Пра легендарную “качу” “У Фёдаравіча”, што месціцца ў падвале дома, дзе дзіцячая стаматалогія, чулі, напэўна, усе маладзечанцы.

Не адно пакаленне атлетаў выхаваў трэнер Віктар Грыгор’еў. У артыкуле пра тое, як трэнер сам збірае трэнажоры, чаму грошы для яго – не галоўнае і чаму ў трэнажорку не бяруць дзяўчат?

У 80-я гады, калі ў краіне стала актыўна адраджацца атлетыка, адкрываліся шматлікія ФАКі, Віктару Грыгор’еву было 22 гады. Тады малады, ініцыятыўны хлопец, захоплены спортам, марамі пра ідэальнае цела, вырашыў, што трэба адкрываць сваю спартыўную залу.

Вядома, што ў Саюзе  трэнажораў нідзе нельга было купіць. Выйсце знайшлося ў замежных спартыўных часопісах. Там на глянцавых старонках былі сфатаграфаваныя дзіўныя прылады.

Вырашылі паспрабаваць зрабіць такія ж самі.

– Першым трэнажорам быў трэнажор на вертыкальную цягу. Я тады яшчэ варыць метал не ўмеў, прасіў зваршчыка, – кажа Віктар Грыгор’еў. – Зрабіў схемы, вытачыў дэталі. З металам тады дакладна праблем у краіне не было. Глядзеў, як зваршчык працуе, вучыўся ў яго. Потым стаў рабіць трэнажоры сам.

І да гэтага ў нашай “трэнажорцы” няма ніводнага купленага трэнажора.

Потым быў перыяд у жыцці Віктара Грыгор’ева, калі ён стаў вырабляць трэнажоры па заказе і на продаж.

Цяпер Віктар Фёдаравіч займаецца трэнерскай дзейнасцю.

“Камбікорм ужываць спартсмену не трэба”

Як прызнаецца трэнер, цяпер яго парады навічкам, якіх у залу ходзіць нямала, непатрэбныя.

– Начытаюцца інтэрнэтаў, камбікорму накупляюць і нашто ім той трэнер? Але потым, калі бачаць, што вынік не такі, як хацелася б мець, ідуць раіцца і трэніравацца пад наглядам.

Для тых, хто прыйшоў у залу ўпершыню або не ведае, з чаго пачынаць трэніроўкі, Віктар Грыгор’еў распрацаваў план заняткаў на два гады(!) наперад, які вісіць на ўваходзе ў залу.

– За які час вы можаце з хлюпіка зрабіць атлета?

– Заняткі ў зале не павінны быць мэтай хутка нечага дамагчыся. Гэта лад жыцця. Прыйшоў­шы раз, уцямце сабе, што гэта на ўсё жыццё. А цела пачынае мяняцца месяцаў праз пяць. І то, калі да рэгулярных трэніровак дадаць яшчэ правільнае харчаванне.

Да спецыяльнага спартыўнага харчавання Віктар Грыгор’еў ставіцца скептычна. Ён лічыць, што

паасобнае харчаванне, трэніроўкі праз дзень і бег у выніку дадуць эфект не меншы, чым злоўжыванне нейкімі дадаткамі.

– Гэта як з загарам. Прыбяры сонца – і загар знікне. Так і тут. Перастань прымаць спе­цыяльныя дадаткі – і цела зноў вернецца да першапачатковага стану.

“Дзяўчатам у нас не спадабаецца”

– Ці праўда, што вы наўмысна не бераце дзяўчат да сябе?

– Гэта не зусім так. Дзяўчаты самі да нас другі раз не прыходзяць. Зала ў нас вельмі брутальная. Мужчынская. Цяжка дзяўчынкам у нас. І распранальня ўсяго адна.

Але наведніца залы Вікторыя Кузьмянкова зусім не лічыць, што гэта зала не для яе.

– Я хаджу сюды ўжо два з паловай гады. Упершыню прывёў мой хлопец. Сказаў: будзеш займацца! Вось разам ходзім.

Вікторыя прызнаецца, што ёй гэта зала зусім не здаецца нейкай жудаснай:

– Хаця даводзіцца назіраць, як прыходзяць дзяўчаты, пакруцяць носам і больш тут не з’яўляюцца. А мне падабаецца, што кошт заняткаў вельмі танны – у месяц прыкладна 40 тысяч рублёў.

– Хлопцы не крыў­дзяць?

– Ха, яшчэ хто каго.

На пытанне, чаму мініяцюрная дзяўчынка выбрала заняткі ў “трэнажорцы”, а не танцы, ёгу ці фітнес, Віка адказала:

– З мужчынамі зносіны прасцей. Калі няправільна робіш практыкаванне, то яны заўсёды пакажуць, як трэба рабіць правільна.

Яшчэ адзін наведнік залы, 11-класнік Арцём Валынец, наведвае залу каля двух гадоў. Але першыя змены ў целе заў­важыў ужо праз месяцаў пяць.

 Аднойчы прачнуўшыся раніцай, вырашыў, што хоча займацца ў трэнажорнай зале. І за два гады ні разу не парушыў аднойчы дадзенае сабе слова. У распарадак ты­дня даволі хутка ўвайшло наведванне трэнажорнай залы. Правільнае харчаванне ўжо не падаецца Арцёму нечым звышнатуральным.

– Дзіўна, але звычка займацца ў зале стала такой жа неабходнасцю, як раніцай чысціць зубы. Трэба, і гэта не абмяркоўваецца.

У трэнажорную залу пажадана пачаць ха­дзіць з 14 гадоў, падсумаваў трэнер Віктар Грыгор’еў. Раней па­чынаць трэніроўкі не мае сэнсу, таму што цела яшчэ не сфарміраванае і верагоднасць траўмаў ад гэтага павялічваецца.