“Я купіла кватэру, а ў рамонт уклала ў чатыры разы больш, − скардзіцца жыхарка дома №8 па вуліцы Сухой на Лясных. − Ужо двойчы рамантавала з розніцай у тры гады!”

Каб расказаць пра праблемы свайго дома, жыхары выходзілі на вуліцу проста ў тапках. І, падхопліваючы сусед суседа, паказвалі то трэшчыну на фасадзе, то лужыну на ўсю шырыню дарогі, у якой можа сесці машына.

− Вентыляцыя ніякая, усе пахі абсалютна па кожнай кватэры гуляюць. Колькі мы пісалі, колькі гаварылі, так і не зрабілі.

Маладая мама, якая пяць год жыве ў доме, распавядае:

− Купілі кватэру. Выдатны садок побач, непадалёк школа, да цэнтра рукой падаць. Пяць год таму цалкам зрабілі рамонт у кватэры, уцяплілі знутры. Сёння вуглавыя сцены ўсе чорныя. Чорныя плямы ва ўсіх вуглавых кватэрах. Іх усе трэба звонку абавязкова ўцяпляць.

Адно з самых балючых пытанняў – праблемы з каналізацыяй:

− Мы кожны месяц выклікаем рамантаваць. Калі ў Новы год з каналізацыяй праблемы, значыць, Новы год святкуем каля яе.

Жыхары апрацоўваюць сцены ад грыбка, але гэта ратуе толькі на час. У адной з кватэр нарасцілі сцяну на некалькі сантыметраў, бо не змаглі вывесці цвіль.

Галоўныя праблемы, якія хвалююць жыхароў, − капітальны рамонт, у тым ліку інжынерных сетак, і асфальтаванне тэрыторыі каля дома. Тут няма стаянкі, затое ёсць невялічкі агарод, які жыхары раяць перадаць пад месца для машын.

Паводле адказу Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі пяць год таму, у 2010 годзе каля дома павінны былі ўладкаваць пешаходныя дарожкі, а на 2015 запланавалі капітальны рамонт. Але і сёлета жыхары ходзяць па вялізных лужынах і ямінах. Таму і ў тым, што тэрмін капрамонту вытрымаюць, сумняваюцца. Дадае сумневу і тое, што дом перададуць на абслугоўванне “Камунальніку”, ці не адкладзе гэта яшчэ на большы тэрмін капрамонт?

Суседзі наракаюць і на дзіцячую пляцоўку:

− Ці гэта пляцоўка для дзяцей? Тут ці дываны выбіваюць, ці п’юць.

Жыхары скардзяцца і на тое, што электраправады вісяць неахайным клубком у пад’ездзе, што ў кватэры на першым паверсе прасела падлога, а на балконы небяспечна станавіцца. Спадзяюцца, што ўсё ж дойдзе і да іх рамонт.

− Мы ж тут жывём. Паглядзіце, якая тут шэрасць! Ну, чаму б не пафарбаваць дамы, не зрабіць іх яркімі. Ніякага настрою, у дэпрэсію ўганяе. Мы хочам, каб нам выканалі тое, што абяцалі.

Перадача дома “Камунальніку” на рамонце не адаб’ецца

На зварот “РГ” Беларуская чыгунка адказала: “У 2015 годзе з улікам існуючага адставання па тэрмінах пастаноўкі на капітальны рамонт будзе распрацоўвацца перспектыўная Праграма капітальнага рамонту жыллёвага фонду Мінскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў. Пры фарміраванні праграмы будзе ўдакладнены тэрмін пастаноўкі на капітальны рамонт жылога дома. У план бягучага рамонту на 2015 год плануецца ўключыць работы па рамонце фасада і ўладкаванні пешаходных сувязяў”.

Сітуацыю каментуе начальнік ЖРЭУ №4 Мінскай дыстанцыі грамадзянскіх пабудоў Беларускай чыгункі Ігар Гаспер:

− Наша служба адказвае за абслугоўванне дома. Па капітальным рамонце я рашэнне не прымаю − гэта паўнамоцтвы Мінскага ўпраўлення. Тэрміны яго правядзення залежаць ад фінансавання. Шмат год запар я падаваў заяўку на бягучы рамонт гэтага дома. Сёння яшчэ няма рашэння, ці зможам правесці бягучы рамонт сёлета.

Сапраўды, паводле распараджэння Прэзідэнта, усе жылыя дамы чыгунка павінна перадаць на абслугоўванне гарадскім структурам. Пасля скасавання нашага ведамства работнікі змогуць перайсці ў іншыя падраздзяленні чыгункі. Гэта адбудзецца паступова. Хаця ў нас не так шмат кватэр, але дамы раскіданыя ўздоўж чыгуначнага палатна па чатырох кірунках: гудагайскім, мінскім, лідскім і мя­дзельскім. Таму працэс зойме час.

Два дамы ў Маладзечне ўжо перадалі гарадскому ЖРЭУ №2.

Але перадача дома на абслугоўванне “Камунальніку” ніяк не паў­плывае на тэрмін капітальнага рамонту. Мы кансультаваліся са спецыялістам з райвыканкама і атрымалі адназначны адказ. Жыхары плацяць штомесяц на капрамонт, гэта сума збіраецца і пры перадачы дома мы перададзім і сабраныя на капрамонт сродкі. Але тэрмін капрамонту ўжо будзе вызначаць “Камунальнік”.

Варта разумець, што толькі за выплаты жыхароў рамонт не зробіш, бо там сума значная. Таму пытанне фінансавання настолькі важнае.

Наша ЖРЭУ займаецца абслугоўваннем унутры дома, і я ведаю, што ўсе скаргі мы вырашаем аператыўна. Сапраўды, пытанні з забітай каналізацыяй частыя. Але праблемы ўзнікаюць і з-за таго, як каналізацыяй карыстаюцца. Калі забіваецца, мне не саромеюцца і ў дзве гадзіны ночы званіць. Але мы заўсёды знаходзім спосаб, як выправіць сітуацыю. А потым выяўляем прычыну затору і паказваем − бывалі мяккія цацкі, нават слоік з агуркамі. Але праблемы, якія ідуць пасля калодзежа, ужо тычацца гарадскіх службаў.

Наконт сустрэчы з жыхарамі пытання няма. У аўторак і чацвер я заўсёды на рабочым месцы, калі толькі тэрмінова не выклічуць. Ёсць кніга для запісу. Я заўсёды рады людзям. Але не абяцаю тое, што не змагу выканаць.