Жыхары мястэчка Ілья агульнымі намаганнямі на чале з галоўным доктарам участковай бальніцы Юрыем Панятоўскім вырашылі напісаць  кнігу пра бальніцу і тых, хто працаваў і працуе ў ёй.

А яшчэ марыць доктар стварыць у бальніцы музей. Гісторыя Ільянскай бальніцы, на думку жыхароў, заслугоўвае ўшанавання.

З гісторыі бальніцы

Спачатку крыху звестак з нядаўняй гісторыі медыцыны – з польскіх часоў . Іх, на жаль, няшмат: не стае архіўных матэрыялаў.

У кнізе “Памяць. Вілейскі раён” аб медыцынскім абслугоўванні на Вілейшчыне пра той перыяд напісана недастаткова. Толькі паведамляецца, што яно было нездавальняючае і на ўвесь павет працавала сем дактароў, пяць фельчараў, сем акушэрак, а лячэнне было платнае.

Яшчэ адзначаецца, што ў самым пачатку 20 стагоддзя ў Ільі знахо­дзіўся толькі прыёмны пакой і працавала сельская аптэка.

Медперсанал Ільянскай раённай бальніцы, 1965 год. Можа, хто з чытачоў убачыць тут сябе ці сваіх знаёмых, то напішыце ў рэдакцыю. Фота з архіва Соф’і Дзергач.

Медперсанал Ільянскай раённай бальніцы, 1965 год. Можа, хто з чытачоў убачыць тут сябе ці сваіх знаёмых, то напішыце ў рэдакцыю. Фота з архіва Соф’і Дзергач.

Прозвішчы  дактароў і фельчараў, якія лячылі на той час людзей у Ільі, невядомыя. Магчыма, што ў далейшым, калі адшукаюцца ў архіве такія звесткі, гэта і стане вядома.

Пакуль жа нам удалося, і зусім выпадкова, знайсці ў жыхара Ільі Віктара Пятровіча Буркевіча рэцэпт, выпісаны 21.04.1933 года, дзе па-польску напісана: “Apteka B. Ktoka т.Ілія”.

 У 1940 годзе, калі быў ўтвораны Ільянскі раён, планавалася ў Ільі пабудаваць бальніцу. Але вайна перакрэсліла гэтыя планы.

 Пасля вайны бальніца ў Ільі працавала ў двух часова прыстасаваных невялікіх памяшканнях у Старой Гуце. У адным памяшканні на два невялікія пакоі было лячэбнае аддзяленне, а ў другім працаваў раддом. Паліклініка знаходзілася ў Ільі па вуліцы Чырвонаармейскай у хаце, якая стаяла амаль у канцы вуліцы.

Віктар Буркевіч сцвярджае, што нейкі час пасля вайны бальнічка працавала яшчэ і ў былой польскай пагранічнай казарме, якая стаяла каля дарогі недалёка ад вёскі Старынкі (каля Брыцкіх), калі ехаць з Ільі на Лукавец.

Бальніца ў Старой Гуце праіснавала да канца 1950 года ўключна, пакуль не былі пабудаваныя памяшканні ў Ільі.

Пасля 10 студзеня 1951 года пераехала ў Ілью. Атрымоўваецца, што Ільянская бальніца існуе ўжо больш за 70 гадоў. І роўна 64 гады яна знаходзіцца ў Ільі на гэтым жа месцы, што і цяпер, каля рэчкі.

Вольга Кавалёва – адна з першых медсясцёр бальніцы

Нядаўна давялося сустрэцца і пагутарыць з Вольгай Кавалёвай, якая жыве ў Ільі. Яна 1922 года нараджэння і ад 1950 года да 1987-га працавала ў бальніцы медсястрой. Працавала яшчэ тады, калі бальніца знаходзілася ў Старой Гуце, дзе не было амаль ніякіх умоў. І ўсё тут адбывалася на яе вачах і пры яе ўдзеле. Вольга Аляксандраўна добра памятае той час і расказвае пра ўсё цікава, успамінаючы ўсіх сваіх сябровак-медсясцёр і сваіх паважаных дактароў.

І недарэмна яна іх усіх хваліць, бо ўсе працавалі на дзіва старанна і спраўляліся паспяхова з нагрузкай. І такое прыемна чуць ад старэйшай супрацоўніцы бальніцы.

Цікава было даведацца ад Вольгі Аляксандраўны, што галоўным доктарам бальніцы ў пачатку яе існавання быў хірург Афанасій Шаўцоў, якога прыслалі з Мінска. Потым часова абавязкі галоўнага доктара выконваў загадчык раённага аддзела аховы здароўя тэрапеўт Іосіф Карпук. Але нядоўга, бо ў 1952 годзе з Мінска на пасаду галоў­нага доктара райбальніцы прыслалі Рыгора Хесіна. Ён лячыў хваробы вачэй – быў добрым акулістам, быў добрым кіраўніком бальніцы на працягу дзесяці гадоў, пакуль не забралі ў Мінск.

Пасля Рыгора Хесіна працяглы час галоўным доктарам працаваў наш вядомы хірург Рыгор Карповіч.

Усе ільянскія дактары плённа працавалі, таму і засталіся ў памяці Вольгі Аляксандраўны. Яна іх адразу назвала. А гэта Марыя Лапотка, Аляксандр Лапіцкі, Іван Палубесак, Яўген Сівалобцаў, Валянціна Лашутка, Аляксандр Стукін, Соф’я Капяловіч, Зоя Рудая, Навум і Мара Шапіры, Людміла Катовіч, Міхаіл і Ала Каты, Іван Пінчук, Антон і Дыяна Філіповічы, Эдуард Ярашэвіч, Аляксандр і Ніна Русаковічы, Сяргей Мікуліч, Павел Недасекін.

Галоўны доктар Ільянскай участковай бальніцы Юры Лявонавіч Панятоўскі, лаўрэат конкурсу “Доктар года Беларусі”. Фота забяспечана Уладзімірам Кажамякам.

Галоўны доктар Ільянскай участковай бальніцы Юры Лявонавіч Панятоўскі, лаўрэат конкурсу “Доктар года Беларусі”. Фота забяспечана Уладзімірам Кажамякам.

А яшчэ ж і вялікая колькасць медсясцёр помніцца ўсім, хто лячыў­ся ў бальніцы. Медсёстры – надзейныя памочнікі, іх роля надзвычай важная пры лячэнні, бо яно ажыццяўляецца іх рукамі і розумам. Таму прызнаем за праўду, што ўсе працаўнікі бальніцы на ўсім працягу яе існавання заў­сёды ўносілі свой уклад у яе развіццё. І за гэта ім сардэчны дзякуй.

Сённяшнія дасягненні

Галоўны доктар Ільянскай участковай бальніцы Юры Панятоўскі ў 2013 годзе стаў лаўрэатам трэцяй ступені рэспубліканскага конкурсу “Доктар года” ў намінацыі “Доктар агульнай практыкі”.