Ці варта ехаць адпачываць у Іспанію зімой, колькі грошай на гэта спатрэбіцца, пра што трэба загадзя паклапаціцца і іншыя адказы на пытанні турыста, які вырашыў не шукаць дапамогі ў турагенцтвах.

Вандроўку лепш па­чаць планаваць загадзя. Хаця б заказаць білеты на самалёт.

Дарога

Выгадней планаваць вылет і прылёт не ў Мінск, а, да прыкладу, у Вільню. Будзе ў два разы танней.

Калі да таго ж узяць білеты за некалькі месяцаў, можна на кожным зэканоміць яшчэ палову цаны.

Да Вільні дабірацца можна як на цягніку ці аўтобусе, так і на ўласнай машыне. Калі вы абіраеце апошні варыянт, трэба адкласці грошы на паліва, а да таго ж паклапаціцца аб атрыманні зялёнай карты на выезд за мяжу. Спатрэбяцца грошы і на аплату стаянкі. Затое такі варыянт найбольш камфортны. Асабліва, калі праз нязручны час прылёту і адлёту даводзіцца ў Вільні начаваць. Хостал ці гатэль, хутчэй за ўсё, абыдуцца даражэй.

Жыллё

З вышыні гары Манжуік.

З вышыні гары Манжуік.

Другі не менш важны момант – выбар жытла ў Барселоне.

Заказаць пакой лепш за два-тры месяцы. У гэтым выпадку ёсць магчымасць выбіраць паміж рознымі варыянтамі і спалучаць цану з камфортам.

Хостал адназначна самы танны варыянт. Пакой на дваіх у цэнтры Барселоны на тыдзень зімой каштуе 170 еўра.

Музеі

Каб у Барселоне не губляць час на пошук і выбар патрэбных музеяў, можна загадзя заказаць спецыяльную турыстычную карту BarselonaCard. Так яна танней, чым калі набываць на месцы ў Барселоне. Забраць яе трэба ў турыстычным цэнтры па прыездзе. Карта дае скідкі на наведванне звыш 40 музеяў. Каля 15 з іх можна наведаць бясплатна.

Больш за тое, разам з ёй выдаюць карту горада, на якой пазначаныя ўсе музеі. Таксама атрымаеце праязны на ўсе віды транспарту ў пэўнай зоне. Яна ахоплівае практычна ўсю частку горада, дзе месцяцца асноўныя славутасці.

Расходы на арганізацыю паездкі (на дваіх) Еўра Рублі (па курсе 16 850)
 Два білеты на самалёт (туды-назад)  180  3 033 000
 Багаж на самалёце да 15 кг, адзін чамадан (туды-назад)  45  758 250
 Паліва для машыны на дарогу да Вільні (туды-назад)  15  252 750
 Зялёная карта на машыну для выезду за мяжу  30  505 500
 Стаянка ў аэрапорце (тыдзень)   30  505 500
 Пакой у хостале на тыдзень (на дзве асобы)  170  2 864 500
 Дзве турыстычныя карты BarcelonaCard  108  1 819 800
 Агульная сума  578  9 739 300

Тры ў адным: архітэктура, мора, горы

Для Барселоны тыдня можа быць і мала. Таму трэба вызначыць, што вы сапраўды хочаце там убачыць.

За пяць дзён мы паспелі наведаць каля 25 месцаў. З іх і склалі топ тых, што найбольш уражваюць.

1. Дом Бальё

Дом Бальё.

Дом Бальё.

У доме Бальё. Чым вышэй, тым больш сіняга колеру. Такім чынам Гаўдзі зрабіў так, што святло аднолькава размяркоўваецца па ўсіх паверхах.

У доме Бальё. Чым вышэй, тым больш сіняга колеру. Такім чынам Гаўдзі зрабіў так, што святло аднолькава размяркоўваецца па ўсіх паверхах.

Незвычайных будынкаў Антоніа Гаўдзі, аднаго з найвядомейшых архітэктараў свету, у Барселоне шмат. Дом Бальё –  жылы дом, пабудаваны ў 1877 годзе для тэкстыльнага магната Жозепа Бальё-і-Касановаса і перабудаваны Гаўдзі ў 1904-1906 гадах. Ён здзіўляе сваёй сувяззю з водным і жывёльным светам.

На ўваходзе можна ўзяць труб­ку з аўдыёгідам. Нябачны экскурсавод тлумачыць сімволіку формаў будынка: як знешніх, так і ўнутраных.

2. Музей навукі КосмаКайша

Для тых, хто цікавіцца фізікай – сапраўдная асалода. Для тых, хто не цікавіцца – яшчэ большая. Недарэмна ў 2006 годзе яго прызналі лепшым музеем навукі ў Еўропе.

КосмаКайша дае магчымасць убачыць фундаментальныя законы і з’явы прыроды. Такія, як радыяцыя, оптыка, законы Ньютана, законы вярчэння, уяўленне пра хаос, усё аб зямлі і атмасферы.

Дазнацца, што такое гены, жывыя клеткі, першыя экасістэмы, формы жывых істот.

Зразумець, калі з’явіліся нейроны, што такое розум і шмат іншага.

