Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенці Адамовіч прызнаўся, што чытае “Рэгіянальную газету” з 2005 года:

– Ужо 11 год я з’яўляюся чытачом вашай газеты. І магу сказаць адно: на любое хвалюючае пытанне можна знайсці адказ ў “Рэгіяналцы”!

Я як аматар агародаў заўсёды кіруюся вашым календаром садавода-агародніка. Ці, напрыклад, адключылі ў Валожыне аналагавае тэлебачанне. Што рабіць? Вядома, купляць “Рэгіянальную газету”. Там ўжо будзе адказ на гэта пытанне. Вашы рэклама, гараскоп, экспрэс-апытанні  – самыя надзённыя, самыя актуальныя, як гарачыя піражкі “з пылу з жару”.

Для мяне вельмі важна і тое, што ваша газета піша пра Валожыншчыну. У газеце можна пачытаць матэрыялы як пра валожынцаў, так і матэрыялы саміх валожынцаў, якія друкуюцца ў вас.

Яшчэ адна старонка нашага сяброўства з газетай – гэта сумесны фестываль “Адна зямля”.

“Рэгіянальная газета” аб’ядноўвае нашу зямлю і ўсіх землякоў. І за гэта ёй асаблівы дзякуй.

Гаворачы пра газету, не магу абмінуць тое, што выданне беларускамоўнае. У час, калі нават школ беларускамоўных засталося не так шмат, беларускамоўная газета жыве. Вы, паўтараючы запавет Багушэвіча, не пакідаеце і ўсім чытачам дапамагаеце не пакінуць мовы беларускай. І за гэта вам нізкі паклон!

А напярэдадні вашага юбілею хочацца сказаць, што слова друкаванае жыве і будзе жыць. Газеце жадаю вялікага плёну, доўгага жыцця і новых адкрыццяў.

А супрацоўнікам, і асабліва супрацоўніцам, ды і ўсім чытачкам, напярэдадні свята 8 Сакавіка жадаю: забывайце калі-нікалі, што вы кіраўніцы, станочніцы, журналісткі, а будзьце часцей проста жанчынамі, прыгожымі, пяшчотнымі, цудоўнымі і прывабнымі. Памятайце, што вы заўсёды можаце абаперціся на наша мужчынскае плячо. Мы вас любім і шануем.

Са святам, жанчыны!

Са святам, “Рэгіянальная газета”!