Скра­дзеныя грошы з банкамата, сямейныя скандалы са збіццём, пах ацэтону ў пад’езде. Гэта толькі адзін працоўны дзень участковага міліцыянера 12-га адміністрацыйнага ўчастка Маладзечна.

Аляксандр Цярэшка адказвае за правапарадак амаль на 20 вуліцах у адным з самых старых раёнаў горада – Гелянове. Працы, як прызнаецца, хапае заўсёды. І каб не быць галаслоўным, прапанаваў з ім падзяжурыць адзін пятнічны вечар.

“Штраф плаціць не буду, хочаце – саджайце”

– Аляксандр Сяргеевіч, як і дамаўляліся, я ў 18:00 на месцы, – тэлефаную перад зачыненымі дзвярыма кабінета ўчастковага.

– А ў мяне неспадзяваныя абставіны, – чую адказ Аляксандра Цярэшкі.

Праз пэўны час Аляксандр Сяргеевіч з’яўляецца з  маладой жанчынай.

– Вы пасядзіце пакуль, а я аформлю затрыманне, – кажа міліцыянер.

Жанчыне, якую затрымаў Аляксандр Цярэшка, 26 гадоў. Яна ўжо адседзела ў турме сем год. Была замужам, у яе расце дзіця.

Цяпер адбывае пакаранне на так званай “дамашняй хіміі”. Па прысудзе яна абавязаная знаходзіцца ў кватэры ў іншым мікрараёне горада. У пятніцу ж шляхі ўчастковага і парушальніцы перасекліся ў раёне Гелянова.

– У мяне быў выклік абсалютна па іншай прычыне, – гаворыць Аляксандр Цярэшка. – Патэлефанавала жанчына і сказала, што ў іх у пад’ездзе чуваць пах ацэтону. Прыйшоў праверыць. Сустрэў гэту жанчыну ў пад’ездзе. Яна была выпіўшая і лаялася на суседку. Прыйшлося забіраць.

– Можаце пісаць там колькі заўгодна, – кажа маладзіца, – ніякіх папер на штраф я падпісваць не буду. Я і папярэдні, дарэчы, аплачваць не буду. За дачу лжывых паказанняў.

– А нашто ты давала лжывыя паказанні, ты ж папярэджаная аб наступствах.

– А што вы вядзецеся на іх, як дзеці? Я па-жар-та-ва-ла.

Афармленне пратакола займае шмат часу. А пакуль жанчына расказвае ўчастковаму пра сваё жыццё:

– Не магу на працу ўладкавацца. Прачытаю аб’яву ў газеце, прыходжу, а яны кажуць: “ Не трэба людзі, узялі ўжо”. Так што не буду я штраф плаціць, можаш мяне закансерваваць. Дай тэлефон, я мужу свайму пазваню.

– А з сынам ты часта бачышся?

– Сын у свекрыві. Я з ёй пяць хвілін паразмаўляю толькі, а мне ўжо 139 артыкул (Даведка “РГ”: артыкул забойства) свеціць.

Гутарку затрыманай перарывае паведамленне, якое прыходзіць па рацыі.

Па такім і такім адрасе скандал. Сужытнік збівае жанчыну. Адрас, відаць, Аляксандру Сяргеевічу даўно знаёмы. Адказвае дзяжурнаму, што закончыць справу і сходзіць.

Жанчыну забірае патрульная машына. Яе вязуць у РАУС. У калідоры чакае наступны чалавек.

“Тры мільёны за два дні прагуляла, а цяпер шукае вінаватых”

Наступная наведніца прыйшла паскардзіцца на тое, што з яе банкаўскай карткі знялі грошы. За два дні з карткі зніклі тры мільёны.

Аляксандр Цярэшка прызначыў жанчыне сустрэчу назаўтра, калі забярэ запісы з камер відэаназірання каля банкамата.

– Прыходзьце заўтра, будзем з вамі кіно гля­дзець, – кажа наведвальніцы участковы.

Яна сыходзіць. Пытаюся ў міліцыянера:

– У яе грошы скралі, а яна прыйшла да вас запісы паглядзець, а не ў міліцыю заяву пісаць?