Галоўнае – усё гэта праз своеасаблівую гульню. Можна самому выбіраць, які дослед пагля­дзець, колькі разоў. Бо амаль усе яны запускаюцца праз націск на кнопку. Большасць з іх вельмі відовішчныя, хоць і падаюцца простымі.

Больш за тое, тут ёсць рэпрадукцыя ўчастка трапічнага лесу Амазонкі, дзе больш за 100 розных відаў жывёл і раслін: птушкі, рыбы, мурашы, атрутныя жабы, анаконда.

3. Саграда Фамілія

 

Саграда Фамілія.

Саграда Фамілія.

Самая фантастычная пабудова Гаўдзі. Пачалі будаваць у 1882 годзе і працягваюць па сёння. Таму з-за кранаў ацаніць усю неверагодную прыгажосць гэтага стварэння пакуль немагчыма. Аднак убачыць варта.

4. Гара Манжуік

Нацыянальны музей мастацтва Каталоніі.

Нацыянальны музей мастацтва Каталоніі.

Ля Нацыянальнага музея мастацтва Каталоніі.

Ля Нацыянальнага музея мастацтва Каталоніі.

На гары Манжуік.

На гары Манжуік.

На знакамітай гары стаіць Нацыянальны палац, дзе месціцца Нацыянальны музей мастацтва Каталоніі. Тут жа батанічны сад Барселоны, Алімпійскі стадыён імя Луіса Кампаніса. Непадалёк ад стадыёна – музей, прысвечаны Алімпійскім гульням 1992 года.

На гары таксама знаходзіцца музей аднаго з найвядомейшых каталонскіх мастакоў Жоана Міро. А таксама крэпасць Манжуік, пабудаваная ў 1640 годзе.

Адсюль адкрываюцца выдатныя краявіды Барселоны. Можна пракаціцца на фунікулёры, убачыць горад і мора зверху.

5. Парк Гуэль

Парк Гуэль.

Парк Гуэль.

Парк Гуэль.

Парк Гуэль.

Казачны парк, за які таксама трэба дзякаваць Гаўдзі. Як і ўсё ім створанае, выглядаюць пабудовы фантастычна, таксама з жывёльнымі і воднымі матывамі.

Звычайна парк раяць наведаць усім турыстам. Галоўнае – зайсці з правільнага боку, інакш можна вельмі доўга шпацыраваць проста па звычайным парку і не верыць, што тут нешта зрабіў сам Гаўдзі.

Дарэчы, тут жа можна наведаць і дом, у якім да 1925 года жыў архітэктар. Прапануюць таксама наведаць 4D і пагля­дзець фільм, прысвечаны творчасці Гаўдзі.

6. Музей-тэатр Сальвадора Далі

Музей-тэатр Сальвадора Далі.

Музей-тэатр Сальвадора Далі.

Музей-тэатр Сальвадора Далі.

Музей-тэатр Сальвадора Далі.

У музеі-тэатры Далі.

У музеі-тэатры Далі.

Месціцца ён не ў самой Барселоне, а ў невялічкім гарадку Фігарэс у га­дзіне язды цягніком. Месца, дзе сапраўды можна адчуць сусветна вядомага мастака і трапіць у свет сюррэалізму. Ужо сам будынак з гіганцкімі яйкамі наверсе намякае, што гэта не проста музей у звычайным яго ўяўленні.

Унутры – тэатр. Там няма акцёраў, але самі залы, размяшчэнне ў іх скульптур, карцін, гульня колераў і незразумелых воку формаў дазваляюць назваць музей тэатрам.

Таму калі вы ўжо даехалі да Барселоны, варта не паленавацца і заехаць у гэта месца.

Барселона шмат прапануе для турыстаў. Неверагодныя велічныя саборы, гатычныя вулачкі і атмасферныя плошчы. Незвычайныя музеі шакаладу, парфуму, эротыкі. Ёсць гіганцкі акварыум, дзе над галавой праплываюць акулы.

Цэны на музеі вар’іру­юцца ад 3 да 20 еўра. Чым больш распіяраныя месцы – тым большыя цэны.

Заўважанае ў паўсядзённасці

1. На тэрмометры +15, а барселонцы ў зімовых куртках і ботах. Еўрапейская зіма.

2. Уздоўж ходнікаў па ўсім горадзе стаяць альбо ровары, альбо скутары. Відавочна, паркавацца прасцей.

3. Шматлікія раёны Барселоны разбітыя на кварталы. Унутраныя двары схаваныя ад мінакоў. На карце выглядае прыгожа і правільна.

4. Іспанцы чытаюць газеты: на вуліцах, у кавярнях, парках.

Парк Гуэль.

Парк Гуэль.

5. Каталонцы часта ходзяць на чырвонае святло. Глядзяць не на святлафоры, а па баках.

6. Снедаць прынята ў кавярнях. Звычайная прапанова – круасан і кава.

7. Паэлья. Нацыянальная страва з рысу, падфарбаваная вострай прыправай шафранам, з дадаваннем аліўкавага алею. Акрамя гэтага ў паэлью могуць дадавацца морапрадукты, гародніна, курыца.

Нацыянальная іспанская страва паэлья.

Нацыянальная іспанская страва паэлья.