Хакейны клуб “Дынама-Маладзечна” завяршыў свой першы сезон у чэмпіянаце краіны, праіграўшы тры гульні запар мінскаму “Юнацтву”.

З першых хвілін сустрэчы стала зразумела – гаспадары былі настроеныя рашуча. Вострыя атакі маладзечанцаў раз-пораз завяршаліся стрэламі па варотах “Юнацтва”.

Двойчы запар мінчане парушылі правілы і засталіся гуляць утрох супраць пяцёркі дынамаўцаў. Падначаленыя Дзмітрыя Краўчанка, скарыстаўшыся сітуацыяй,  закінулі чсваю першую шайбу –  Максім Маміканьянц удала сыграў на пятачку.
”Мядзведзі” змаглі вярнуцца ў гульню толькі ў канцоўцы перыяду.

Адсунуць гульню ад сваіх варотаў сталічным хакеістам дапамаглі выдалення дынамаўцаў – два з іх “Юнацтва” рэалізавала.

Шэсць разоў у другім перыядзе маладзечанцы заставаліся ў меншасці. Тройчы госці скарысталіся перавагай гульцоў і давялі лік да 1:5 на сваю карысць.

У гэтай сітуацыі “зубры” маглі дзейнічаць толькі на контратаках, ды і тое з аглядкай на свае вароты, на жаль, закінуць галкіперу гасцей не атрымалася.
Заключныя хвіліны паядынку прайшлі ў роўнай барацьбе. Дынамаўцы з усіх сіл стараліся адыграцца, мінчане ў абароне не адседжваліся і таксама пагражалі варотам Міхаіла Карнавухава.

Аднак у выніку – паражэнне з лікам 1:6. Паражэнне ў серыі – 1:3. Сезон скончаны.

Галоўны трэнер ХК “Дынама-Маладзечна” Дзмітры Краўчанка падсумаваў вынікі сезона наступным чынам:

– У мяне дваякае ўражанне аб канцоўцы матчу. З аднаго боку – пазітыў, з другога – негатыў. Неабавязковы гол у распранальню. Тут як і ў жыцці – паласа белая, паласа чорная. Спадзяемся, што ў наступным сезоне будзе больш белых палос. Засмучэння як такога няма. Яго і не можа быць. Мы на свае вочы паглядзелі наколькі можам канкураваць з камандамі, якія пастаянна гуляюць у прызёрах. Дзякуй хлопцам за тое, што аддаваліся!
Наш калектыў пакуль не можа доўга трымаць гульні з моцным супернікам. У нас такі налёт быў, ведаеце, азарт маладзецкі. Магчыма, недзе гэта і адыграла сваю ролю. У адносінах рабят у мяне няма ніякіх прэтэнзій. Вельмі добра было працаваць. Плюс пазітыўная атмасфера ў горадзе, заўзятары падтрымліваюць – прыемна! Вялікі ім дзякуй! Мы гулялі не толькі за “Дынама”, але і за Маладзечна. Хочацца аддавацца на гульні для людзей, якія прыходзяць пасля працы, падтрымліваюць  і аддаюць свае эмоцыі. Для гэтага ўсе будзем рабіць па-максімуме!