Сёлета павялічылася колькасць крадзяжоў, якія здзяйснялі людзі, што прадстаўляліся работнікамі сацыяльных сфер.
Двойчы 23 студзеня і адзін раз 6 лютага па вуліцы Ясінскага, Маркава і Вялікім Гасцінцы невядомыя жанчыны прадставіліся супрацоўніцамі газавай службы і зайшлі ў кватэру. Час праверкі склаў каля 20 хвілін. Адна жанчына адцягвала ўвагу, пакуль другая шукала, дзе знаходзяцца грошы.
Прапаноўвалі посуд, пасля скралі ўпрыгажэнні
20 лютага жанчына, якая жыве па Скарыны, пусціла ў кватэру двух мужчын. Яны прапаноўвалі набыць посуд. Пасля таго, як яны пайшлі, з кватэры прапалі залатыя ўпрыгажэнні.
Каб не стаць ахвярай злачынцаў, трэба выконваць наступныя правілы:
– Не пускайце ў кватэру, дом незнаёмых людзей, кім бы яны не прадстаўляліся: супрацоўнікамі водаканала, работнікамі газавай службы. А асабліва асоб, якія гандлююць рознымі рэчамі. Як правіла, яны гавораць, што гэта апошнія рэчы і яны прадаюць іх са скідкай.
Не пускайце ў дом асоб, якія просяць папіць вады альбо схадзіць у прыбіральню. Яны хутка ўваходзяць у давер, прыкідваюцца хворымі, стомленымі. Калі гаспадары становяцца менш пільнымі, то выглядваюць месцы, дзе захоўваюцца грошы і каштоўнасці.
Паводле Валянціна АСІПОВІЧА, начальніка аддзела ўнутраных спраў Маладзечанскага райвыканкама.