У №10 ад 6 сакавіка “Рэгіянальная газета” пісала пра тое, што дырэктару “Маладзечнаводаканала” не працягнулі кантракт.

Як удакладніла начальнік кадрава-юрыдычнага бюро КУП “Маладзечнаводаканал” Наталля Субач, Станіслава Бакуна звольнілі паводле першага пункта артыкула №47 Працоўнага кодэкса Беларусі.

Ён прадугледжвае пакаранне за адзінаразовае грубае парушэнне працоўных абавязкаў кіраўнікамі арганізацый і яго намеснікамі, галоўным бухгалтарам і яго намеснікам.

Загад складзены дзяржаўным аб’яднаннем жыллёва-камунальнай гаспадаркай Мінскай вобласці.

Згодна з дэкрэтам №5 ад 15 снежня 2014 года “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”, Станіслава Бакуна звольнілі паводле шостага пункта. Паводле яго “працоўныя дамовы (кантракты) могуць быць скасаваныя наймальнікам да заканчэння тэрміну іх дзеяння на падставах, якія прызнаюцца як дыскрэдытуючыя для звальнення.

Дыскрэдытуючыя абставіны прапісаныя ў падпункце 6.2 “Адзінаразовае грубае парушэнне работнікам сваіх працоўных абавязкаў”. У выпадку Станіслава Бакуна гэта грубае парушэнне работнікамі працоўных абавязкаў, якое прызнаецца такім у адпаведнасці з дэкрэтам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Паводле 7 пункта дэкрэта да звальнення работніка па дыскрэдытуючых абставінах наймальнік абавязаны правесці праверку дапушчаных ім парушэнняў. Вынікі яе аформіць актам альбо службовай запіскай, а таксама запатрабаваць тлумачэнне работніка. Указаныя акты і тлумачэнні захоўваюцца ў арганізацыі не менш за пяць гадоў.

Дырэктару “Маладзечанскага водаканала” не працягнулі кантракт