“Рэгіянальная газета” папрасіла сваіх чытачак з сямі гарадоў расказаць, каго яны лічаць самым прыгожым мужчынам у сваім горадзе. Хаця прывабныя мужчыны рэгіёна абсалютна розныя па прафесіі і не падобныя адзін на аднаго, але ў адным яны згодныя. Прыгожымі сябе не лічаць і валодаюць сапраўднымі мужчынскімі якасцямі.

ВАЛОЖЫН. Галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Яраслаў Мянцюк лічыць, што мужчыну трэба ацэньваць не па прыгажосці, а па ўчынках. Аднак добра, калі мужчына яшчэ і прывабны.

 

Галоўнаму доктару жанчыны нярэдка робяць кампліменты, мужчыны ж часцей ацэньваюць як спецыяліста.

– Часта мне гаварылі, што я элегантны, добры, у меру сціплы, – гаворыць Яраслаў Мянцюк. –  Са свайго досведу магу сказаць, што для жанчын не апошні фактар, каб мужчына быў прывабным, прыгожым. Сам часта раблю кампліменты, як кажуць, жанчына любіць вушамі, а мужчына – вачамі.

На думку Яраслава Менцюка, галоўныя якасці характару, якімі павінны валодаць мужчына, –  гэта стрыманасць, сіла волі, салідарнасць.

Таксама галоўны доктар узгадаў і самы прыемны падарунак на Дзень абаронцы –  гэта вячэра пры свечках, якую наладзілі спецыяльна для яго калегі-жанчыны. Іншыя мужчыны ў бальніцы не пакрыўдзіліся, бо кожнаму быў падрыхтаваны сюрпрыз.

Ад свята ў гэтым годзе Яраслаў Мянцюк не чакае матэрыяльных падарункаў. Галоўны падарунак, на яго думку, гэта той, які можна адчуць душой.

ВІЛЕЙКА. Дырэктар краязнаўчага музея Сяргей Ганчар здзівіўся, што яго палічылі прыгожым.

– Канешне, прыемна, што мяне адзначылі сярод віляйчан, аднак я не лічу сябе прыгожым. Гэта жанчынам можна сказаць, што яны прыгожыя. А для мужчыны галоўнае, каб ён быў мужны і адказны. 

Не ўзгадаў дырэктар краязнаўчага музея і самы прыемны камплімент, які яму рабілі.

– Якія кампліменты могуць гаварыць мужчыну. Але сам я па меры магчымасці гавару прыемныя словы сваёй жонцы, калегам. Ведаю, што ім ад гэтага прыемна. Чым больш кампліментаў гаворыш, тым больш прыгожымі становяцца жанчыны.

Сяргей Ганчар адзначыў, што на 23 лютага атрымлівае патрэбныя ў працы рэчы, напрыклад, нататнікі.

СМАРГОНЬ. Андрэй Усанаў, саліст ансамбля “Спадчына”:

– Ці лічу я сам сябе прыгожым? Ну, хутчэй так, чым не.

Я не магу адразу прыгадаць самы прыемны камплімент ад жанчыны, а вось часцей за ўсё мне гавораць: “Ты такі мілы”.

Сам кампліменты гаварыць жанчынам люблю. Яны так і просяцца з языка, калі я бачу прыгожую жанчыну.  Ну мне, як артысту, даволі часта дораць кветкі. І гэта самы прыемны падарунак ад гледачоў.

Мужчына, як лічыць Андрэй, павінен быць смелым, разумным і абавязкова з пачуццём гумару. 

А 23 лютага Андрэй не адзначае:

– Не хачу святкаваць Дзень арміі.

МАЛАДЗЕЧНА. Начальніка РАУС Валянціна Асіповіча прыгажуном лічаць многія маладзечанкі, але ён прызнаецца, што яму дастаткова, што ён самы прыгожы для сваёй жонкі і мамы.

Кампліменты, сціпла прызнаецца Валянцін Пятровіч, яму даводзіцца чуць не часта. А вось сам гаварыць кампліменты любіць.

– Я заўсёды заўважаю, калі ў нашых супрацоўніц, напрыклад, новая прычоска. І заўсёды гавару ім пра гэта.

Пра рысы сапраўднага мужчыны Валянцін Асіповіч кажа, што гэта адказнасць, надзейнасць і вернасць.

Свята 23 лютага Валянцін Пятровіч будзе адзначаць 4 сакавіка.

