Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў пачала набор кандыдатаў у штогадовым злёце актыўнай рэабілітацыі.
Падчас злёту 30 адабраных курсантаў-вазочнікаў, якія нядаўна атрымалі траўму ці хваробу пазваночніка, будуць вучыць практычным навыкам паўнавартаснага жыцця. Пачынаючы ад сваіх правоў і льготаў і заканчваючы прафілактыкай хваробаў, навучаюць дасведчаныя інструктары, самі вазочнікі. У летніку дапамагаюць валанцёры.
Злёт актыўнай рэабілітацыі адбудзецца ў ліпені. Дакладныя даты мы паведамім пазней.
Удзел у летніку бясплатны.
Адабраныя кандыдаты, якія не маюць вазка актыўнага тыпу, атрымаюць яго на час летніка.
Праграма навучання ўключае трэніроўкі па тэхніцы язды на вазку актыўнага тыпу, стральбе з лука, настольным тэнісе, агульнафізічнай падрыхтоўцы, плаванні, аэробіцы.
Удзельнікі змогуць сыграць у баскетбол, рэгбі, іншае. Пройдуць спаборніцтвы па міні-марафоне і іншым.
Удзельнікам летніка прапануюць лекцыі па гісторыі інваспорту і паралімпійскага руху ў Беларусі, пра віды інваспорту. Распавядуць пра паводзіны вазочнікаў у экстрэмальных умовах, арганізацыю жыццёвай прасторы, вазок актыўнага тыпу, ільготы для інвалідаў, перспектывы працаўладкавання, самагігіену, сэксуальную граматнасць, правільнае харчаванне.
Удзельнікі абавязкова пазнаёмяцца з новымі сябрамі.
Для ўдзелу дастаткова запоўніць анкету на сайце www.raik.by і даслаць яе на электронную пошту inna.digilevich@gmail.com ці па факсе (8017) 392-11-89. Выдатна, калі вы дадасце сваё фота.