Вынікі конкурсу “Чалавек года” на Вілейшчыне падвялі ў пятніцу, 20 лютага, на злёце перадавікоў сельскай гаспадаркі.

Упершыню тытулам уганаравалі за грамадскую дзейнасць. Сама пераможца лічыць такі крок прызнаннем аўтарытэту грамадзянскай супольнасці і верай у яе эфектыўнасць і развіццё.

Стварыць “ЗОВіК” было наканавана лёсам

Таццяна Цітуленка – старшыня грамадскага аб’яднання па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага раёна “ЗОВіК”. Адначасова яна намеснік начальніка па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вілейскага райвыканкама, начальнік аддзела занятасці.

У красавіку “ЗОВіК” адзначыць тры гады існавання, за гэты час арганізацыя змагла многае палепшыць на Вілейшчыне.

На стварэнне аб’яднання Таццяну Цітуленку натхніла тое, наколькі запатрабаваным стаў Віллянін хутар. Мена­віта яна − аўтар праекта гэтай турыстычнай пляцоўкі, якая стала месцам шматлікіх святаў і сямейнага адпачынку для віляйчан.

Адмысловае грамадскае аб’яднанне, якое займалася б падобнымі праектамі,  пачалося з таго, што чацвёра нераўнадушных віляйчан вырашылі супольнай працай змяніць Вілейку да лепшага. А адбылося гэта такім чынам:

− Наша аб’яднанне нібы прадвызначана лёсам, − прыгадвае Таццяна Цітуленка. − Самі глядзіце. Аднойчы іду я па плошчы Леніна, сустракаю Сяргея Ганчара, дырэктара музея. Распавяла пра сваю задуму,  пагаварылі, ён адразу пайшоў насустрач, сказаў, што будзе рады далучыцца. Іду далей − сустракаю Дзмітрыя Бобрыка, ён таксама толькі “за” быў. А далей сустрэла Андрэя Дударчыка, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі. Ён кажа, што я прапанову з языка зняла, што сам думаў арганізаваць які-небудзь грамадскі фонд. Уяўляеце, нібы вышэйшыя сілы нас звялі.

Праект за праектам могуць змяніць Вілейку да лепшага

Сваё аб’яднанне назвалі “ЗОВіК”. Расшыфроўваюць у двух варыянтах: заядлыя аптымісты Вілейкі і кампанія, ці заядлыя аптымісты сусвету і кампанія.

З цягам часу ў аб’яднанне далучыліся і іншыя актывісты. Удзельнікі “ЗОВіК” бачаць мэтай прыцягнуць увагу да Вілейшчыны як да турыстычнага цэнтра. Яны працуюць над развіццём раёна ў трох кірунках: экалогія, сацыяльная сфера і эканоміка.

Удзельнікі аб’яднання пачалі цікавіцца жыццём грамадскіх арганізацый, грантавых праектаў. Самі пачалі падаваць заяўкі на ўсе магчымыя гранты, якія маглі б фінансаваць іх ідэю палепшыць жыццё ў Вілейшчыне.

Першы грант атрымаў праект “Ачысцім малую Пляснянку − выратуем Балтыйскае мора”. На яго выдаткавалі 50 тысяч еўра.

Другі праект “Так – роварнаму руху” мае на мэце развіццё веламаршрутаў і папулярызацыю ровараў. У яго межах высвятлялі праблемы для раварыстаў, цяпер ладзяць конкурс роварных парковак.

Яшчэ адзін праект папулярызуе неабходнасць уважліва распараджацца смеццем. У яго межах распрацавалі экскурсійны маршрут ад сметніцы да сметніцы.

− Асабіста я не імкнуся за дыпломамі і ўзнагародамі, − расказвае Таццяна пра тое, што званне значыць для яе. − Але для мяне як старшыні “ЗОВіКа” гэта бясцэнны тытул. Тое, што яго атрымала я, гаворыць пра імкненне да развітай грамадзянскай супольнасці. У нас мора ідэй, і мы можам іх увасабляць. Я ганаруся, што нашу работу заўважылі і так высока ацанілі. Тое, што мясцовая ўлада нас падтрымлівае, вельмі многае дае. Мы зразумелі, што ўсяму трэба вучыцца. І ў выніку зможам дасягнуць таго, да чаго імкнёмся − развітага экатурызму, здаровай прыроды, чыстай вады.

Зразумеем важнасць зялёнай эканомікі, а не той, на якой заробіш рубель, а тры аддасі на аднаўленне здароўя ад наступстваў. Вілейшчына зможа стаць месцам, куды прыемна прыехаць і адпачыць.

Летась тытул “Чалавек года” атрымаў мастак Эдуард Мацюшонак.