Футболам Віктар займаецца год з дзесяці. Зацікавіў яго брат Сяргей. За ім і цягнуўся: разам гулялі, хадзілі на трэніроўкі ў секцыю.

– Гэта зараз няма такога, каб дзеці на вуліцы гулялі: у інтэрнэце ўсе сядзяць, – шкадуе Віктар.

Запомніўся матч з хет-трыкам

Капітан “Віліі” Алег Гулевіч сказаў пра Віктара, што гэта футбаліст, які можа на ўсіх пазіцыях  згуляць. Але збольшага ён гуляе наперадзе. Пачалося гэта яшчэ з дзяцінства:

– Неяк з дзецьмі ездзілі на рэспубліканскія спаборніцтвы “Скураны мяч”. Паставілі гуляць наперадзе – атрымалася. Так і працягнуў.

Як у дарослы футбол прыйшлі?

– Гулялі адной камандай. Прапанавалі на вобласці пагуляць. Мне тады год 18 было. І з таго часу за “Вілію” гуляю – з перапынкам на службу ў армію.

Найбольш сярод матчаў за “Вілію” Віктару запомнілася гульня з камандай з Клецка.

– Гэта гады тры таму было. Прайгравалі 0:1, а выйгралі 3:1. Запомніўся матч тым, што валявую перамогу атрымалі. Ды і першы свой хет-трык зрабіў. Здаецца, ён для мяне адзіным у чэмпіянаце вобласці і застаўся.

“Гэта лепш, чым дома сядзець”

Працуе Віктар будаўніком. Праца – фізічная. Вядома, стамляецца. Але ж сіл і часу на трэніроўкі і гульні не шкадуе:

– Я ж для задавальнення ў футбол гуляю. Выхадныя вольныя – чаму б не пабегаць. А вечарам калі і патрэніравацца можна. Пакуль здароўе дазваляе, гэта лепш, чым дома сядзець. Усё ж карысна: вядзеш актыўны вобраз жыцця.

Спытаў у Віктара, як ён ацэньвае стан вілейскага футболу.

– Каб не намаганні некаторых людзей, яго б зусім не было. Гэта старшыня раённай федэрацыі футболу Ігар Шабан, наш капітан Алег Гулевіч і іншыя ветэраны. А так усё на энтузіязме трымаецца. І гэтак будзе цягнуцца, пакуль не з’явіцца зацікаўленасць у горада.

Як вы ацэніце перспектывы футболу ў Вілейцы?

–  Як слабаватыя. Шкада, што моладзі няма. У “Вілію” з моладзі адзін чалавек прыходзіць у сезон. А так збольшага ветэраны гуляюць. У адным з матчаў летась на дваіх нападаючых было 84 гады! Няма зацікаўленасці у моладзі. Можа, хочуць, каб заплацілі за гульню, на харчаванне грошы выдзелілі. А мы ж на энтузіязме гуляем.

Усё ж так цяжкавата: выдаткоўваць свой час, сілы – і нават маленькай кампенсацыі не мець?

– Я ніколі не грашыма не гнаўся. Мне падабаецца – і ўсё.

Сын сам вырашыць, ці захоча стаць  футбалістам

У пачатку года ў сям’і Сяліцкіх адбылося папаўненне: нарадзіўся першынец Данііл.

– Не думалі яшчэ, ці будзеце яго да футболу далучаць, як падрасце?

– Паспрабую. А захоча, ці не – хай сам вырашае.

Юнакам, якія бавяць час дома ля камп’ютара, што можаце сказаць?

– Што тыя камп’ютары! Выходзьце на вуліцу, на стадыён. Гэта больш карысна.