Радыяцыю знайшлі ў грыбах і ягадах з Вілейшчыны.

Маладзечанскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, паводле вынікаў радыяцыйнага кантролю за 2014 год, ацэньвае абстаноўку на Маладзечаншчыне стабільнай.

На ўтрыманне радыенукліду цэзію-137 правялі 125 пробаў з вытворчага сектара. Сярод іх − прадукты, лекі, вада. Усе пробы адпавядалі нормам.

З прыватнага сектара даследавалі 74 пробы. Радыяцыйнае забруджванне знайшлі ў дзвюх з іх. Прычым уся прадукцыя Маладзечанскага раёна была чыстая.

Перавышэнні дапушчальнага узроўню былі ў адвараных грыбах, сабраных у лесе каля вёскі Хаценчыцы Вілейскага раёна (цэзій перавышаў норму ў 6,2 раза), а таксама ў сушаных чарніцах з-пад Вязыні (перавышэнне ў 15,4 раза).

Кантралявалі радыяцыю пры адводзе дзевяці зямельных участкаў пад будаўніцтва. Гама-фон на іх не перавышаў натуральны ўзровень для адкрытай мясцовасці.

Абследавалі 158 аб’ектаў, каб пракантраляваць утрыманне радону ў паветры. Два аб’екты далі нязначнае перавышэнне. Пасля працы з вентыляцыяй падчас паўторных замераў парушэнняў не было.