– Яна ўжо напісала. А праверку праводжу я.  Два дні да гэтага яна тут так “галівудзіла”, цяпер сама не можа ўспомніць, колькі грошай здымала, а колькі скралі.

– Ну пойдзем, пагля­дзім, што там за збіццё зрабілася. Вы фатаграфуйце асцярожна, – гля­дзіць на фотаапарат Аляксандр Сяргеевіч, – і з-за маёй спіны.

Пакуль ідзём да месца выкліку, усе мінакі вітаюцца з Аляксандрам Сяргеевічам. І жанчыны, што выходзяць з магазіна, і кампанія крыху нецвярозых хлопцаў, заўважыўшы Аляксандра Цярэшку, гучна павіталася:

– Сяргеіч, здарова. Хадзі да нас.

– Вас тут усе ведаюць?

– А як жа, больш за 10 гадоў ужо на гэтым участку працую. 

Прыходзім па адрасе. Грукаемся ў дзверы. За дзвярыма цішыня. Толькі праз хвілін дзесяць па той бок дзвярэй чуецца нейкі рух. Дзверы адчыняе жанчына. Вельмі нецвярозая.

Уваходзім у пакой. На канапе сядзіць мужчына, глядзіць тэлевізар, курыць. Жанчына ўвайшла следам за намі, павалілася ў крэсла.

– Хто тэлефанаваў, што ў вас тут за скандал?

– Не, мы не тэлефанавалі. Бачыце, у нас усё ціха.

У Маладзечне працуюць 20 участковых інспектараў міліцыі. На аднаго ўчастковага прыходзіцца больш за 5000 чалавек.

 Жанчыны, што выклікала міліцыю, дома не аказалася.

– Пятніца, – робіць выснову міліцыянер. – Мы можам схадзіць яшчэ па адным адрасе. Там можаце фатаграфаваць з успышкай, у кватэры даўно няма святла. Але, хутчэй за ўсё, там нікога не бу­дзе таксама.

–  У пятніцу спраў больш, чым у будныя дні?

– Заўсёды так бывае перад выхаднымі. Вы ж чулі, што амаль праз кожныя 10 хвілін прыхо­дзяць паведамленні пра здарэнні ў тым ці іншым раёне горада.

Пакуль даходзім да патрэбнага дома, Аляксандр Цярэшка паспявае расказаць, што на выбар яго прафесіі паўплывала газета “На страже”, якую выпадкова прынесла дадому маці Аляксандра, калі той вучыўся ў восьмым класе.

У суткі на тэлефон дзяжурнай службы паступае каля 90 паведамленняў.

Ад сваёй работы, прызнаецца Аляксандр Сяргеевіч, ён атрымоўвае задавальненне. Хаця даводзіцца разбірацца і ў сямейных скандалах, і ў скандалах паміж суседзямі. Працуюць і з раней судзімымі людзьмі, і з тымі, хто стаіць на ўліку.

– Але горш за ўсё працаваць з п’янымі і скандальнымі жанчынамі.

– Дома пра працу гаворыце?

– Не! – катэгарычна адрэзаў суразмоўца.

– А Дзень міліцыі як адзначаць будзеце?

– А вы з якой мэтай пытаецеся? – хітра прыжмурыўся Аляксандр Сяргеевіч. – Калі будзе выхадны, як звычайнае свята, з накрытым сталом дома і з падарункамі ад сям’і.

Як і прагназаваў Аляксандр Сяргеевіч, па прызначаным адрасе дома нікога не было.

На рацыю прыходзіць паведамленне пра тое, што ў Маладзечне ўгналі машыну. Аляксандр Цярэшка прапаноўвае падзяжурыць яшчэ. Адмаўляюся, але ўзамен прашу падзяліцца якой-небудзь кур’ёзнай гісторыяй.

– Аднойчы патэлефанавалі і сказалі, што ў пад’ездзе дома на падваконні стаіць нейкая ядавітая расліна. Прыехаў разбірацца, аказалася, гэта быў звычайны кактус.