Добрае слова, у час заўважаныя прычоска ці абноўка прыносяць ім радасць. Для іх важна атрымліваць тое, што дае сям’я. Чаму сіроты школы-інтэрната №2 для дзяцей са слабым зрокам засталіся без бацькоў? Хто яны і што іх хвалюе? Ці шукаюць сваіх сваякоў і ці знаходзяць месца ў жыцці? 

– Само слова “сірата” гаворыць аб тым, што праблемы існуюць. Дзеці патрабуюць цяпла. Звычайнага сямейнага цяпла, – распавядае пра сваю працу сацыяльны педагог з 25-гадовым стажам Вольга Сурма. – Таму наша функцыя ўдвайне ўскладняецца. Мы прыходзім не толькі на працу, а як да сябе дадому. Мы павінны іх абагрэць цяплом, ласкай. Пачуць, што каму трэба раніцай, што каму трэба ў абед, што каму трэба вечарам, калі яны кладуцца спаць.

Чаму дзеці сталі сіротамі

Адны з-за смерці бацькоў. Яны ўжо неяк звыкліся са сваім статусам, зазначае Вольга Сурма. Ім менш балюча ўспрымаць тое, што яны сіроты. Нават калі хтосьці неасцярожна скажа пра гэта, могуць і ўвагі не звярнуць.

Дзвюх дзяўчынак пакінулі ў дзіцячым доме адразу пасля нараджэння. Такіх дзяцей тут называюць адказнічкамі.

У асноўным жа дзеці застаюцца адны з прычыны алкагалізму бацькоў. Яны найбольш балюча перажываюць сваё становішча.

Дзеці просяць у педагогаў парады, як у бацькоў

– Гады чатыры таму, калі прыйшла сюды, меркавала будаваць сваю кар’еру ў іншым кірунку, – распавядае спадарыня Вольга. – Дапамагаць дзецям улівацца ў соцыум. Працаваць са з’явамі, характэрнымі для ўсяго нашага грамадства. Але я ўбачыла, што гэтыя дзеці патрабуюць ад нас адказаў на элементарныя пытанні, якія звычайна задаюць бацькам: “Ці добра я падабрала блузку?”, “Як вам мая прычоска?” Часам прыходзіш дамоў пасля працы і з мужам няма сілы паразмаўляць. Першыя гады я не думала, што змагу тут працаваць доўга. З досведам я навучылася пакідаць працу на парозе дома.

У абавязкі сацыяльнага педагога ўваходзіць у канцы тыдня распісвацца ў дзённіках замест бацькоў. Дзеці прыходзяць, звяртаюцца. Хтосьці хваліцца добрымі адзнакамі, хтосьці перажывае і просіць парады: што рабіць, як быць.

– Ты ў гэтым асяроддзі жывеш, – кажа спадарыня Вольга. – Вось тут тваё жыццё. Твая сям’я, твая праца, тваё ўсё.

“Вось так мы ўмеем”, – кажуць дзяўчынкі са школы-інтэрната №2. Мосцік зрабіла Аліна, пад мосцікам – Насця.

“Вось так мы ўмеем”, – кажуць дзяўчынкі са школы-інтэрната №2. Мосцік зрабіла Аліна, пад мосцікам – Насця.

Сіротам разам з сямейнымі дзецьмі камфортна

У школе-інтэрнаце №2 вучацца не толькі сіроты. Сюды ідуць звычайныя дзеці, якія маюць праблемы са зрокам.

І ўсе яны займаюцца разам. У адны класы ходзяць, у адных пакоях жывуць.

У школе вучыцца 107 дзяцей. Сярод іх 73 інваліды па зроку і 30 сірот.

– Сіротам побач з сямейнымі дзецьмі вельмі камфортна. Я нават сказала б, што сіроты ў нас больш адаптаваныя. Яны не хаваюцца ў сабе, адкрытыя і раскаваныя, – кажа сацыяльны педагог. – Таму калі яны ад нас выходзяць, то без асаблівых складанасцяў уладкоўваюцца ў жыцці. Нават адзін хлопчык, як толькі выйшаў з інтэрната, адразу стварыў сваю сям’ю. У яго ўжо і дзіця нарадзілася. Цудоўная сям’я!

Адсутнасць сямейнага ачага часцей адбіваецца, калі сіроты паступаюць вучыцца ў каледж ці ВНУ. Тады ім хочацца прыехаць у інтэрнат, але ж з гэтага гнязда яны ўжо выйшлі.

Адзін хлопчык, што два гады таму скончыў школу-інтэрнат, перыядычна прыязджае, бывае ў гасцях у свайго былога аднакласніка.

Чаму ў мяне няма сям’і?

Дзеці прыходзяць да педагогаў з самымі балючымі, незразумелымі ім пытаннямі.

– Могуць запытацца: “А чаму ў мяне няма сям’і?” І сацыяльны педагог, псіхолаг ці класны настаўнік павінны тут жа зарыентавацца. Каб дзяцей, з аднаго боку, і не пакрыўдзіць, а з другога, пакінуць надзею.

І як зазначае сацыяльны педагог, не ўсе, але некаторыя пасля заканчэння інтэрната спрабуюць адшукаць сваіх бацькоў.

Насця.

Насця.

Лёс Насці з інтэрната

Дырэктарка школы: “Я ганаруся нашымі дзецьмі”

Для дырэктаркі школы-інтэрната Наталлі Глінскай школа як сям’я. І дзеці тут як свае. Гэтак жа прыносяць шчасце, але часам могуць і ўтварыць што-небудзь.

– Ніколі не расплануеш працоўны дзень, – кажа Наталля Глінская. – Заўсёды ёсць нейкія сюрпрызы. То штосьці разбілі, то камусьці ў нос далі, то цукеркі з’елі, то штосьці сцягнулі, то паста знікла. Карацей, не сумна. Усе пытанні мы імкнёмся вырашаць ра­зам. Дзеці ведаюць, што да мяне можна звярнуцца ў любы час. Бываюць і не вельмі прыемныя сітуацыі, але я ведаю пра ўсё, што адбываецца ў школе.

Унутры школьных калектываў ёсць свае нефармальныя лідары. У такіх сітуацыях менавіта яны дапамагаюць вырашаць праблемы, прычым без умяшальніцтва дарослых.

– Я адразу запрашаю такога лідара да сябе і кажу: “Ёсць дзве гадзіны, каб вы самі знайшлі таго, хто штосьці сцягнуў”. І вельмі хутка ўсе пытанні знікаюць, таму што ў адваротным выпадку я магу, да прыкладу, забараніць дыскатэкі ці выхад у горад на месяц. У іх унутры калектываў кіпіць сваё жыццё. Бывае, што і паўшчуваю, гэта таксама важна. Аднак дзеці ніколі не крыўдуюць і не злуюцца, – заўважае спадарыня Наталля.

Яна працуе ў школе ўжо дзясяты год. І ўспрымае гэта як добры вынік сваёй працы.

– Часам мне мой бацька гаворыць: “У цябе працы больш, чым у старшыні калгаса. Ты сыходзіш у сем раніцы і прыходзіш а палове дзявятай вечара”. А я адказваю: “І дзякуй богу, што ў мяне такая работа. Я яе вельмі люблю. І ганаруся і нашай школай, і нашым калектывам, і нашымі дзецьмі”, – падсумоўвае дырэктарка школы.