Сёлета калектыў “Рэгіянальнай газеты” чакае знамянальную падзею – 20 год сярод сродкаў масавай інфармацыі краіны. Мы звярнуліся да некаторых заслужаных людзей з рэгіёна, каб яны сказалі колькі слоў пра газету.

Госць гэтага нумара – пісьменнік, краязнаўца, грамадскі дзеяч, крытык, публіцыст, выдавец Міхась Казлоў­скі:

– Я не прапускаю ніводнага нумара “Рэгіянальнай газеты”, вельмі люблю, паважаю гэта выданне. 20 год для газеты гэта і многа, але гэта і час, калі ўсё наперадзе: разнастайныя матэрыялы, новыя рубрыкі, цікавыя людзі. Таму найперш хацелася б пажадаць, каб “Рэгіянальная газета” радавала чытачоў пяць разоў па 20 гадоў.

Таксама пастаянны чытач пажадаў, каб тыраж “Рэгіянальнай газеты” дасягнуў 60 тысяч экзэмпляраў.

– Такі тыраж сапраўды заслужаны для газеты, – адзначае Міхась Міхасевіч. – Так большая колькасць людзей зможа пазнаёміцца з газетай і яе цікавымі матэрыяламі.

Таксама ён хацеў бы, каб пры газеце з’явілася невялічкая бібліятэка. Каб туды маглі прыйсці ахвотныя і пачытаць газету, узяць кнігу з публікацыямі пэўнага аўтара.

Міхась Казлоўскі пажадаў “Рэгіянальнай газеце” і яе супрацоўнікам далейшага прафесійнага майстэрства, больш цікавых рубрык, веры, упэўненасці ў сабе.