Псіхолаг Маладзечанскіх электрасетак Таццяна Жданава адзначае, што стаць шчаслівым можа кожны, толькі для гэтага трэба пастарацца і абзавесціся карыснымі звычкамі.

1. Акружайце сябе шчаслівымі людзьмі.

– Будзьце часцей побач са шчаслівымі, аптымістычнымі людзьмі, – адзначае псіхолаг. – Шчаслівыя людзі зара­джаюць станоўчай энергетыкай, таму, верагодней за ўсё, вы будзеце ў будучым больш шчаслівыя.

2. Часцей усміхайцеся і смейцеся.

Узгадвайце прыемныя моманты з вашага жыцця, якія выклікаюць у вас усмешку.

– Смех – лепшыя лекі, – сцвярджае Таццяна Жданава. – Калі чалавек смяецца, то ў мозгу выпрацоўваецца больш гармонаў, якія дазваляюць адчуваць сябе шчаслівым. Таксама смех зніжае адчувальнасць да болю і стрэсу. Дарэчы, лепш смяяцца рэгулярна. Лічыцца, што мозг рэагуе на рэгулярны смех гэтак жа, як цела на рэгулярныя трэніроўкі.

Пры гэтым важна не прыкідвацца шчаслівым. Калі вы будзеце ўсміхацца і пры гэтым думаць пра дрэннае, то стане яшчэ горш.

3. Будзьце ўважлівыя да маленькіх перамог.

– Калі мы трацім час на тое, каб заўважыць прыемныя дробязі, мы атрымліваем большую эмацыйную аддачу, – гаворыць псіхолаг. – Гэта дапамагае людзям адчуваць сябе шчаслівымі на працягу дня.  

4. Цаніце простыя задавальненні.

Не адмаўляйце сабе ў задавальненні паласавацца марожаным, пагладзіць сабаку, пася­дзець на лавачцы. Будзьце ўдзячныя таму, што маеце.

Цаніце простыя задавальненні

Цаніце простыя задавальненні

5. Самі дарыце шчасце.

– Хоць у сутках толькі 24 гадзіны, пазітыўныя людзі трацяць час і на тое, каб самім рабіць дабро, – раіць псіхолаг. – Памятайце, што дабро заўсёды вернецца да вас па правілу бумеранга. Бескарысныя ўчынкі выдатна адлюстроўваюцца як на душэўным, так і на фізічным здароўі. І ў дэпрэсію такія людзі трапляюць радзей.

6. Часам губляйце адчуванне часу.

Калі чалавек пагружаны ў працу, якая яго задавальняе, натхняе, то час для чалавека не ідзе, а імчыцца. З’яўляюцца новыя сілы ісці наперад, рабіць справу больш апантана.

Часам губляйце адчуванне часу

Часам губляйце адчуванне часу

7. Варта навучыцца не толькі слухаць, але і чуць.

– Калі вы ўмееце слухаць, то вы адкрытыя для новых ведаў, – адзначае псіхолаг. – Гэтым паказваеце людзям упэўненасць у сабе і павагу да іх. Так вашы суразмоў­цы не змогуць застацца раўнадушнымі, будуць адчуваць да вас станоўчыя пачуцці. Ад гэтага вы станеце больш шчаслівымі.

8. Ва ўсім шукайце станоўчыя бакі.

Яшчэ заснавальнік пазітыўнай псіхалогіі Марцін Селігман паказаў адрозненне аптымістаў ад песімістаў. Песімісты вераць у тое, што дрэннае будзе працягвацца доўга, разбурыць усё, чаго яны дасягнулі. Аптымісты разглядаюць дрэннае ў сваім жыцці з іншага боку. Яны вераць, што гэта часова, і праблемы – гэта не іх віна. Непрыемнасці яны разумеюць, як выклік, і стараюцца яшчэ больш, каб выправіць сітуацыю.

9. Слухайце больш вясёлай музыкі.

– Па сіле ўздзеяння музыка можа пасапернічаць з сілай масажу, – гаворыць псіхолаг. – Вясёлая альбо сумная, яна ўплывае на наша ўспрыманне свету. Падчас аднаго даследавання лю­дзей папрасілі вызначыць па фотаздымках шчаслівыя альбо сумныя тыя, хто паказаны на іх. І ў большасці выпадкаў адказ вызначаўся ў залежнасці ад музыкі, якую ў гэты час слухалі людзі.

Таму варта слухаць больш радаснай музыкі, каб у жыцці бачыць больш радаснага.

Часцей слухайце музыку. Фота kakprosto.ru.

Часцей слухайце музыку. Фота kakprosto.ru.

10. Займайцеся спортам.

Падчас фізічных нагрузак у арганізме чалавека выпрацоўваецца эндарфін, які робіць чалавека шчаслівым. Таксама трэніроўкі палягчаюць сімптомы дэпрэсіі, трывожнасці, падаўленасці, дзякуючы хімічным рэакцыям у мозгу.

Таксама трэніроўкі даюць людзям магчымасць любіць сваё цела. А гэта вельмі важна для добрага настрою. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што калі чалавек нават не худзее альбо не дасягае пэўных вяршынь, то ён усё роўна любіць сваё цела.

Займайцеся спортам

Займайцеся спортам

11. Гуляйце на свежым паветры.

– Прырода – гэта паліва для душы, – дзеліцца досведам Таццяна Жданава. – Таму нават 20-хвілінная прагулка на свежым паветры добра ўплывае на стан чалавека. Калі мы адчуваем сябе вялымі, то п’ём каву, а трэба проста прайсціся па вуліцы.

12. Паляжыце некалькі лішніх хвілін у ложку.

Прабуджэнне і правільны перыяд сну – адзін са спосабаў добрага настрою. Таму не рэкамендуецца ўскокваць з ложка адразу, як празвінеў будзільнік. Паляжыце хвіліначку, гэта прыемная дробязь падніме настрой на цэлы дзень.

Людзі, якія прыкладаюць намаганні, каб быць шчаслівымі, лягчэй спраўляюцца з жыццёвымі цяжкасцямі.