Першая гульня ў серыі плэй-оф занончылася для маладзечанцаў перамогай над сталічнай камандай “Юнацтва” з лікам 4:3.

Адкрылі лік гульні падначаленыя Дзмітрыя Краўчанкі ў першым перыядзе. Галявая шайба Арцёма Шагава заляцела ў вароты мінчан на 13 хвіліне.  

Далей “дынамаўцы” толькі павялічвалі разрыў у ліку, не пакідаючы ніводнага шанца сапернікам.

Так, на 22 хвіліне Андрэй Філічкін робіць лік 2:0, а на 26 хвіліне Максім Міміканьянц забівае трэцюю шайбу ў вароты “Юнацтва”.

А на сёмай хвіліне трэцяга перыяду Аляксей Аўтаеў даводзіць лік да зусім непрыстойнага – 4: 0.

Як часам бывае, маладзечанскія хакеісты, схапіўшы эйфарыю, пераканаліся ў сваёй  перамозе і расслабіліся. Чым і скарысталіся сапернікі. Усяго за некалькі хвілін “Юнацтва” закідвае шайбу тройчы. Дубль Анатоля Пратасені, шайба Віктара Туркіна – і гаспадары вяртаюцца ў гульню. Праўда, за 16 секунд да канца матча дамагчыся жаданага ў іх не атрымліваецца. У выніку – перамога “зуброў” з лікам 4:3.

Пасля матча галоўны трэнер ХК “Дынама-Маладзечна” Дзмітры Краўчанка на прэс-канферэнцыі падсумаваў вынікі матча:

– Калі гэта ўзяць як асобны матч, то адзінае чаму можна радавацца – двум перыядам і перамозе. Так як яна, у прынцыпе, першая. Пераважаючы ў ліку, нашы спартсмены паверылі ў перамогу. Хай яны падымуць галаву і звернуць увагу на традыцыі “Юнацтва”. Ні ў якім разе нельга расслабляцца! А што нам дапамагло? Забілі на адзін гол больш. Ва ўсім астатнім ёсць і станоўчае, і адмоўнае.

Другі матч маладзечанцы правядуць з “Юнацтвам” ужо сёння. Гульня адбудзецца ў Мінску.

У Маладзечне каманды згуляюць 2-3 сакавіка.