канцэрта выконваць песні можна было толькі па-беларуску. Я не думаў туды ісці, але ў сябра аказалася некалькі дармовых білетаў і мы пайшлі. І мяне накрыла.
Увесь наступны тыдзень я слухаў песні тых гуртоў, якія выконвалі на канцэрце свае песні.
А на наступны дзень з бацькам і братам паехаў у вёску касіць. І мы разам у такой атмасферы: навушнікі, у якіх гучыць беларуская музыка, каса ручная. Так адчувалася беларускасць!
3. Дзяўчына
Трэці фактар. Яна была з Івянца. Маці яе выкладае беларускую мову. Таму дзяўчына станоўча адносілася да мовы. Мы з ёй і ліставаліся, і размаўлялі толькі па-беларуску.
У мяне дагэтуль былі спробы пачаць штодзённа размаўляць па-беларуску, але няўдалыя. Спачатку зламаўся мой сябар, з якім мы разам пачалі, а потым і я.
“Кажу па-руску і разумею: гэта не тое, што хачу сказаць”
– У пэўны момант ты разумееш, што гаворыш па-руску, але гэта не тое, што ты хочаш сказаць, – кажа Ігар. – Прыходзіш у краму, так і хочацца вымавіць: “Дайце, калі ласка, гэта і гэта”. А што ў выніку? Падыходзіш і бубніш: “Дайте мне, пожалуйста, хлеб. Спасибо”.
І вось вечар, сяджу, думаю: якраз заўтра першага ліпеня. Чаму б не пачаць? І пачаў.
Як адрэагавалі блізкія
– Як паставілася да пераходу на мову тваё асяроддзе: пачынаючы ад блізкіх і заканчваючы выпадковымі знаёмымі?
– Сям’я адразу не ацаніла. Прыйшоў неяк дадому, пачаў размаўляць. Бацькі ледзь-ледзь разумелі. А потым увогуле загадам сказалі: “З намі толькі па-руску”. Сябры нада мной такой улады не маюць, таму з усімі астатнімі размаўляў па-беларуску. Некаторыя казалі: “Игорь, говори нормально”. Але для мяне гэта норма. З цягам часу гэтыя ж, пачуўшы, што я дзесьці ўставіў рускае слова, казалі зноў жа: “Игорь, говори нормально!” Яны цяпер ужо не могуць чуць ад мяне рускую мову. У школе проста глядзелі і назіралі, што з гэтага выйдзе.
– Сям’я ў выніку прыняла тваю мову?
– Размаўляў з рэпетытаркай па англійскай мове, а маці была дома ў суседнім пакоі. І ўжо іду ў свой пакой, як маці спыняе: “Ігар, а з кім ты гаварыў зараз?” – “З рэпетытаркай па англійскай мове” – “Што, ты і з ёй па-беларуску гаворыш?” – “Мама, я з усімі, акрамя вас, па-беларуску размаўляю” – “Ну, можаш і з намі па-беларуску гаварыць”, – сказала яна вінавата. Я доўга смяяўся.
Яны спрабавалі мяне разумець і засвойвалі некаторыя словы. Ужо ніякіх праблем, прызвычаіліся.
– А ці лічыш ты, што беларусы павінны размаўляць па-беларуску?
– Такія прычыны, як некаторыя называюць: спадчына, памятайце, хто мы такія, – на мяне ўплыву не маюць. Я проста хачу размаўляць па-беларуску. Мне гэта падабаецца. І няхай кожны вырашае гэта пытанне для сябе. Навошта бізуном прымушаць, калі ёсць пернік?
І для кожнага, лічыць Ігар, пернік свой. Для яго – гэта тое, што мова дапамагае дасягаць поспеху. У тым ліку і ў бізнесе. Як заўважае хлопец, мова збліжае. І часам вельмі добра.