Да даследчыка з Любані Аляксандра Зайцава за апошнія гады разы чатыры прыязджалі ўфолагі. Аматараў даследаванняў НЛА і анамальных з’яў цікавяць камяні з ямкамі.
Якраз гэтыя камяні ўжо 15 год вывучае Аляксандр. На Вілейшчыне знайшлі 23 камяні з ямкамі.
– Чым яны ўфолагаў зацікавілі?
– Яны падтрымліваюць версію, што на камянях выбіты сузор’і, – адказвае Аляксандр. – Разам з імі ездзіў па мясцінах, дзе знаходзяцца камяні. Уфолагі рабілі здымкі мясцовасці каля іх, фатаграфавалі ямкі, замалёўвалі выявы. Усё шукалі аналогіі з сузор’ямі.
Даследчык не пагаджаецца з версіяй уфолагаў:
– Версій паходжання ямак на камянях шмат. Мая галоўная версія звязаная з прымітыўным земляробствам. Перад пачаткам сяўбы трэба было ямку ў камяні выбіць. Лічылася, што тым самым апладняеш зямную сілу, якая сядзіць у камяні. І выбіванне ямкі спрыяе добраму ўраджаю. Гэта не толькі мая версія – там лічаць даследчыкі такіх камянёў у Прыбалтыцы.
Расказваў пра камяні на канферэнцыі
У канцы студзеня супольнасць “Уфакам” запрасіла Аляксандра Зайцава на канферэнцыю “Таямнічая Беларусь”. Яна прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы. У канферэнцыі прымалі ўдзел не толькі ўфолагі, а і краязнаўцы, археолагі.
Аляксандр прадставіў даследаванне камянёў з ямкамі. Апошнія гады вывучаў іх на тэрыторыі не толькі Беларусі, але і Літвы, Латвіі, Эстоніі. Даследаваў прыкладна дзве сотні камянёў.
Даведка “РГ”. Існуе шмат версій наконт паходжання ямак. Ёсць версіі, што камяні з ямкамі – гэта праява культу продкаў, сонца ці ўрадлівасці. Таксама вылучаюцца версіі, што гэта выемкі для розных ахвяраванняў. Розныя паданні звязаныя з камянямі.