– Так атрымоўваецца, што хутка пасля 23 лютага мы святкуем Дзень беларускай міліцыі. Вось тады і адзначаем адразу тры святы. Трэцяе – 8 Сакавіка. А 23 лютага міліцыя не святкуе таму, што гэты дзень святкуюць усе мужчыны краіны. А гэта значыць, што людзям у пагонах трэба быць напагатове.

Лепшым падарункам начальнік міліцыі лічыць сваю дачушку.

– А я сам падарункі выбіраць не ўмею ўвогуле. Як што выберу, дык дакладна гэта чалавеку не спатрэбіцца ніколі ў жыцці, – жартуе Валянцін Пятровіч.

МЯДЗЕЛ. Старшы інспектар прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Мядзельскага РАНС капітан міліцыі Яўген Якімец адзначыў, што ён лічыць сябе прыгожым.

– Жанчынам падабаецца, што я высокі, таму робяць адпаведныя кампліменты, – расказвае Яўген Якімец. – Блізкія хваляць, што смачна гатую, раблю гэта пераважна па выхадных. Сам стараюся заўважыць змены ў знешнасці жанчын, тады абавязкова раблю кампліменты.

Самы прыемны падарунак, на думку Яўгена Якімца, калі віншуюць жонка і дачка, гавораць прыемныя словы.

Галоўнымі якасцямі характару, якімі павінны валодаць мужчына, Яўген Якімец называе мужнасць і мэтанакіраванасць.

АШМЯНЫ. Сяргей Жылік, метадыст па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў і музейнай працы навукова-метадычнага цэнтра аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама.

Сяргея Жыліка самым прыгожым мужчынам выбралі жанчыны з Ашмянаў. Калі мы паведамілі пра гэта Сяргею, ён доўга і гучна смяяўся, а потым сказаў:

– Ну, з жанчынамі ўвогуле спрачацца бессэнсоўна. Калі яны так вырашылі, хай буду самым прывабным. Хаця я пра сябе так ніколі не думаў. Ды і мне наўпрост такіх кампліментаў не гаварылі.

Часцей даво­дзіцца чуць пра сябе нешта накшталт: вы чалавек з пачуццём стылю.

Сяргею Жыліку больш даспадобы самому рабіць жанчынам кампліменты:

– Люблю я гэту справу! І лічу, што ўменне рабіць кампліменты жанчынам – гэта адна з тых рысаў, што робіць мужчыну мужчынам.

Як заўважае Сяргей, сярод тых якасцяў, якімі павінны валодаць мужчына, на першым месцы – інтэлект.

А пасля ўжо якасці – тактоўнасць, разважлівасць, надзейнасць. Важна для яго і каб мужчына ўмеў абараніць свой пункт погляду.

23 лютага адзначаць плануе.

– Так, мае дамашнія будуць мяне абавязкова віншаваць з гэтым святам, – кажа Сяргей. – Тым больш, яно мае да мяне дачыненне. Я два гады адслужыў у войску. Што падораць, для мяне ніякага прынцыповага значэння не мае, галоўнае, каб падарунак быў ад душы і для душы.

АСТРАВЕЦ. Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Сяргей Сяўко сябе прыгожым не лічыць:

– Ну які я прыгожы! Ува мне росту метр 70, і ў шырыню я амаль такі ж, – смяецца Сяргей Сяўко. – І кампліменты праз сваю сарамлівасць не люблю. І, прызнацца па праўдзе, сам гавару іх рэдка. Не таму, што жанчын няма побач прыгожых, а таму, што вось такое ў мяне строгае выхаванне. І гадкі характар, – смяецца наш суразмоўца.

На пытанне, які падарунак чакае на 23 лютага, адказаў так:

– Напэўна, адэкалон падораць, а я так мару пра электралобзік! А сам на святы заўсёды прыходжу з кветкамі і “рафаэлкамі”.

– Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінны валодаць сапраўдны мужчына?

– Мужчына павінны быць мужным! І гэта адрознівае яго ад жанчыны. А ўсё астатняе – агульначалавечыя якасці.

Даслалі ў рэдакцыю. Таксама мы папрасілі нашых чытачак даслаць у рэдакцыю фота іх любімых мужчын.

Сярод іншых, хто даслаў фота, мы выбралі фотаздымак маладзечанца Міхаіла Шарапы. Фота даслала нам яго каханая дзяўчына Ганна Стукіна.

Міхаілу 23 гады. Ён займаецца бізнесам.

– Але галоўнае, ён самы лепшы хлопец у свеце, – прызнаецца Ганна.

А які мужчына з нашага топу здаецца самым прывабным вам? Пакідайце адказы ў каментарах.